Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пячэрскі раённы суд Кіева 29 чэрвеня пачынае разглядаць па сутнасьці справу аб перавышэньні Юліяй Цімашэнкай паўнамоцтваў пры заключэньні газавых кантрактаў з Расеяй.

Да будынка Пячэрскага суду зноў зьбіраюцца прыхільнікі і праціўнікі лідэра партыі "Бацькаўшчына" Юліі Цімашэнкі. У канцы мінулага тыдня ў часе папярэдняга слуханьня справы былога прэм'ер-міністра Ўкраіны ў гэтым судзе не абышлося без правакацый і сутыкненьняў.

Працэс, на думку Юліі Цімашэнкі, закліканы выканаць галоўную мэта ўлады - не дапусьціць яе да ўдзелу ў любых выбарах.

- Яны заплянавалі пры дапамозе такіх залежных судоў, як Пячэрскі, адправіць мяне ў турму, але ім гэта не дапаможа, і мой голас з турмы будзе гучаць яшчэ гучней, чым цяпер

Напярэдадні суд адхіліў усе хадайніцтвы Юліі Цімашэнкі і яе абароны за выключэньнем допуску да справы яшчэ аднаго адваката - Мікалая Цітарэнкі. Экс-прэм'еру адмовілі ў адмене падпіскі аб нявыезьдзе, а таксама ў разглядзе яе справы судом прысяжных. Дэпутат Вярхоўнай Рады ад кіроўнай Партыі рэгіёнаў Іна Багаслоўская тлумачыць дзеяньні экс-прэм'ера так:

- Цімашэнка і яе абарона зацягваюць працэс, таму што яны бачаць, што пакараньне непазьбежна, што абвінавачваньне даказана цалкам, таму яны робяць усё, каб дацягнуць да выбараў, каб Цімашэнка зноў схавалася за дэпутацкую недатыкальнасьць

Генэральная пракуратура інкрымінуе былому прэм'еру перавышэньне паўнамоцтваў пры падпісаньні нявыгадных для Ўкраіны газавых кантрактаў з Расеяй у 2009-м годзе. Гаворыць сустаршыня Харкаўскай праваабарончай групы Яўген Захараў:

- Я мяркую, тое, у чым яе абвінавачваюць, не зьяўляецца крымінальна караным дзеяньнем, і таму абвінавачваньне не зьяўляецца абгрунтаваным і карэктным. Я не магу падтрымліваць яе дзеяньні, так паступаць нельга было, але гэта не зьяўляецца злачынствам.

Шэраг грамадзкіх і праваабарончых арганізацый раней зьвярнуліся да кіраўніцтва ЗША і Эўразьвязу з просьбай ўвесьці санкцыі супраць 14-ці ўкраінскіх чыноўнікаў, якія займаюцца перасьледам апазыцыянэраў. У сьпісе, у прыватнасьці, значацца Генпракурор Украіны Віктар Пшонка, яго першы намесьнік Рэнат Кузьмін, а таксама старэйшы сьледчы па асабліва важных справах Генпракуратуры Аляксандр Нечваглод, які расьсьледаваў справу Цімашэнкі.

- Адэкватным пакараньнем украінскім чыноўнікам, якія груба парушаюць правы чалавека, была б забарона на ўезд у ЗША і краіны Эўрапейскага Зьвязу, як гэта прапаноўвалася ў дачыненьні да чыноўнікаў, якія маюць датычнасьць да сьмерці юрыста Сяргея Магніцкага ў Расеі, - працягвае праваабаронца Яўген Захараў. - Гэта больш адэкватна, чым абмяжоўваць нашу краіну ў візах або ўводзіць нейкія эканамічныя санкцыі супраць дзяржавы. Хай будуць пакараныя тыя, хто непасрэдна датычны да парушэньня правоў чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG