Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзеля крэдыту абмяжуюць заробкі, павысяць тарыфы на праезд і паслугі ЖКГ

  • БелаПАН


У Беларусі ў 2011 годзе будзе працягвацца правядзеньне жорсткай бюджэтнай палітыкі. Пра гэта гаворыцца ў праекце рэформ, якія ўрад і Нацбанк паабяцалі рэалізаваць для атрыманьня крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС 3 млрд. даляраў на працягу двух з паловай гадоў.

У дакумэнце ўрад паведамляе аб прынятым рашэньні абмежаваць дэфіцыт бюджэту сэктара дзяржкіраваньня да 1,5% да ВУП сёлета з далейшым скарачэньнем да 1% да ВУП у 2013 годзе.

У галіне падатковай палітыкі ўрад рэалізоўвае меры бюджэтнай кансалідацыі даходаў. У прыватнасьці, ён забясьпечыць дадатковае забіраньне даходаў сыравінных галін, павялічыўшы ў першым паўгоддзі 2011 года стаўкі экспартных пошлін на калійныя ўгнаеньні (у 1,5 разу); у другім паўгоддзі 2011 года — стаўкі падатку на здабычу калійнай солі (у 12 разоў) і сырой нафты (у 30 разоў).

У сфэры бюджэтнай палітыкі ўрад рэалізуе меры эканоміі расходаў. Заплянавана, у прыватнасьці, што ў 2012—2013 гадах удзельная вага зарплаты работнікаў бюджэтнай сфэры ў агульным аб'ёме расходаў кансалідаванага бюджэту застанецца на ўзроўні 2011 года.

Прадугледжана таксама павышэньне тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі і паслугі пасажырскага транспарту.

У прыватнасьці, тарыфы на ЖКП для насельніцтва будуць пасьлядоўна павялічвацца да ўзроўню, які забясьпечвае пакрыцьцё за кошт сродкаў насельніцтва не менш як 30% расходаў на іх аказаньне ў 2011 годзе, 35% — у 2012 годзе, 40% — у 2013 годзе. Пры гэтым пакрыцьцё насельніцтвам расходаў па асобных відах жыльлёва-камунальных паслуг, а таксама іх звышнарматыўнага спажываньня будзе даведзена да ўзроўню іх сабекошту.

Тарыфы на паслугі пасажырскага транспарту (гарадзкія і прыгарадныя пасажырскія перавозкі аўтамабільным, гарадзкім электрычным, унутраным водным транспартам і мэтрапалітэнам) будуць пасьлядоўна павялічвацца да ўзроўню, які забясьпечвае пакрыцьцё да канца 2011 года 70% расходаў на іх аказаньне.

Першы транш крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС 800 млн. даляраў ЗША паступіў у Беларусь 21 чэрвеня. Агульны аб'ём крэдыту складзе 3 млрд. даляраў, паступленьне сродкаў будзе ажыцьцяўляцца траншамі на працягу трох гадоў (2011—2013). Сума крэдыту сёлета складзе 1,24 млрд. даляраў. Астатнія сродкі будуць выдзяляцца роўнымі траншамі двойчы на год на працягу 2012—2013 гадоў.

Другі і наступныя траншы, кожны ў 440 млн. долараў, будуць пералічвацца Беларусі з выкананьнем ёй узгодненых мер праграмы стабілізацыі плацёжнага балянсу і павышэннья канкурэнтаздольнасьці эканомікі, распрацаванай урадам краіны.

Сродкі крэдыту павінны быць выкарыстаныя на папаўненьне міжнародных рэзэрвовых актываў і фінансаваньне дэфіцыту плацёжнага балянсу Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG