Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 чэрвеня ў цэнтры Менску супрацоўнікі міліцыі разагналі акцыю «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Дзясяткі яе ўдзельнікаў затрыманыя.

Дзясяткі ўдзельнікаў акцыі сабраліся каля Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Плошча была абгароджаная мэталёвымі загародкамі, а каля Палаца рэспублікі БРСМ наладзіў канцэрт для менскіх студэнтаў.

Альтэрнатыўная акцыя пачалася а 19 гадзіне. Сотні людзей ішлі, пляскаючы ў ладкі, па ходніках уздоўж праспэкту Незалежнасьці, па плошчы паўз агароджу ў бок вуліцы Купалы. Кіроўцы аўтамабіляў віталі іх сыгналамі, удзельнікі акцыі адказвалі сьвістам і воклічамі. Ніякіх лёзунгаў, транспарантаў ці сьцягоў не было, акцыя была мірная.


На скрыжаваньні каля цырку супрацоўнікі міліцыі ў цывільным пачалі выхопліваць людзей пераважна з галавы калёны і запіхваць у міліцэйскі аўтобус. Супрацоўнікі міліцыі імкнуліся расьсекчы калёну. Частка яе накіравалася ў бок Опэрнага тэатру па вуліцы Купалы. Да калёны зноў пад’яжджалі міліцэйскія аўтобусы і працягваліся жорсткія затрыманьні. Міліцыянты перагарадзілі дарогу на Нямігу, і каля помніка Багдановічу, дзе яшчэ затрымлівалі людзей, акцыя скончылася. Супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі працаваць журналістам, некаторых затрымлівалі, але потым адпускалі. Распавядае апэратар БелаПАН Васіль Сямашка:
Тое, чым у грамадзтве пагарджаюць, так працуюць нашы спэцназаўцы.

«Я здымаў, як людзей запіхваюць у аўтобус насупраць ВДНГ. Натуральна, тым, хто запіхваў, не падабалася, як іх здымаюць. Штуршкі, удары, усё цішком, спробы пашкодзіць камэру. Калі ўдары, то стараюцца ззаду, па нырках, падсечкі, падножкі. Мярзота. Тое, чым у грамадзтве пагарджаюць, так працуюць нашы спэцназаўцы. Геройства хапае толькі на тых, у каго занятыя рукі, і на малалетак».

— А як выйшла, што табе разьбілі лоб?

«Здымаў, штурхнулі, ударылі. Спрабавалі і мяне запіхнуць у аўтобус. Выкручваўся».

Праваабаронцы адзначаюць неправамерныя дзеяньні міліцыі адносна журналістаў і ўдзельнікаў акцыі. Назіральніца БХК Натальля Манькоўская паведаміла некаторыя прозьвішчы людзей, якія змаглі датэлефанавацца пасьля затрыманьня зь міліцэйскага аўтобуса:

«Тумілевіч Валерый, Фалалееў, Кацярына Людвіг, Марына Гур’яновіч, Аляксандар Бондарык, Канстанцін Фалькоў, Аляксандар Шыш, Віталь Стрэльчык, Антон Чарвякоўскі, Мікіта Літвінчык, Вадзім Заміроўскі. Яны мяркуюць, што іх вязуць у Цэнтральны РУУС. То бок яны шпацыравалі, нічога не рабілі, іх проста схапілі пасярод вуліцы».

Адзін з каардынатараў суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вячаслаў Дыянаў паведаміў, што дакладная лічба затрыманых пакуль невядомая, працягваецца збор інфармацыі па ўсёй краіне. Аднак, паводле назіральнікаў, у Менску гэта дзясяткі чалавек. Паляваньне на ўдзельнікаў акцыі і затрыманьні працягваліся яшчэ і на праспэкце Пераможцаў, куды пайшла частка моладзі. Вячаслаў Дыянаў пракамэнтаваў дзеяньні міліцыі:
Іх задача, каб людзі не заўважылі, што іх больш.

«Яны расьсякаюць, бо разумеюць, што людзей можа выходзіць усё больш і больш. Таму іх задача, каб людзі не заўважылі, што іх больш, таму іх расьсякаюць».

Вячаслаў Дыянаў лічыць, што працягваць маўклівыя акцыі ёсьць сэнс.

«Сэнс ёсьць, толькі трэба мяняць тактыку дзеяньняў у тым жа Менску. У любым выпадку людзі да нас прыходзяць. Мы зараз стварылі тэму ў групе „Вконтакте“, каб людзі скідалі туды інфармацыю, дзе што адбылося. Зараз мы аналізуем. Будзем аказваць дапамогу затрыманым, будзем казаць, куды зьвяртацца і атрымліваць дапамогу па штрафах і гэтак далей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG