Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё аўтааматараў цяпер у двух вымярэньнях: да і пасьля 1 ліпеня


Беларуска-польская мяжа, памежны пераход "Брузгі"
Беларуска-польская мяжа, памежны пераход "Брузгі"
Сёньня апошні дзень, калі беларусы могуць аформіць паводле яшчэ дзейнага мыта набыты за мяжой аўтамабіль. Ад 1 ліпеня так званае размытненьне будзе абсалютнай бальшыні насельніцтва не па кішэні: дзякуючы ўніфікаваным з Расеяй пошлінам, падатак на аўто шматразова перавысіць уласна кошт ужываных іншамарак. Ці выйграе дзяржава, адважыўшыся на такі непапулярны крок?

Тысячы кіроўцаў яшчэ спадзяюцца перайсьці беларускую мяжу да паўночы. Але гарантыі, што гэта ўдасца зрабіць усім, няма. Прадстаўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэту пацьвярджаюць, што ад 00.00 гадзінаў 1 ліпеня пералік падатку будзе адбывацца паводле новых тарыфаў. Пры гэтым у ведамстве папярэджваюць: хто не пасьпее за сёньня падаць дэклярацыю на ўвезены аўтамабіль, заплаціць у разы больш. Гаворыць намесьнік начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Віктар Гурэеў:

"У абавязковым парадку 30 чэрвеня дэклярацыя на ўвезены транспартны сродак павінна быць зарэгістраваная на мытні. Гэта гарантыя аплаты плацяжоў па яшчэ дзейных цяпер стаўках. У іншым выпадку давядзецца плаціць па новых коштах".

Аўтааматар Андрэй пасьпеў перайсьці "Варшаўскі мост" да пазначанага часу і цяпер спачувае тым, хто траціць нэрвы, чакаючы сваёй чаргі. Зыходзячы з досьведу апошніх дзён, мала каму ўдаецца пераадолець мяжу меней чым за суткі, таму ў тых, хто стаў у "хвост" нават сёньня раніцай, шанцы на старое размытненьне мінімальныя. Хоць, як кажа суразмоўца, беларускія мытнікі робяць усё, каб аформіць як мага больш транспарту:

"Добра тое, што крыху памяняўся сам прынцып афармленьня: калі раней трэба было стаяць у чэргах да кожнага акенца, то зараз усё рабілі самі мытнікі. Пад'яжджаеш, запаўняеш дэклярацыю, а ўсё астатняе яны робяць самі. То бок за 20—30 хвілін маглі аформіць машыну. Зь беларускага боку нарэшце пэўныя крокі па арганізацыі гэтага патоку былі зробленыя. Іншая справа, што чэргі ўсё роўна вялізныя. Давялі народ да таго, што людзі стараюцца хутчэй нешта купіць, нават калі ім гэта і ня вельмі патрэбна".

Карэспандэнт: "Людзі ў чарзе як рэагуюць, некага ўвогуле абвінавачваюць?".

"Па-рознаму. Шмат хто наўпрост вінаваціць улады, якія фактычна зьнішчылі мары пра добры аўтамабіль у будучыні. Зьнявага, вядома, бо ўлады самі загналі народ у такія ўмовы, а потым яшчэ маюць нахабства ў нечым людзей абвінавачваць".

Пытаньне ўніфікацыі мыта з Расеяй — ці ня самае спрэчнае для беларускага грамадзтва. Калі за апошнія гады аўтамабіль для беларусаў нарэшце перастаў быць раскошай, то цяпер усё вяртаецца на старыя пазыцыі.

Так, калі з моманту выпуску машыны мінула ня болей за 3 гады і яе кошт не перавышае 8,5 тысячы эўра, мыта складзе 54% мытнага кошту, але ня менш як 2,5 эўра за кубічны сантымэтар аб'ёму рухавіка. Няцяжка падлічыць: за 2-літровы аўтамабіль названых парамэтраў давядзецца заплаціць адных толькі падаткаў больш як 5 тысяч эўра. І гэта мінімальныя сплаты. Аўтамабіль коштам звыш 8,5 тысяч эўра абкладаецца мытам ня менш як 3,5 эўра за "кубік", за машыны ад 16 тысяч эўра — ня менш як 5,5 эўра. У апошнім выпадку сумы выходзяць проста нерэальныя, бо пад гэтую катэгорыю падпадаюць пераважна пазадарожнікі і аўтамабілі зь вялікімі аб'ёмамі рухавіка. Прыкладам, размытненьне 3,5-літровага амэрыканскага мінівэна абыдзецца пакупніку амаль у 20 тысяч эўра. Гэта больш, чым у ЗША каштуе само аўто.

Галоўны рэдактар тыднёвіка "Аўтадайджэст" Анатоль Шаўчэнка перакананы, што пры падобным раскладзе беларускаму аўтарынку пагражае паступовы заняпад. Некаторы час рух яшчэ будзе на ўнутраным рынку, бо трэба рэалізаваць вялізную колькасьць увезеных ад пачатку году машынаў, якія забаронена прадаваць у Расею. Між тым, на яго думку, існуе тэарэтычная магчымасьць таго, што мытныя стаўкі зьнізяцца — калі Расея ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю:

Анатоль Шаўчэнка

"Як паказвае практыка, не заўсёды словы пацьвярджаюцца справай. І калі раптам Расея ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, то яна будзе вымушаная перагледзець гэтыя рабаўнічыя пошліны. Хоць, па праўдзе кажучы, Пуцін безапэляцыйна загадаў сваім чыноўнікам не выконваць абавязаньні перад WTO, бо яны з надуманых прычын Расею туды не прымаюць. Вось калі прымуць, сказаў Пуцін, тады і будзем выконваць. Значыць, калі яны ня ўступяць у WTO, адпаведна, цэньнік застанецца ў Расеі на размытненьне аўтамабіляў той жа дзікі, які і на сёньня ёсьць, адпаведна, зьніжэньня мыта ня будзе. Само сабой, прымусяць і Беларусь у тым ліку ад 1 ліпеня пайсьці на гэтыя меры".

Каму ж выгадная новая мытная палітыка дзяржавы, ад якой мільёны беларусаў, мякка кажучы, не ў захапленьні? Экспэрт у аўтамабільнай галіне Аляксандар Іваноў перакананы: апроч расейскага аўтапраму, абароненага высокімі пошлінамі, ня выйграе ніхто:

"Відавочна, што падвышэньне мытных тарыфаў у дадзеным выпадку выгаднае вытворцам аўтамабіляў альбо дзяржаве, якая мае такую
Апроч дамоўленасьцяў па нафце ці там яшчэ нейкіх, пра што мы ня можам сказаць нават дакладныя лічбы, ніякіх іншых выгадаў няма ...

вытворчасьць. Таму тут няма ніякіх сумневаў, тут усё зразумела: з трох дзяржаваў Мытнага саюзу такая краіна — Расейская Фэдэрацыя. Выгады, якія можа атрымаць Беларусь, — яны толькі тыя, якія наша кіраўніцтва вытаргавала ў рамках заключэньня гэтага Мытнага саюзу. Апроч дамоўленасьцяў па нафце ці там яшчэ нейкіх, пра што мы ня можам сказаць нават дакладныя лічбы, ніякіх іншых выгадаў няма. Таму адназначна, што галоўныя страты панясе спажывец — як наўпрост, так і ўскосна. Найперш таму, што ўжо ня зможа дазволіць сабе недарагі ўжываны аўтамабіль у параўнаньні з дарагім, новым і ненадзейным расейскім".

Сёньня першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка фактычна пацьвердзіў, што спадзяваньне атрымліваць нафту ды газ па ўнутрырасейскіх коштах, дзеля чаго Беларусь і ўступіла ў Мытны саюз, ня спраўджваецца. Але пакуль безвыніковыя перамовы наконт уніфікацыі цэнаў на сыравіну з Масквой толькі працягваюцца, абяцаньні падцягнуць беларускае размытненьне да расейскага ўжо трэба выконваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG