Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўку і Грышку праверылі на паліткарэктнасьць


Увечары 28 чэрвеня ў менскім клюбе «Loft» сабраліся прыхільнікі таленту музычна-палітычнага дуэту ў складзе Саўкі і Грышкі — віртуальных Рыгора Браніслававіча Глыка, заўзятага апазыцыянэра са стажам, і Савелія Пятровіча Пстрычкі, дробнага намэнклятуршчыка, апалягета рэжыму. Вобразы ідэйных антыподаў на Радыё Свабода больш за год на розныя галасы ўвасабляла абсалютна рэальная асоба — гэткі ж легендарны рок-выканаўца Лявон Вольскі.

Сэрыя прэзэнтацый мультымэдыйнага дыску з паўсотняй лепшых песень ад Саўкі ды Грышкі, пачаўшыся ў Менску, працягнецца ў Магілёве і Горадні. Але першы выступ ледзь ня быў сарваны дзякуючы пільнасьці адпаведных службаў: за некалькі гадзінаў да выступу клюб наведалі людзі ў цывільным, якія параілі не праводзіць імпрэзу. Арганізатары не знайшлі прычынаў касаваць мерапрыемства, але мусілі пагадзіцца, каб людзі з «органаў» назіралі за падзеямі ў залі. У выніку канцэрт прайшоў на ўра, паслухаць песьні ў выкананьні Лявона Вольскага сабраліся больш за 300 чалавек. Сярод іх — супрацоўнік амбасады ЗША ў Менску Алесь Круглякоў:
Найперш, сама па сабе надзвычай добрая ідэя. Гэта як раней казалі: зранку ў газэце, увечары ў куплеце.

«Найперш, сама па сабе надзвычай добрая ідэя. Гэта як раней казалі: зранку ў газэце, увечары ў куплеце. Тут нават да газэты яшчэ не даходзіць, а ў інтэрнэце ўжо ўсё выкладваецца. Увогуле — сатыра, якую немагчыма пабачыць ні па тэлебачаньні, ні пачуць па дзяржаўным радыё. На маю думку, праект цалкам новага часу. І менавіта дзякуючы інтэрнэту народ яго чуе і бачыць. Гэта абсалютнае адлюстраваньне таго, што адбываецца ў Беларусі».

Карэспандэнт: «Калі б вобразы ўвасабляў ня Вольскі, варта было б чакаць такога ажыятажу?».

«Лявон Вольскі насамрэч унікальны. У іншым выпадку і было б нешта іншае, магчыма, зь нейкім іншым эфэктам, зь іншым кірункам. Але Вольскі ёсьць Вольскі. У яго свой стыль, свой почырк, і, я думаю, гэтым усё сказана».

Праект «Саўка і Грышка», на шмат чыё перакананьне, ня мае аналягаў. Таму надзвычай удалая форма зачэпкі да нейкай знакавай падзеі праз дасьціпную спрэчку ідэйных апанэнтаў і набыла надзвычай шырокае кола прыхільнікаў. Праз дробнага местачковага начальніка ў вобразе Саўкі выяўляецца ўся бесхрыбетнасьць дзяржаўнай вэртыкалі, якая ня мае ўласнага голасу, а ёсьць толькі рэтрансьлятарам патрэбных думак.

Працягвае вядучы TUT.BY-ТВ Андрэй Каравайка:

«Я абсалютна „за“ гэты праект і ня ведаю, хто ўвогуле супраць. Мне асабіста вельмі падабаецца. Увогуле гэта такі гумаровы расклад таго, у чым мы жывём кожны дзень. І хто можа з гэтым паспрачацца? Гэта, я б сказаў, такая здаровая гіпэрбала. Здаровая, бо яна паказвае нашы рэаліі ня ў цалкам чорным сьвятле, а ў гумарыстычным, сатырычным. Таму вялікі дзякуй Лявону за тое, што ён дае нам магчымасьць і шанец неяк пасьмяяцца над сваім жыцьцём, а ня плакаць над ім».

Карэспандэнт: «Каб не Лявон, то хто яшчэ?».

«Ну, я мог бы (сьмяецца). Але дзякуй Богу, што за мяне гэта зрабіў Вольскі…».

Іншы герой праекту, Грышка, адрозна ад Саўкі, наадварот, мае яскрава акрэсьленую жыцьцёвую пазыцыю і безапэляцыйны да ўсёй той, ягонымі словамі, «дурнаты», якая адбываецца ў дзяржаве. У спрэчцы — магчымасьці якой, дарэчы, пазбаўленыя апанэнты рэжыму ў рэальнасьці — і нараджаецца ісьціна. Манера спрэчкі, у якой Саўка на знаёмай усім трасянцы гістэрычна абараняе ўладу, а басавіты Грышка патрабуе зьменаў, прыйшлася даспадобы слухачам ды чытачам тэкстаў на сайце «Свабоды», што выяўляецца ў вялізнай колькасьці камэнтаў на форумах. Гаворыць журналіст Антон Тарас:

«Ёсьць такія песьні, як „Yesterday“, якія назаўжды, а ёсьць песьні, якія зараз патрэбныя. Якія ня трэба 10 гадоў чакаць ці 10 гадоў слухаць. Вобразы Саўкі і Грышкі вельмі добра схапіліся, як на „Народным альбоме“ Казік і Юзік, таксама два беларускія антыподы. Саўка і Грышка — эвалюцыянаваныя вобразы. Вольскі сабраў іх, крыху ўтрыраваў, але гэта адбітак і цяперашняй сытуацыі, і мінулай, і нават, у пэўным сэнсе, будучыні. У Лявона ўвогуле вельмі дасьціпнае пачуцьцё гумару, і гэта самае галоўнае. Бо гэта ж ня тое, што ты разьлічваеш слухаць праз 20 гадоў. Сёньня ты слухаеш, і табе сьмешна. Ён заўсёды знаходзіў нейкі досьціп, і гэта праўдзіва. Проста бачыць вакол сябе і дадае да гэтага гумар. Прычым гэта станоўчы гумар, ня нешта разбуральнае. Нагода пасьмяяцца зь сябе, з таго, што адбываецца навокал».

Герой іншай сёньняшняй прэзэнтацыі «Свабоды», гэтым разам літаратурнай, пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч жыве ў Нямеччыне, і Саўка ды Грышка, сярод іншага, даносяць яму весткі з радзімы:

«Увогуле мне цяжка меркаваць, наколькі гэта ўсё рэальна адлюстроўвае падзеі, бо я сам жыву па-за межамі краіны. Але я абсалютна веру Лявону, ведаю яго даўно і ўпэўнены: усё, што ён робіць, гэта праўдзіва, бо Лявон ніколі не цураўся нейкіх актуальных тэмаў. Таму, натуральна, ягоная творчасьць — гэта адбітак усіх беларускіх рэалій».

Карэспандэнт: «Наколькі ўдалыя вобразы менавіта Саўкі ды Грышкі?».

«Зразумела, што гэта ж умоўна ўсё, гэта такі мастацкі прыём, то бок трэба рабіць на гэта нейкую скідку. Але я думаю, што ў прынцыпе вельмі ўдала. Мяркую, што каб гэта зрабіў нехта іншы, а не Лявон, то гэтую ідэю чакаў бы правал. Але Лявон, улічваючы ягоныя здольнасьці, ня толькі музычныя, але і літаратурныя, артыстычныя, усе іншыя, зрабіў усё файна».

XS
SM
MD
LG