Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыненьне паставак электрычнасьці і стужка НТВ – удары па Лукашэнку


Расейскі партал Inopressa падрыхтаваў агляд публікацый заходняга друку, прысьвечаны апошнім падзеям у Беларусі і ў беларуска-расейскіх стасунках: чарговай акцыі маўчаньня, выхаду ў эфір стужкі “Беларускі цуд” і спыненьню паставак электрычнасьці з Расеі.

Энэргетычная спрэчка паміж Масквой і Менскам пагражае эскаляцыяй: афіцыйна гаворка ідзе аб неаплачаных рахунках, але на справе за гэтым утоены разьлік абодвух бакоў, мяркуе аглядальнік Die Welt Эдуард Штайнэр. Расея сьцьвярджае, што гэта адключэньне ня мае дачыненьня да палітыкі. Але аб пагаршэньні адносін сьведчыць і тое, што па расейскім дзяржаўным тэлебачаньні паказваюць матэрыялы, якія кампрамэтуюць Лукашэнку і яго "цуд" беларускай плянавай эканомікі.

"Падобна на тое, што і сам Лукашэнка настроены на паглыбленьне канфлікту", – піша Штайнэр: паводле кампаніі-імпартэра "Белэнерга", у яе дастаткова сродкаў для пакрыцьця доўгу памерам 30 млн. эўра. Як мяркуе Яраслаў Раманчук, кіраўнік менскага навукова-дасьледчага Цэнтру Мізэса, Лукашэнка, відавочна, хоча скарыстацца гэтым канфліктам, каб прадэманстраваць Захаду існаваньне пагрозы для Беларусі з боку Расеі і расейскія апэтыты ў дачыненьні да беларускіх актываў, прызначаных для прыватызацыі.

На працягу многіх гадоў Лукашэнка праяўляў сябе майстрам падтрымліваць балянс паміж Расеяй і ЭЗ, але пасьля гвалтоўнага задушэньня сьнежаньскіх пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і арышту шматлікіх апазыцыянэраў Менск апынуўся ў ізаляцыі.

У выніку панічнай скупкі насельніцтвам валюты і замежных тавараў у страху перад інфляцыяй нацыянальная валюта толькі ў траўні абясцэнілася на траціну, а золатавалютныя рэзэрвы за пяць месяцаў скараціліся на чвэрць. Тут зьявілася Расея са сваім крэдытам, распачаўшы перамовы аб набыцьці першых прыватызацыйных актываў, самым прывабным зь якіх зьяўляецца вытворца ўгнаеньняў "Беларуськалій".

"Расея скарысталася сваім тэлеэфірам, а затым і электрасеткамі для ўдару па беларускім прэзыдэнце", – піша The New York Times. Тэлеканал НТВ, які належыць "Газпрому", паказаў дакумэнтальны фільм, дзе Лукашэнка абвінавачваецца ў няправільным кіраваньні эканомікай. У той жа час расейская кампанія спыніла пастаўкі электрычнасьці ў Беларусь, аргумэнтуючы гэта непагашанай запазычанасьцю.

Расея і раней учыняла зь Беларусьсю і Лукашэнкам сваркі на эканамічнай глебе, варта прыгадаць, напрыклад,"малочную вайну" 2009 году. Але адносіны пагаршаюцца: нядаўна ўзьніклі спрэчкі з-за пазыкаў, Расія цісьне на Беларусь, патрабуючы прыватызаваць дзяржпрадпрыемства.

Што тычыцца дакумэнтальнай стужкі, паказанай па НТВ, то ў ім адчуваецца заахвочваньне маўклівых акцый пратэсту беларускіх грамадзян. Вядучы назваў іх удзельнікаў шараговымі беларусамі, якім надакучылі эканамічныя цяжкасьці. Лукашэнка намаляваны з пагардай. "Паказана, як ён робіць абсурдныя заявы аб эканамічнай палітыцы, уключаны відэакліпы, якія, мабыць, падкрэсьліваюць яго манію велічы. Нічога падобнага НТВ ніколі б не адважылася зрабіць у праграме аб расейскіх лідэрах, якія кіруюць жалезнай рукой, – піша газэта.

Расея прапанавала Беларусі 3 млрд. даляраў у якасьці пазыкі, але наўзамен запатрабавала, каб Лукашэнка прыватызоўваў дзяржмаёмасьць па 2,5 млрд. даляраў у год. "Газпром", які валодае паловай "Белтрансгазу", вядзе перамовы аб набыцьці астатніх 50% беларускай газатранспартнай сыстэмы. Перамовы аб зьліцьці расейскай і беларускай кампаній, якія вырабляюць мінэральныя ўгнаеньні, прыпыніліся: Лукашэнка выставіў цану, зь якой расейскі бок наўрад ці пагодзіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG