Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка ня бачыць у Беларусі крызісу


Ўладзімер Сямашка, архіўнае фота.
Ўладзімер Сямашка, архіўнае фота.
Першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка, выступаючы сёньня ў Нацыянальным сходзе, зрабіў шэраг гучных заяў. Так, ён сказаў, што вытокі крызіснай сытуацыі ў Беларусі ляжаць «у не зусім правільнай манэтарнай палітыцы». Высокі чыноўнік паабяцаў да канца 2011 году давесьці сярэдні заробак у прамысловасьці да 400 даляраў. Ён таксама сказаў, што сёлета ўрад не плянуе падвышаць кошты на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Выступаючы і адказваючы на пытаньні дэпутатаў, а гэта заняло больш за паўтары гадзіны, Уладзімер Сямашка пры ацэнцы сытуацыі ў Беларусі аніводнага разу ня ўжыў слова «крызіс». Сытуацыю ён назваў «неадназначнай», але супакойваў прысутных «рэальнай дынамікай росту». Павялічваюцца валавы ўнутраны прадукт, прадукцыйнасьць працы, экспарт...

Аднак ня ўсе лічбы, нават тыя, якія называў Уладзімер Сямашка, сьведчаць пра гэта. Так, дэфіцыт зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі сёлета ўжо дасягнуў 2,7 мільярда даляраў. Гэта — 15% ад усяго валавога ўнутранага прадукту краіны. А прагнозны паказьнік — ня болей за 9%.

Першы віцэ-прэм’ер лічыць, што прамысловасьць працуе добра. І каб ня хібы ў манэтарнай палітыцы, то сытуацыя была значна лепшая. Эканаміст Леў Марголін кажа, што і на прадпрыемствах справы не такія добрыя, бо шмат якія зь іх працуюць ня вельмі эфэктыўна:
Яна стала б добрай, калі б мы імпартавалі на 20 цэнтаў, а прадавалі за мяжу на даляр.

«Якраз гэта — адна з прычын таго, што ў краіне існуе крызіс. Калі мы на кожны зароблены даляр вымушаныя траціць 75–80 цэнтаў імпарту, то гэта ня ёсьць добрая эканоміка. Яна стала б добрай, калі б мы імпартавалі на 20 цэнтаў, а прадавалі за мяжу на даляр. Вось гэта была б глыбокая перапрацоўка, і гэта была б эфэктыўная прамысловасьць».

Уладзімер Сямашка прызнаў, што заробкі ў прамысловасьці абваліліся з 500 да 300 даляраў:

«Але мы плянуем да канца сёлетняга году давесьці іх хаця б да 400 даляраў. У наступным годзе будзем вырашаць задачу, як выйсьці на 500 даляраў і рухацца далей».

Леў Марголін зьвяртае ўвагу на тое, што гаворку першы віцэ-прэм’ер вядзе пра сярэдні заробак. І толькі ў прамысловасьці, дзе паказьнікі аплаты працы традыцыйна вышэйшыя:

«Ён вышэйшы за сярэдні заробак у краіне. Але калі казаць пра сярэдні заробак у прамысловасьці, то гэта нагадвае сярэднюю тэмпэратуру па лякарні. Вядома, тыя прадпрыемствы, якія працуюць эфэктыўна, падвысяць заробкі сваім працоўным. Але гэта дзесьці два-тры дзясяткі заводаў і фабрык. І бальшыня зь іх — у Менску і абласных цэнтрах».

Уладзімер Сямашка сёньня казаў і пра продаж «Белтрансгазу», і пра кошт «Беларуськалія», і пра магчымае стварэньне беларуска-расейскага аўтамабільнага холдынгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG