Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артыкул пад такой назвай апублікаваў амэрыканскі часопіс Foreign Policy. Аўтары публікацыі – кіраўнік і выканаўчы дырэктар дасьледчай арганізацыі Freedom House Дэвід Крэмэр і Крыстафэр Уокэр.

Гілары Клінтан мела рацыю, калі заявіла на сустрэчы з афрыканскімі дыпляматамі у этыёпскай сталіцы Адыс-Абебе, што “старыя мэтады дзяржаўнага кіраваньня ўжо непрымальныя, час лідэрам кіраваць адказна, ставіцца да сваіх людзей годна і даваць ім эканамічныя магчымасьці”. А затым яна шматзначна дадала: "А калі яны ня будуць гэтага рабіць, то значыць, ім час сыходзіць”. Гэта было рэзкая перасьцярога дзяржсакратаркі ЗША на адрас дыктатараў афрыканскіх краін паўднёвай Сахары з намёкам на тыя перамены, якія ахапілі Блізкі Ўсход.

Але заўвагі Клінтан узьнімаюць яшчэ больш сур'ёзныя пытаньні з нагоды былога Савецкага Саюзу, дзе, як і на Блізкім Усходзе, створана крытычная маса аўтарытарных кіраўнікоў, якія добра акапаліся. 9 з 12 былых савецкіх рэспублік, ня лічачы Прыбалтыкі, занесеныя ў катэгорыю аўтарытарных рэжымаў. Такія высновы аўтараў штогадовага дасьледаваньня Freedom House аб разьвіцьці дэмакратыі ў былым Савецкім Саюзе і Ўсходняй Эўропе, які выйшаў пад назвай "Краіны на пераходзе - 2011". Калі паглядзець на гэта зь іншага боку, то бачна, што 80% насельніцтва гэтага рэгіёну жывуць пад ярмом аўтарытарызму.

Доўгае кіраваньне гэтых былых савецкіх дыктатараў стварыла цэлы шэраг сур'ёзных праблем.

Па-першае, у гэтых сыстэмах няма мэханізму, які забясьпечвае мірную ратацыю ўлады, хоць там і праходзяць добра зрэжысэраваныя выбары, накіраваныя на падтрыманьне легітымнасьці гэтых сыстэм. Нявырашаныя праблемы перадачы ўлады стаяць перад састарэлымі кіраўнікамі Ўзбэкістану і Казахстану, якім ужо за семдзесят. Але яшчэ больш сур'ёзная праблема палягае ў тым, што ў большасьці краін рэгіёну ва ўладзе знаходзяцца параўнальна маладыя аўтакраты. Прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву ўсяго 49 гадоў, а беларусу Аляксандру Лукашэнку 56. Кіраўніку Таджыкістану Эмамалі Рахмону 58 – столькі ж, колькі фактычнаму вярхоўнаму лідэру Расеі Уладзіміру Пуціну. Такое становішча спараджае ў многіх грамадзянаў роспач перад пэрспэктывай палітычнага застою на многія гады наперад.

Па-другое, ўрады шматлікіх былых савецкіх рэспублік, падобна ўрадам краін Блізкага Ўсходу, не даюць месца памяркоўным палітычным сілам, якія здольныя прапанаваць дзейсную альтэрнатыву сёньняшняй палітыцы і лідэрам. Такая маргіналізацыя можа завесьці грамадзтва ў заганнае кола экстрэмісцкіх дзеяньняў з боку апанэнтаў улады і суровага наступу на іх з боку дзяржавы. У некаторых выпадках самаўладныя лідэры нават моўчкі заахвочваюць ксэнафобны і ультранацыяналістычны экстрэмізм, каб альбо дыскрэдытаваць і адолець памяркоўных альбо прадэманстраваць уласную незамяняльнасьць. Гэтыя зьявы выклікаюць занепакоенасьць на большай частцы постсавецкай прасторы, але асабліва ярка яны выяўляюцца там, дзе экстрэмісцкія галасы знаходзяць водгук, напрыклад, у Расеі і Ўзбэкістане.
XS
SM
MD
LG