Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла чарговая кніга — «Cто адрасоў свабоды» Вячаслава Ракіцкага. Кніга ахоплівае 30-гадовы пэрыяд: ад пачатку 1980-х гадоў да сьнежня 2010 году. Вінцук Вячорка, палітык, былы старшыня Партыі БНФ, рэдактар кнігі:

"Унікальная задума дала плён. Кніга Вячаслава Ракіцкага — і эсэістычная літаратура, і аналітычная журналістыка, і дасьледчая праца. І, вядома, падарожная кніжка, як у Скарыны (але ж — не малая!).

Пэўна, найкаштоўныя для цяперашняга інфармацыйна прасунутага чытача — тэксты, зьвязаныя з падзеямі даінтэрнэтавае пары, прыблізна да сярэдзіны 1990-х (і акурат тады ў нашай краіне была растаптаная хоць якая свабода). Цяпер пра тыя імёны ды падзеі больш уведаюць і маладзейшыя.

Падарожнік Ракіцкі, не без эмоцыяў апісаўшы архіпэляг Адрасоў Свабоды, паказаў чытачу адну з найважнейшых рысаў 1980-х — сярэдзіны 1990-х. Гэта эпоха інстытуцыянальнага тварэньня. Менавіта тады паўсталі да жыцьця:

— незалежныя суполкі: Майстроўня, Талака, Паходня...;
— свабодныя творчыя групы: Тутэйшыя, Пагоня...;
— агульнанацыянальныя згуртаваньні: Канфэдэрацыя беларускіх суполак, Таварыства беларускай мовы...;
— унівэрсальны фэномэн БНФ як правобразу свабоднай нацыянальнай палітычнай сыстэмы;
— фракцыя БНФ, якая рабіла Вярхоўны Савет парлямэнтам незалежнай краіны;
— незалежныя мэдыі: газэты "Свабода", "Наша Ніва", "Радыё 101,2"… і г.д.

І ўсё разам узятае — Незалежная Беларусь, бараніць дух якой давялося ў наступную эпоху.

Чытаеш — і не даюць спакою ланцужкі асацыяцыяў: трэба яшчэ 101-шы, 102-гі, 103-ці адрас! Някрасава, 5а ў Менску, дзе Галіна Прыма стварыла першы беларускамоўны садок, а бацькі зьбіраліся, каб сплянаваць наступныя акцыі дзеля адраджэньня беларушчыны. Філія музэю Якуба Коласа ў Смольні, дзе працаваў Сяржук Сокалаў-Воюш і ў 1985-м адбылося разагнанае міліцыяй і КГБ Купальле — упершыню беспрэцэдэнтна шматлюднае. Ці дом Вінцэнта Солтана ў Івянцы, дзе шмат гадоў лунае рупна ўздыманы штораніцы гаспадаром бел-чырвона-белы сьцяг.

Сьпіс будзе доўжыцца. Кніга ўжо вызначае шляхі беларускага самапазнаньня. І дадае беларусам самапавагі."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG