Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія міліцыянты не пазналі Ўладзімера Правальскага


29 чэрвеня былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах кіраваўся на плошчу Перамогі. Плошча была ачэплена міліцыянтамі, але спадар Правальскі не падпарадкаваўся патрабаваньню пайсьці ў абыход. Гэта і стала падставай для яго затрыманьня.

Паводле Ўладзімера Правальскага, прайсьці на плошчу яму забаранілі людзі ў цывільным. Яна не прадставіліся, і спадар Правальскі выклікаў міліцыю: яго абурыла, што невядомыя асобы чыняць яму перашкоды.

Міліцэйскі нарад прыехаў, але заяву Ўладзімера Правальскага да ўвагі міліцыянты не прынялі, пасьля чаго ён прыгразіў, што напіша скаргу ў абласную пракуратуру на бязьдзейнасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Праз некалькі хвілінаў тыя самыя міліцыянты дагналі спадара Правальскага і завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе давялося правесьці 2 гадзіны 50 хвілін.

Толькі ў пастарунку міліцыянты даведаліся, што затрымалі былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

“Сказалі “Вы – важная птушка”, і ўрэшце адпусьцілі без складаньня пратаколу. Так што ў мяне не асталося ніякіх дакумэнтальных пацьвярджэньняў гэтага беззаконьня”, – распавёў Уладзімер Правальскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG