Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларус успрымае ўладу як стыхійнае бедзтва, а не як частку грамадзтва..."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 29 чэрвеня 2011 году

Тое, што ў Беларусі адбываюцца імклівыя зьмены ў эканоміцы і фінансах — на працягу апошніх месяцаў заўважыў кожны, хто жыве ў краіне. А як гэта адбіваецца на грамадзкіх настроях? Ці па-ранейшаму большасьць беларусаў мала цікавіцца палітычнымі праблемамі і абыякава ставіцца да выбарчых кампаній і дзейнасьці апазыцыі?

Гэтыя тэмы ўсё часьцей гучаць у пошце "Свабоды". Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх допісаў. Наш слухач Бярнард Пакульніцкі з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну, разважаючы пра цяперашнія беларускія рэаліі, піша:

"Пакуль у Беларусі — маўклівае балота і адносная грамадзкая цішыня. Беларусы зноў прыстасоўваюцца да сытуацыі. Адчуваецца нейкая прыкмета дэградацыі, хоць яна і выглядае сёньня як агульначалавечая прыстасаванасьць дзеля самазахаваньня…

Дзяржаўныя чыноўнікі, афіцыйныя СМІ і платныя ідэолягі імкнуцца ўнушыць людзям думку, што цяжкае эканамічнае становішча краіны — гэта ня вынік непрафэсійных дзеяньняў беларускай улады. Ва ўсім вінаваты нібыта ўсясьветны крызіс ды інтрыгі вонкавых ды ўнутраных ворагаў. Улады робяць нейкія няўцямныя захады, каб выйсьці са свайго банкруцтва. Але яшчэ не чуваць было ў сьвеце прыкладаў, каб з крызісу эфэктыўна выводзілі свой народ тыя ж, хто яго туды завёў. Вельмі верагодна, што дзеяньні цяперашняй улады могуць прывесьці да яшчэ больш сур’ёзнага пагаршэньня сытуацыі, у якой злучацца і тыя праблемы, што назапашаныя раней, і тыя, што ўзьніклі цяпер. Гаспадарчы маразм уладаў можа выклікаць толькі стыхійныя абурэньні працоўных — кшталту акцыі аўтамабілістаў, маўклівых выхадаў натоўпаў на плошчу, незадаволенасьці людзей на памежных пераходах… Ёсьць надзея, што гэта падштурхне насельніцтва да паглыбленьня народнай сьвядомасьці і актыўных дзеяньняў. Магчыма, толькі тады пачнуцца перамены ў самаўсьведамленьні, у асэнсаваньні насельніцтвам таго, што адбываецца навокал. А гэта, у сваю чаргу, ператворыць насельніцтва ў асэнсаваную сілу беларускага грамадзтва.

На мой погляд, без палітычных рэформаў нельга нічога дасягнуць, каб рухацца ў дэмакратычным кірунку"
.

Не сказаў бы, спадар Пакульніцкі, што сёньняшняя Беларусь — гэта, як вы пішаце, "маўклівае балота", дзе пануе "адносная грамадзкая цішыня". Тэмпэратура ў, так бы мовіць, "беларускім катле" яўна падвышаецца. Улада гэтага ўжо ня можа не заўважаць ды ігнараваць. Шматгадзінныя заспакаяльныя прэсавыя канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, паказальныя "адкручваньні" цэнаў, спробы знайсьці вінаватых у эканамічным правале за мяжой — усё гэта накіравана на тое, каб суцішыць грамадзкую напружанасьць, вярнуць сытуацыю ў звыклае рэчышча, калі людзі маўчаць і цярпяць, а ўлада кіруе так, як лічыць патрэбным. Пры гэтым накрыўка катла шчыльна зачынена і ўтрымліваецца ў такім стане ўсімі наяўнымі сіламі АМАПу, спэцслужбаў ды ідэалягічнай машыны. "Выпускаць пару" — гэта значыць: праводзіць лібэральныя рэформы, разьнявольваць мэдыі, дазваляць грамадзкія пратэсты — улада яўна не зьбіраецца.

Пра вынікі палітычных судовых працэсаў над арганізатарамі і ўдзельнікамі сьнежаньскіх пасьлявыбарчых пратэстаў разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" Вячаслаў Арлоў з Баранавічаў. Слухач піша:

"Усе абураюцца жорсткімі несправядлівымі прысудамі. Усе шкадуюць пацярпелых. А я хацеў бы запытаць у былых кандыдатаў і тых, хто быў разам зь імі: а чаго вы ішлі на тыя выбары? На што спадзяваліся? І дзіцяці было зразумела, што перамагчы на такіх так званых "выбарах" немагчыма. Разумныя людзі заклікалі да байкоту. (Так, зразумела, што паўнавартасны байкот не атрымаўся б, але гэта — асобная тэма). Дык не, вы ўсё роўна пайшлі. Хоць добра ведалі, хто такі Лукашэнка, чаго ад яго чакаць.

І вось вы атрымалі, паводле слоў таго ж Лукашэнкі, "па мордзе" — і "галосіце на ўвесь сьвет": "Мы — ахвяры!", "Злачынны рэжым!"… І цяпер пакутуеце ня толькі вы самі — цярпяць і вашы родныя.

Цяперашняя сытуацыя з палітрэпрэсаванымі нагадвае мне эпізод старога савецкага фільму пра Чапаева. Памятаеце, там Васілій Іванавіч пытаецца ў свайго байца:

— Што, паранены?

— Паранены, Васілій Іванавіч.

— Ну і дурань!

Дык вось, трэба было берагчы сябе для будучай барацьбы, праводзіць нейкую работу зь людзьмі. Вось цяпер грымнуў эканамічны крызіс, народ незадаволены — добрая падстава для такой працы. Але праводзіць яе няма каму. Апазыцыя разгромленая і дэмаралізаваная. Вось такое маё меркаваньне"
.

19-га сьнежня апазыцыйныя палітыкі вялі людзей на Плошчу зусім ня дзеля таго, каб атрымаць гумовай палкай па галаве, а потым трапіць на некалькі гадоў у турму. Так, спадар Вячаслаў, лёгка быць стратэгам і даваць парады, назіраючы за бойкай збоку, а тым больш ведаючы яе вынікі. Але мінулай восеньню і зімой людзі наўрад ці зразумелі б і падтрымалі б таго палітыка, які, замест таго каб удзельнічаць у рэальнай палітычнай кампаніі, глыбакадумна раіў бы берагчы сілы для будучай барацьбы і чакаць зручнейшага моманту. Многія чакаюць такога моманту ажно 17 год — куды ўжо болей…

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам, — з развагамі пра некаторыя адметнасьці нацыянальнага характару беларусаў, пра сёньняшнія беларускія рэаліі, а таксама пра тое, хто гэтыя рэаліі стварыў і чым яны ўрэшце могуць скончыцца для ўлады і грамадзтва. Слухач піша:

"Пад уражаньнем падзеяў апошніх цяжкіх і пераломных для краіны месяцаў узьнікаюць думкі пра Беларусь і беларусаў. Хіба ж дрэнныя ў нас людзі? Пасьпіваліся крыху, праўда, але гэта можна хутка паправіць. А так — і разумныя, і цярплівыя, і нязлыя, і не разбэшчаныя, і ў меру законапаслухмяныя, і працаваць могуць добра. Найбольшыя недахопы — так, цярплівыя, але занадта, да нейкай нечалавечай, цялячай рахманасьці. Іх душаць-душаць дэвальвацыямі-інфляцыямі-рэвалюцыямі, а яны пакрэкчуць, пачэшуць патыліцу і знойдуць выйсьце: "А раскапаю я яшчэ вунь там колькі сотак няўдобіцы ды засаджу бульбачкай, увосень прадам, вось неяк і выкруцімся. А ўладкуюся я яшчэ на паўставачкі, глядзіш — нейкую капейчыну буду мець, неяк перажывём. А складу я печачку на замову, вось і перакантуемся неяк. А патаксую я па выходных ды вечарамі — вось і зараблю сёе-тое". Будзем, аднак, шчырымі: калі не заробіць беларус, то і скрасьці можа — больш, праўда, у калгасе ці на прадпрыемстве. А каб патрабаваць ад улады: "Ты ж, зараза, лягчэй крыху, май сумленьне! Не душы мяне так зацята, бо хто ж цябе, заразу, корміць!" — не, куды там, бо беларус, на мой погляд, успрымае яе, уладу, хутчэй як стыхійнае бедзтва, а не як частку грамадзтва. Мы пра ўладу часьцяком так кажам: "ЯНЫ думаюць, што кошты падымуць — і ўсё будзе ў парадку". Ці так: "Хай бы ЯНЫ сабе заробак абрэзалі, а ня нам". Ці нават так: "ЯНЫ што, зусім з глузду зьехалі?", — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Кастусь Сырэль з Ушачаў. — "Вось так. Ёсьць цунамі, землятрусы, вывяржэньні вульканаў, град, паводка. А яшчэ ёсьць ЯНЫ — зьява такая ж небясьпечная і малапрадказальная, як папярэднія.

Яшчэ занадта беларусы даверлівыя — сямнаццаць год Рыгоравіч са сваімі апрычнікамі ім галовы дурыць, абяцанкамі-цацанкамі корміць, нахабна ілжэ, цэбрамі ды вёдрамі ім лапшу на вушы вешае — але дагэтуль знаходзяцца такія, што вераць уладзе, хоць, здавалася б, усё даўным-даўно зразумела!

Але пры такіх недахопах улада павінна дзякаваць Богу за гэтых людзей ды кіраваць імі, ствараючы на гэтай зямлі Эдэм.

І таму вось што яшчэ я думаю: якім жа трэба быць кіраўніком, каб такую сапраўды залатую краіну за сямнаццаць год ператварыць у чорт ведае што. Відаць, такая ўжо ў гэтага чалавека ўласьцівасьць...

У Лао Цзы ёсьць такое: "Найлепшы валадар той, пра якога народ ведае толькі тое, што ён існуе". Сапраўды, куды лепш для краіны было б, каб наш правадыр нічога не рабіў і ні ўва што ня ўмешваўся. Хай гуляў бы сабе ў хакей, адпачываў бы са сваім сябрам Уга Чавэсам на беразе возера Маракайба, сядзеў бы на ганаровым месцы на Славянскім базары, купляў бы для свайго малодшанькага, Міколкі, залатыя цацачныя пісталецікі. Толькі каб, крый Божа, нічога не чапаў!"


Пра выключную цярплівасьць беларусаў якіх толькі показак ды анэкдотаў не прыдумана. Але ўсё мае свае межы. Напрыклад, калі патаўчэсься разам з суайчыньнікамі некалькі гадзін у чарзе па валюту — дык ня скажаш, што нашы людзі адзначаюцца нейкай надзвычайнай рахманасьцю ды паблажлівасьцю. І нэрвуюцца, і сварацца, і лаюцца, і кухталёў гатовыя надаваць таму, хто наважыцца пралезьці да акенца касіра без чаргі... Так, як і любыя іншыя людзі ў падобнай сытуацыі.

І на заканчэньне — кароткі ліст-просьба ад Уладзімера Цыбенкі з Івацэвічаў. Слухач піша:

"Вельмі ўражаны судамі над удзельнікамі мітынгу 19-га сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Гісторыя рана ці позна ўсё расставіць на сваё месца.

Свабоду слухаю часта. Падабаюцца вашы аналітычныя праграмы, а таксама "Званочкі". Мая маці (зараз пэнсіянэрка) з маленства прывучыла да беларускай літаратуры. Яна ж сабрала нашу хатнюю бібліятэку, у якой у асноўным творы беларускіх пісьменьнікаў. Я зачытваўся Глебкам, Броўкам, Мележам, Адамовічам, Танкам, Сачанкам, Тарасам, Васілевіч, Капыловічам...

Нядаўна вы задаволілі маю просьбу наконт успамінаў нашага паважанага пісьменьніка Васіля Быкава. Мае сябры зрабілі сабе копіі з атрыманага дыска.

З задавальненьнем слухаў успаміны вэтэрана "Свабоды" Галіны Руднік. Гэтая таленавітая жанчына пабачыла і перажыла многае ў сваім жыцьці. Дай Бог ёй здароўя. Вельмі хацелася б мець яе ўспаміны ў выглядзе кнігі"
.

Кнігу Галіны Руднік "Птушкі пералётныя", як і многія іншыя кнігі і дыскі, мы высылаем у якасьці невялікіх падарункаў сваім даўнім сябрам, аўтарам найбольш цікавых допісаў, удзельнікам Клюбу сяброў "Свабоды". Сярод тых, хто атрымае гэту кнігу, будзеце і вы, спадар Уладзімер.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG