Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямніцы запрашэньня паслоў на афіцыйныя сьвяты


На сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці 3 ліпеня Беларусь накіравала запрашэньні "усім прадстаўнікам дыпкорпуса, якія сапраўды хочуць удзельнічаць у сьвяце", - заявіў сёньня прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Адказваючы на пытаньне, ці маюць значэньне тэрміны накіраваньня запрашэньняў, прэсавы сакратар МЗС адказаў адмоўна.

Напярэдадні на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паслы Вугоршчыны, Польшчы і Эўракамісіі заявілі, што запрашэньні для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды Дня Незалежнасьці яны атрымалі менш чым за тыдзень да ўрачыстасьцяў, што робіць іх удзел фактычна немагчымым.

Гаворачы аб прычынах, па якіх паслам краін ЭЗ не былі накіраваныя запрашэньні на сьвяткаваньне Дня Перамогі 9 траўня сп-р Савіных заявіў: "На цырымонію не былі запрошаныя паслы, якія раней адмовіліся ад удзелу ў афіцыйных мерапрыемствах вышэйшага ўзроўню". "Усе зацікаўленыя бакі добра ведаюць аб сутнасьці гэтай сытуацыі", – дадаў ён.

Учора, камэнтуючы незапрашэньне паслоў краін ЭЗ на афіцыйныя мерапрыемствы ў Дзень Перамогі, Фэрэнц Контра, пасол Вугоршчыны, якая зараз старшынюе ў ЭЗ, сказаў:

"Нам не спадабалася тое, што наш няўдзел дзяржаўнае тэлебачаньне ацаніла як падтрымку нацысцкай ідэалёгіі. Гэта выходзіць за межы прыстойнасьці, за межы нармальнай журналістыкі. Мы заявілі пратэст з гэтай нагоды Міністэрству замежных спраў Беларусі. Можна не запрашаць — гэта права дзяржавы. Але абвінавачваць у падтрымцы нацысцкай ідэалёгіі — гэта ўжо заходзіць занадта далёка".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG