Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Клінтан: Падумайце пра Насту Палажанку, якая працягвае барацьбу за свабоду


Гілары Клінан выступае ў Будапэшце
Гілары Клінан выступае ў Будапэшце
Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан узьняла пытаньне аб дэмакратыі ў Беларусі падчас візыту ў Вільню. Яна бярэ ўдзел у імпрэзах і сустрэчах Супольнасьці дэмакратый, якія праходзяць у Вільні, а 1 ліпеня адкрые шостую міністэрскую канфэрэнцыю Супольнасьці, а таксама сустрэнецца з прэзыдэнтам, прэм'ер-міністрам і віцэ-сьпікерам Літвы.

30 чэрвеня ўвечары адбылася сустрэча Гілары Клінтан з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Перад гэтым Дзяржсакратар ЗША выступіла ў часе закрыцьця канфэрэнцыі лідэраў-жанчынаў, якая адбылася ў прэзыдэнтуры ў Вільні. На ёй разглядаліся пытаньні, што могуць зрабіць лідэры-жанчыны для таго, каб дапамагчы дэмакратычнаму разьвіцьцю ў сьвеце.

Прэзыдэнтка Косава Атыфэте Ях'яха і Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан


Падумайце, да прыкладу, пра Насту Палажанку, якая далучылася да пратэстнага руху ва ўзросьце 14 гадоў і працягвае барацьбу за свабоду і правы чалавека ў Беларусі
Парушэньні правоў чалавека і перасьлед апазыцыі ў Беларусі — адна з галоўных тэмаў у часе сустрэчаў Супольнасьцяў дэмакратыі, якія праходзяць у некалькіх фарматах з удзелам высокіх прадстаўнікоў больш як 40 краінаў. У тым часе, як у Вільні абмяркоўваецца разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў, спосабы дапамогі для дэмакратызацыі краінаў сьвету, зусім побач у Менску брутальна разганяецца чарговая мірная дэманстрацыя, маўклівыя акцыі пратэсту, зьбіваюць журналістаў, адзначаюць удзельнікі сустрэчаў. ЗША глыбока занепакоеныя падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі і маюць намер узмацніць ціск на беларускае кіраўніцтва. У гэтым пытаньні ЗША разьлічваюць і на дыялёг з Расеяй, заявіў напярэдадні памочнік Дзяржсакратара ЗША Майкл Познэр.

Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце і Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан



У часе свайго выступу на закрыцьці канфэрэнцыі лідэраў-жанчын Клінтан некалькі разоў згадавала Беларусь і яе змаганьне за дэмакратыю і свабоду.

"Мы маем столькі урокаў, якія можна выкарыстаць і вывесьці з таго, што адбываецца тут, у гэтым рэгіёне у Эўропе. Падумайце, да прыкладу, пра Насту Палажанку, якая далучылася да пратэстнага руху ва ўзросьце 14 гадоў і працягвае барацьбу за свабоду і правы чалавека ў Беларусі. Есьць шмат іншых падобных прыкладаў ва Эўропе. Мы бачым, як жанчыны выходзяць на першую лінію барацьбы за свабоду і правы чалавека, мы ведаем, што пераход да дэмакратыі цяжкі і мы павінны сачыць за тым, каб дэмакратычныя зьмены ўлічвалі і жанчын", — сказала Хілары Клінтан.

Чакаецца, што ў Вільні будуць весьціся размовы пра ўвядзеньне больш жорсткіх крокаў, каб уплываць на афіцыйны Менск, каб спыніліся парушэньні правоў чалавека.

Вы, тыя, хто на першай лініі фронту, лепш за іншых ведаеце, чым мы вам можам дапамагчы

1 ліпеня Клінтан, разам з кіраўнікамі Літвы і высокай прадстаўніцай Эўразьвязу па пытаньнях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан, адкрые шостую міністэрскую канфэрэнцыю Супольнасьцяў Дэмакратыі. У часе яе пройдзе адкрытая дыскусія міністраў замежных спраў з мэтай дапамагчы краінам, у якіх праблемы з дэмакратыяй і краінам у стане пераходнага пэрыяду. У рамках гэтай канфэрэнцыі таксама будзе ўрачыстая цырымонія ўганараваньня прэміяй Герэмека некалькіх беларускім актывістаў і палітыкаў.

Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан ужо раней называла грамадзянскія супольнасьці абавязковай умовай дэмакратыі. У Літве на сустрэчы Супольнасьцяў дэмакратыі яна сказала, што спадзяецца пачуць, чым ім можна дапамагчы.

"Я ведаю, што некаторым з вас асабіста пагражае небясьпека. (…) Вы, тыя, хто на першай лініі фронту, лепш за іншых ведаеце, чым мы вам можам дапамагчы", — сказала Хілары Клінтан у чацьвер увечары ў прамове да закрыцьця канфэрэнцыі жанчын-лідэраў.

Клінтан узгадала у сваёй прамове аб грамадзянскіх супольнасьцях, якія ініцыявалі зьмены ў арабскіх краінах, і назвала краіны, у іх ліку і Беларусь, дзе апошнім часам чыніліся жорсткія рэпрэсіі ня толькі супраць палітычнай апазыцыі, але і супраць грамадзянскай супольнасьці, супраць грамадзкіх актывістаў і шараговых грамадзянаў.

Сытуацыя ў Беларусі займае важнае месца ў візытах дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан у краіны Цэнтральнай Эўропы.

Выступаючы раней сёньня ў вугорскім парлямэнце, Гілары Клінтан сказала, што сталыя дэмакратыі павінны "падзяліцца сваім вопытам з новымі дэмакратыямі Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, выказаць салідарнасьць з тымі, хто выходзіць вуліцы з пратэстам у Беларусі, у Лібіі і ў іншых краінах сьвету".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG