Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, турма КДБ, сьнежань 2010-студзень 2011

Вользе Някляевай

* * *
Як плашчаніца, бел-чырвона-бела
Лунаў над лёсам сымбаль Твой сьвяты…
Калі ўдыхнуў Гасподзь душу мне ў цела —
Ёй стала Ты.

Ты, Воля беларуская, Ты, мара
Крывіцкая, Ты, крэўная мая!..
Калі Табе патрэбная ахвяра —
Ёй стану я.
1.01.2011

* * *
Ня ўсё дарэмна, што дарэмна…
Ня ўсё брыдота, што ў брыдзе…
Па ветры,
сушы,
па вадзе,
Магчыма, нехта патаемна
Мяне да нечага вядзе.

Магчыма, шлях мой да астрога
Наўмысна скручаны ў клубок
За ніцьцю ніць,
за крокам крок…

Хто ж мой вядок? Ён служка Бога,
Ці служка д’ябла — мой вядок?
2.01.2011

* * *
...І той, які махаў рукамі,
Нас падзываючы, і той,
Каго паклікалі мы самі —
Яны былі табе братамі,
А ты ня стала ім сястрой,
І калі цемра праглынула
Апошні ўскрык братоў тваіх,
Нікога з іх ты не пачула,
Не ўбачыла нікога з іх,
Схаваўшыся ў маіх абдымках,
Дзе я люляў цябе, бярог,
Ды дзве крывінкі, дзве радзімкі
Не сцалаваў з плячэй, не змог...
3.01.2011

* * *
Дождж, што ў сьнежні без патрэбы,
Сувязь між зямлёй і небам
Абарваў.

Сувязістку Бог забраў…

Страта ў страце…

Толькі з вока абраза,
Прад якім стаяла маці,
Ціха ўпала ў ціхай хаце
Вінаватая сьляза.
4.01.2011

* * *
Чыя дарога?.. Нічыя.
А на дарозе хто?.. Нікога.
І так адчуў я ласку Бога,
Нібы ў сьпякотны поўдзень я
Дайшоў да ручая ляснога.

І ўбачыў на дарозе цень,
Які на ёй стаяў без ценю,
І я падумаў: «Летуценьні…» —
І ў цені тым заснуў на дзень,
Клубком скруціўся ў Боскай жмені.
5.01.2011

* * *
Праз краты, праз калючыя драты
Апоўначы ўсьміхнулася мне ты,
І я заснуў —
і праз драты,
праз краты
З тваёй усьмешкай
паляцеў
дахаты.
6.01.2011

***
Прыснілася, што я ў турме адзін
На васемнаццаць камер з прыбіральняй.
Рэальным сон быў. І турма — рэальнай.
Пад раніцу. Каля шасьці гадзін.

А ў шэсць — пад'ём! І змрочны вартавы
Павёў у прыбіральню. Ледзянела
У ёй лайно. Дрыготка біла цела,
І адляталі сны ад галавы.
7.01.2011

* * *
Як жыць ня хочаш, дык памры.
Няма гульні. Распас.
Турэмны дворык два на тры —
І ў ім пяцёра нас.

І ў ім — з табой — усё, што меў,
І ўсё, што будзеш мець…

Квадратна-гнездавы пасеў.
Пляц.
«Кляц!»
Клець.
8.01.2011

* * *
З чаго складаецца душа —
Няведама, бо ні шыша
З душы ня ўзяць, а толькі зь цела.

Вось цела пашаньку арэ,
І што там зь цела адляцела —
Ніхто ня скажа, як памрэ.

Банальна?..
А ты як хацела?
9.01.2011

* * *
Як ні сьпяшаеш, як ні гоніш коней,
Ні прагнеш жыць ажно да забыцьця —
Не хопіць на жыцьцё твайго жыцьця
І рэшту будзеш дажываць па сконе.
10.01.2011

* * *
Калі я выйду з турмы на волю,
Ня стану клясьці ні лёс, ні долю,
А стану дубам у чыстым полі
Зялёным вецьцем шумець на волі.

І калі сядзе на вецьце воран,
І калі каркне, што ён — мой вораг,
Ня стану ў Бога вымольваць кары...
На тое й воран, каб жыць ды каркаць.
11.01.2011

***
Падышоў да возера і лёг
На ваду, на хвалі галавою,
Каб заснуць — і ў сьне сувоіў Бог
Тое, што ўва мне і пада мною,
Тое, што ўва мне і нада мной,
Дзе аблокі, поўныя вадою,
На якіх паклаўся галавой
Той, хто мною быў і стане мною,
Хто напяў між небам і зямлёй
Залатую нітачку сувою...
12.01.2011

* * *
З нябожчыкамі параісься —
Адсюль туды не пара яшчэ...
Хоць скрозь парадкі адны:
Куды ня йдзеш — упіраесься
У чатыры сьцяны.
13.01.2010

***
Паўзе па шкле, што раптам пачарнела
Начны павук.
На кожны рып напружваецца цела,
На кожны грук.

І замірае камэра ў здранцьвеньні
На ўскрык нямы...
Тут некалі стралялі ў сутарэньні
Такіх, як мы.
14.01.2011

***
Пераступіўшы праз парог
І ўбачыўшы, што за парогам
Няма нічога, я бярог
Усё, пра што ў сумоўі з Богам
Дамоўлена было, а Бог
За гэта ўсё
Мяне зьбярог.
15.01.2010

* * *
Сьпіш яшчэ, мая ты сплюшка?
Дзьве цукеркі пад падушкай
Там, дзе ты… А там, дзе я,
Дзьверы з вочкам і кармушкай,
Камэра дзевятая.

Да мяне прыйдзі ты ночкай,
На мяне зірні ты ў вочка
І кармушку адчыні,
Дай цукерку мне да чаю
І цукерку вертухаю,
Каб не гаўкаў дзень пры дні.
16.01.2010

***
Так хочацца сябе парадаваць,
Пакінуць камэрную клець,
Знайсьці альтанку пад прысадамі,
Зайсьці ў яе і пасядзець...
17.01.2010

***
Зьбіты операм, на нары
Лёгшы ніц,
Я прыпомніў, як штукарыў
Дацкі прынц.

Тут ягоныя хістаньні
Не ў цане,
Тут нямашака пытаньня
Быць ці не.

Калі ты каля парашы
Ніцма лёг,
Толькі б выжыць, зубы сьцяўшы,
Даў бы Бог.
18.12. 2010

***
Я – ракой зь берагоў,
Я – расой па траве,
Бо ў курыных багоў
Дзірачкі ў галаве…
19.12.2010

***
Толькі сьнег. І на сьнезе сьляды
У чатыры бакі. І куды
Ты ні ступіш, ні рушыш – твой шлях
Па сьлядах, па сьлядах, па сьлядах.
А калі завіруха на сьвет
Наляціць, замяце кожны сьлед,
Нехта пойдзе, як па цаліку...
Так бывае на кожным вяку.
20.12.2010

***
За дарогай
няма нічога,
І нічога –
сама дарога.
21.12.2010

* * *
Перакінуўся праз лёс
Мост – і я па ім панёс
Тое, што на плечы ўзяў.

Мне ў дарозе месяц зьзяў.
Я ішоў, не ведаў сна
Ад цямна і да цямна.

На плячах маіх сума,
А ў ёй воля ды турма.

І яшчэ, бы ў горле ком,
Лёс. Унізе. Пад мастом.
22.12.2010

***
Не ў памеры Гамера
Ні харэй і ні ямб.
Меў на эпас намеры,
Ды, халера, аслаб.

Пасадзілі за краты –
І палюцый няма.
Не Гамер вінаваты.
Вінавата турма.

Бо ўсё цягне дадому,
Бо ў аддзел паясны
Не прыходзяць ад брому
Гамерычныя сны.
23.12.2010

* * *
«Скажы, — спытала ты мяне,
Што бачыш ты на самым дне
Жыцьця?..» І я напружыў зрок
Так, што наплыў у вочы змрок,
І ў ім ня ўбачыў я нічога
На дне — і нават дна самога…
24.01.2011

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG