Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагадненьне шасьцёх


Сяргей Вазьняк, Ігар Лялькоў, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч.

Сяргей Вазьняк, Ігар Лялькоў, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч.

Сёньня ў Менску на супольнай прэс-канфэрэнцыі шасьцёра апазыцыйных лідэраў абвясьцілі пра агульную пазыцыю што да пытаньня палітзьняволеных і ўмоваў правядзеньня свабодных выбараў. Пагадненьне падпісалі прадстаўнікі БХД, Партыі БНФ, руху «За свабоду», АГП, партыі «Справядлівы сьвет» і аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду».

У супольным пагадненьні лідэры апазыцыі вылучылі шэраг патрабаваньняў да ўлады, выкананьне якіх можа забясьпечыць правядзеньне ў краіне свабодных выбараў. Бяз гэтага, на іхні погляд, немагчыма пераадолець сыстэмны крызіс, выкліканы дзеяньнямі кіроўнага рэжыму. Першае патрабаваньне ўдзельнікаў пагадненьня — гэта неадкладна вызваліць палітвязьняў і цалкам рэабілітаваць удзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня. А таксама забясьпечыць свабоду сходаў і СМІ і дэмакратызаваць Выбарчы кодэкс. Удзельнік прэс-канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька патлумачыў мэты пагадненьня:

«Галоўная мэта — вяртаньне Беларусі да дэмакратыі. Вакол гэтай мэты могуць аб’ядноўвацца і правыя, і левыя, зарэгістраваныя і незарэгістраваныя палітычныя структуры. Я невыпадкова сказаў, што кожны з тых, хто ўзяў удзел у прэс-канфэрэнцыі і выпрацоўцы гэтых дакумэнтаў, мае па 10% акцый у гэтым аб’яднаньні. А 40% належаць прыхільнікам пераменаў, якія патрабуюць кансалідацыі. Гэта пагадненьне на аснове патрабаваньня вызваленьня палітычных вязьняў, на аднолькавай ацэнцы крызісу і агульнага бачаньня палітычных рэформаў і выбараў як мэханізму для выхаду з эканамічнага, палітычнага і духоўнага крызісу».

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў адзначае, што грамадзтва мае запатрабаваньне на яднаньне дэмакратычных сілаў. І гэта яшчэ адна спроба аб’яднаць свае намаганьні дзеля дзьвюх вельмі канкрэтных мэтаў —вызваліць палітвязьняў і правесьці свабодныя выбары.

«Прынамсі па гэтых двух пунктах у нас ёсьць кансэнсус, і я ня бачу, чаму б нам не паспрабаваць працаваць разам, нягледзячы на ўсе ідэалягічныя ці іншыя разыходжаньні».

Паводле спадара Лялькова, удзельнікі пагадненьня вылучылі патрабаваньні да ўладаў. Дыялёг можа распачацца толькі тады, калі гэтыя патрабаваньні будуць выкананыя. У пагадненьні адзначаецца, што калі ўлады ня выканаюць патрабаваньні ўдзельнікаў пагадненьня, тыя пакідаюць за сабой права на байкот выбарчых кампаній, а таксама арганізацыю акцый палітычнага пратэсту.

Палітоляг Юры Чавусаў камэнтуе для «Свабоды» сёньняшняе падпісаньне «пагадненьня шасьцёх»:

«Мне падаецца, што ў дадзеным выпадку ня варта засяроджвацца на самім тэксьце пагадненьня. Больш мае значэньня канфігурацыя тых суб’ектаў, што ўвайшлі ў новую структуру.

На мой погляд, гэта аб’яднаньне найбольш дзеяздольных і структураваных палітычных арганізацыяў — то бок палітычных партыяў і двух рухаў. Яны ставяць стратэгічныя мэты больш далёкія, апроч дэкляраваньня змаганьня за вызваленьне палітвязьняў. Сапраўды, гэта цяпер агульная кропка, агульны пункт гледжаньня гэтых палітычных суб’ектаў. Але мне падаецца, што тут насамрэч гаворка вядзецца пра аб’яднаньне суб’ектаў, якія маюць агульнае бачаньне будучага палітычнага сэзону, будучых парлямэнцкіх выбараў. Пакуль яшчэ зарана казаць, якая форма — байкот, удзел альбо абмежаваны ўдзел — будзе абраная гэтымі суб’ектамі. Але мне падаецца, што менавіта гэты пул лідэраў будзе вызначаць апазыцыйнае стаўленьне да будучых парлямэнцкіх выбараў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG