Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Белстату, за пяць месяцаў 2011 г. цэны на паслугі грамадзкага харчаваньня ў Беларусі вырасьлі на 33,4%.

Пры гэтым кошт абеду ў сталовых павялічыўся больш, чым у рэстаране. Так, калі цана на абед у сталовай вырасла ў траўні ў параўнаньні са сьнежнем 2010 году на 37,5 %, то на абед у рэстаране - на 26,6%. Абед у сталовай з чатырох страў на аднаго чалавека ў траўні каштаваў у сярэднім 6.130 рублёў, у рэстаране - 18.458 рублёў.

Ад 2006 па 2010 гады рост коштаў на паслугі грамадзкага харчаваньня штогод складаў 9%.

Выдаткі беларусаў на харчаваньне па-за домам, паводле Белстату, у 2010 годзе складалі ўсяго 2,2% ад сямейнага даходу. Для параўнаньня: у Расеі гэты паказчык складаў каля 3,2%.

Па выніках першага кварталу 2011 году беларусы выдаткоўвалі на харчаваньне 39,2% сямейнага даходу. "Лічыцца, што чым менш народ выдаткоўвае на харчаваньне, тым больш ён можа выдаткаваць на набыцьцё нехарчовых тавараў і паслуг, тым, адпаведна, вышэй узровень жыцьця ў краіне", - заўважае намесьніца старшыні Белстату Ірына Кангра.

Экспэрты Цэнтру эканамічнага аналізу «РИА-Аналитика» агенцтва РИА-Новости склалі рэйтынг выдаткаў на харчаваньне краін Эўропы на падставе статыстычных дадзеных адпаведных краін (пераважна за 2009 і 2010 гады).

Вось некаторыя з гэтых дадзеных (усе выдаткі пазначаныя, як доля сямейных бюджэтаў)

Краіна Выдаткі на харчаваньне,% Выдаткі на алькагольныя напоі,% Выдаткі на грамадзкае харчаваньне,%
Велікабрытанія 8.1 2.4 6
Аўстрыя 9.6 1.3 7.9
Нямеччына 9.8 1.5 4.8
Францыя 12.2 1.5 5.4
Італія 13.7 0.7 7.7
Чэхія 14.1 3.7 5.2
Польшча 18.2 3.8 2.2
Латвія 18.4 4.3 3.3
Літва 23.3 4.7 1.9
Расея 28.8 1.7 3.2
Беларусь 39.2 2.1 2.2
Украіна 50 3.2 -*

*няма дадзеных

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG