Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашчанка: «Кніга Бахарэвіча — гэта падарожжа па целе аднаго аўтара»


Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка

Сваімі ўражаньнямі пра кнігу Альгерда Бахарэвіча, якая папоўніла свабодаўскую выдавецкую сэрыю і 29 чэрвеня прэзэнтуецца ў Менску, дзеліцца Анатоль Івашчанка — вядучы рубрыкі «Бліц-крытыка» ў часопісе «Дзеяслоў».

«Студэнты любяць казаць: „Першы час ты працуеш на залікоўку, пасьля яна працуе на цябе“. І калі карыстацца вось такой студэнцка-выкладніцкай тэрміналёгіяй, то Альгерд Бахарэвіч — аўтар, які ўжо добра папрацаваў на сваю залікоўку. Не, ён, вядома ж, не студэнт у літаратуры. Але кожная новая кніга Альгерда Бахарэвіча — яна, канечне, прачытваецца, яна выклікае шмат увагі, шмат цікавасьці.

Вось „Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча“ — кніга, якую я атрымаў днямі. Тая дзяўчына, яшчэ студэнтка, якая мне гэтую кнігу дала пачытаць, коратка па-моладзеваму характарызавала яе: „Гэта мэга-кніга“. І, мне здаецца, такой кнігі бракавала сёньня і Бахарэвічу, і нам, яго чытачам.

Увайсьці ў яе можна праз розныя пункты ўваходу: праз вакно, праз комін і звычайна, празь дзьверы — зь любой старонкі. Я маю на ўвазе вось гэтыя цудоўныя біяграфічныя і бібліяграфічныя паказьнікі ў канцы і пра зьмест, і пра істотаў, і пра рэчы(вы). Дарэчы, сымптаматычна, што, скажам, Ісус Хрыстос аўтарам аднесены да разьдзелу „Людзі“, а, напрыклад, Ленін альбо літаратурныя крытыкі — да разьдзелу „Істоты“.

Чымсьці гэтая кніга мне нагадвае маналёгі Жванецкага. Іроніі Бахарэвічу ніколі не бракавала, але вось такі аўтабіяграфічны чыньнік дадае сюды яшчэ і самаіроніі.

Я б сказаў, што гэта падарожжа па целе аднаго аўтара. Ну і, канечне, усіх запрашаю да гэтага падарожжа».
XS
SM
MD
LG