Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адказ на жорсткі антырасейскі тэлесюжэт перадачы "Ў цэнтры ўвагі" ў нядзелю 28 чэрвеня расейская тэлекампанія НТВ паказала стужку "Беларускі "цуд". Такім чынам, Беларусь і Расея ўступаюць у новы этап інфармацыйнай вайны.

Расейскія тэлеканалы і дасюль не саромеліся паказваць беларускі эканамічны крызіс ва ўсім яго непрыглядным выглядзе. Але афіцыйны Менск агрызаўся неяк вяла. Можна толькі ўзгадаць абурэньне Лукашэнкі падчас травеньскай нарады і ягоны загад, каб расейскія мэдыі не прысутнічалі ў Беларусі. Але дагэтуль усё абмяжоўвалася тым, што тэлеканал "ТВЦ" выкінулі з кабэльнага вяшчаньня. І вось нядзельны сюжэт БТ стаў пачаткам новай інфармацыйнай вайны. Гледзячы па тым, як ён актыўна анансаваўся, гэта быў сьвядома прадуманы палітычны ход. У чым яго сэнс?

Крэпасьць у аблозе ня можа існаваць бяз вонкавага ворага. Асабліва ў крызіс. Лукашэнка ня раз казаў, што і падзеі 19 сьнежня, і тэракт у мэтро, і валютны крызіс — гэта ўсё вынік зьнешніх чыньнікаў, што нас не пакінуць у спакоі і інш. Найбольш цікавай у нядзельнай перадачы "Ў цэнтры ўвагі" падалася тэза, што за кампаніяй "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" стаіць Расея.

Найбольш забаўляе тут тое, як хутка памяняўся зьнешні вораг. Нагадаю, што пасьля 19 сьнежня галоўным ворагам быў абвешчаны Захад. Менавіта ён, паводле вэрсіі ўладаў, арганізаваў змову супраць прэзыдэнта, спробу дзяржаўнага перавароту. Усе апошнія месяцы дзяржаўныя мэдыі пасьлядоўна даводзілі пра варожыя пляны ЭЗ і ЗША, спэцслужбаў Польшчы і Нямеччыны.

А Расею афіцыйная прапаганда падавала як саюзьніка і партнэра, які абяцае дапамагчы, падтрымаць. Доўгія месяцы ішлі перамовы наконт крэдыту.

І вось цяпер сытуацыя праясьнілася. Крэдыт, які выдзяляе Масква (Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС), выявіўся зусім не такім, на які разьлічваў Менск. Беларускіх валютных праблемаў ён не вырашае. Да таго ж асноўная яго сёлетняя частка ($800 млн) ужо атрыманая. Наступная транша, $400 млн, павінна прыйсьці ў верасьні, але яна такая маленькая, што можна не зьвяртаць на яе асаблівай увагі. $1 млрд Беларусь павінна атрымаць наступным годам. Для беларускага кіраўніцтва, якое жыве сёньняшнім днём, гэта як наступны век. За гэты час, як у тым анэкдоце, альбо ішак згіне, альбо з шахам нешта здарыцца, альбо расейская прэзыдэнцкая выбарчая кампанія пачнецца. І сёньня адносіны з Расеяй перасталі быць крытычна актуальнымі.

І яшчэ адзін момант. Умовай выдзяленьня расейскага крэдыту стала антыкрызісная праграма, якую беларускае кіраўніцтва абавязалася выканаць. Важная частка гэтай праграмы — прыватызацыя. Беларускія афіцыйныя асобы адпаведны дакумэнт падпісалі, але, як звычайна, выконваць яго не зьбіраюцца. Пра гэта ня раз казаў сам Лукашэнка. І цяперашняя інфармацыйная вайна — гэта і прычына, і падстава, каб не выконваць узятыя на сябе абавязаньні.

Зь іншага боку, крэдыты вельмі патрэбныя. Менск зьвярнуўся да МВФ. Адзіны шанец атрымаць крэдыт ад фонду — гэта разыграць геапалітычную карту. Фонд можа выдзеліць грошы толькі дзеля таго, каб выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі, не дапусьціць узмацненьня тут уплыву Масквы.

Беларускае кіраўніцтва гэта добра разумее і робіць замежнапалітычны кульбіт. Цяпер ня Захад, а Расея — галоўны вораг. Ужо не ЗША і ЭЗ ладзяць змову, арганізуюць пратэсты ў краіне, а Масква. Ворага памянялі як пальчатку. Гэта сыгнал Захаду: глядзіце, мы сварымся з РФ, дапамажыце нам. І не зьвяртайце ўвагі на праблему дэмакратыі і правоў чалавека. Нават калі шанец і невялікі, усё роўна трэба паспрабаваць яго скарыстаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG