Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вымушана пераходзіць на дарагую электраэнэргію


Расейская кампанія "Интер РАО ЕЭС" апоўначы 29 чэрвеня пасьля некалькіх папярэджаньняў цалкам спыніла экспарт электраэнэргіі ў Беларусь. Прычынай названа адсутнасьць чарговага плацяжу для пагашэньня запазычанасьці.

Доўг Беларусі за пастаўкі электраэнэргіі ў сакавіку-траўні склаў 1 мільярд 200 мільёнаў расейскіх рублёў і за чэрвень вырасьце яшчэ на 400 мільёнаў. Агулам Менск завінаваціўся ў эквіваленце больш за 50 мільёнаў даляраў. Тым часам экспэрты прагназуюць абвастрэньне беларуска-расейскіх адносінаў і ў іншых галінах эканомікі.

Кіраўніцтва канцэрну "Белэнэрга" апраўдваецца, што праблемы з аплатай спажытай электраэнэргіі ўзьніклі з-за крызісу на фінансавым рынку: маўляў, беларускія грошы ёсьць, аднак існуе праблема іх канвэртацыі. Тым часам міністар эканомікі Мікалай Снапкоў сёньня запэўніў, што Беларусь разьлічыцца за імпартаваную з Расеі электраэнэргію, пастаўкі якой за неаплату сёньня спыненыя ў поўным аб'ёме:

"Любая дзяржава, якая сябе паважае, разьлічваецца па даўгах. Таму за спажытую імпартаваную электраэнэргію мы будзем плаціць... Што тычыцца далейшых паставак, то гэта залежыць ад коштаў на зьнешніх рынках. Калі гэта будзе выгадна, то, хутчэй за ўсё, Міністэрства энэргетыкі будзе працягваць у пэўных колькасьцях ажыцьцяўляць імпарт. Калі гэта будзе нявыгадна, то ў нас дастаткова магутнасьцяў, каб цалкам забясьпечваць сябе электраэнэргіяй".
У нас дастаткова магутнасьцяў, каб цалкам забясьпечваць сябе электраэнэргіяй".

Спадар Снапкоў нагадаў, што расейская доля ў агульным спажываньні электраэнэргіі складае ўсяго 12%, таму гэтыя страты цалкам рэальна кампэнсаваць коштам уласных вытворцаў. Іншымі словамі, ужо ў агляднай будучыні Беларусь можа адмовіцца ад паставак расейскай электраэнэргіі з прычыны "эканамічнай мэтазгоднасьці".

Пры гэтым экспэрты кажуць: хоць беларускія ўлады і намагаюцца запэўніць, што ніякіх наступстваў ад рашэньня "Интер РАО ЕЭС" краіна не адчуе, але насамрэч нават нязначная доля расейскай электраэнэргіі давала адчувальную эканомію для бюджэту. Як кажа экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак, электраэнэргія, якая выпрацоўваецца ў Беларусі, даражэйшая за імпартаваную з Расеі, бо для яе вытворчасьці амаль паўсюдна выкарыстоўваецца прыродны газ, які закупляецца ў той жа Расеі. Таньнейшая за беларускую таксама і ўкраінская электраэнэргія:

"Калі параўнаць, напрыклад, з украінскай энэргетыкай, то там вельмі магутную частку складае энэргетыка, якая працуе на вуглі. У іх практычна няма станцый, якія працуюць на мазуце ці на прыродным газе, а калі ёсьць, то гэта нейкія зусім дробныя кацельні. У нас жа на электрастанцыях вельмі старое абсталяваньне, якое само па сабе не дае падставаў казаць пра ашчаднае выкарыстаньне паліва".

На думку экспэртаў, канфлікты ў беларуска-расейскіх дачыненьнях адной толькі электраэнэргетычнай галіной не абмяжуюцца. Ня выключана, што неўзабаве разгарацца спрэчкі за аб'екты прыватызацыі, на якія паклала вока Расея. Так, карпарацыя "Газпром" заявіла пра жаданьне набыць астатнія 50% акцый "Белтрансгазу", аднак беларускі ўрад настойвае, каб перамовы адносна прыватызацыі былі ўвязаныя з фармаваньнем кошту прыроднага газу для Беларусі — іншымі словамі, Менск хоча купляць паліва па ўнутрырасейскіх цэнах. У "Газпроме" кажуць, што ўвязваць абсалютна розныя паводле сэнсу дамоўленасьці не зьбіраюцца і ў выпадку няўступлівасьці пытаньне інвэстыцыяў у "Белтрансгаз" можа быць перагледжанае.
У нас на электрастанцыях вельмі старое абсталяваньне, якое не дае падставаў казаць пра ашчаднае выкарыстаньне паліва

Аналягічная сытуацыя вакол Менскага аўтазаводу. Абвешчанае аб'яднаньне МАЗа з расейскім КамАЗам так і застаецца на ўзроўні размоваў. Прадстаўнікі вытворцы з Набярэжных Чаўноў ужо заявілі, што ў тармажэньні беларускага боку яскрава прасочваецца палітычны сьлед, таму ня выключана, што ад першапачатковых задумаў давядзецца адмовіцца. Беларускія экспэрты пры гэтым лічаць, што ва ўмовах крызісу сьпяшацца са зьдзелкамі сапраўды няма асаблівай патрэбы. Гаворыць колішні памочнік гендырэктара МАЗа Валянцін Лопан:

"Зараз увогуле, як мне падаецца, такі пэрыяд, што той жа МАЗ прадаваць нельга, таму што ён недаацэнены. Крызіс, у яго аб'ёмы вытворчасьці ўпалі, ёсьць фінансавыя цяжкасьці. Трэба рабіць, як ува ўсім сьвеце робіцца: калі ў нейкага буйнога прадпрыемства, ад якога шмат залежыць у эканоміцы, наступілі няпростыя часы, дзяржава дапамагае яму стаць на ногі, стабілізавацца, і толькі потым прыватызуе, прадае акцыі, калі яны пачынаюць каштаваць даражэй. Так у нармальным сьвеце робіцца, у нармальных краінах. А не тады прадаваць, калі завод таньней за ўсё каштуе".
Нельга прадаваць тады, калі завод таньней за ўсё каштуе

Ад 1 ліпеня можа абвастрыцца нафтавае пытаньне. Падпісваючы дакумэнты пра ўтварэньне Мытнага саюзу, Менск найперш ускладаў спадзяваньні на атрыманьне расейскай нафты па ўнутрырасейскіх коштах. Аднак вось ужо паўтара года Масква абкладае сыравіну ўсё новымі падаткамі. У выніку замест спадзяванага выйгрышу ў памеры 3,5—4 мільярдаў даляраў Беларусь у лепшым выпадку можа разьлічваць на 1,5 мільярда. Дзеля гіпатэтычных прыбыткаў кіраўніцтва Беларусі пайшло на непапулярны крок, пагадзіўшыся на ўніфікацыю аўтамабільнага мыта з Расеяй. Экспэрты ўжо падлічылі, што так званая "растаможка" прыносіць у бюджэт тыя ж 1,5 мільярда даляраў.
XS
SM
MD
LG