Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта — падручнік геаграфіі змаганьня


Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла чарговая кніга — «Cто адрасоў свабоды» Вячаслава Ракіцкага. Кніга ахоплівае 30-гадовы пэрыяд: ад пачатку 1980-х гадоў да сьнежня 2010 году. Сяргей Навумчык, былы дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адзін з распрацоўшчыкаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі:

"Існуе міт пра тое, што Незалежнасьць на беларусаў нібыта "звалілася зь неба", што беларусы нібыта былі да яе непадрыхтаваныя, яе не чакалі і за яе не змагаліся. Атрыманьне сувэрэнітэту падаецца ці як сьледзтва крамлёўскага супрацьстаяньня паміж Гарбачовым і Ельцыным (якое насамрэч не адыграла сур’ёзнай ролі ў Беларусі), ці як вынік пагадненьня трох лідэраў у Белавескай пушчы (якое запозьнена толькі канстатавала распад імпэрыі і стварыла новую садружнасьць, якая толькі замінала ўмацаваньню нашай дзяржаўнасьці).

Кніга Вячаслава Ракіцкага разбурае падобныя фальшывыя стэрэатыпы. Незалежнасьць была марай пакаленьняў беларусаў, што паплаціліся за свае памкненьні жыцьцямі і свабодай, а сталася магчымай у выніку надзвычайных высілкаў тых, каму выпала дзеяць у 80—90-я гады ХХ стагодзьдзя. Але тое, што адбылося 25 жніўня 1991 году ў Авальнай залі — было б немагчымым, калі б за сьценамі Дома ўраду, на плошчы, не стаялі дзясяткі тысяч людзей, калі б па ўсёй Беларусі людзі не змагаліся за свабоду.

Аўтар кнігі нагадвае пра імёны і падзеі, малавядомыя чытачу, асабліва маладому, упершыню гэтак шырока асьвятляе геаграфію палітычнага змаганьня. І што мне падаецца асабліва важным — Вячаслаў Ракіцкі аднаўляе гістарычную справядлівасьць у дачыненьні да актывістаў нацыянальнага руху ў рэгіёнах, прыгадвае імёны тых сьціплых людзей, якія сваёй самаадданасьцю могуць быць прыкладам сталічным палітыкам."
XS
SM
MD
LG