Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Сяргея Рыжова ініцыявалі сьледчую праверку


Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

Віцебскі дэпартамэнт папярэдніх расьсьледаваньняў апытвае сваякоў і знаёмых экс-прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Сяргея Рыжова, які праз інтэрнэт заклікаў распачаць 3 ліпеня агульнабеларускі бестэрміновы страйк.

Паводле спадара Рыжова, 28 чэрвеня да яго ў кватэру прыйшоў супрацоўнік Першамайскага РАУС, які апытаў маці, сястру і пляменьніцу ініцыятара страйку. Сяргея Рыжова на той час дома не было, але сваякі распавялі, што міліцыянт не паказаў ніякага дакумэнта, каб пацьвердзіць неабходнасьць апытаньня. Яго цікавіла, ці падключаны ў кватэры інтэрнэт, і ці ведаюць сваякі пра заклікі Сяргея Рыжова да агульнабеларускага бестэрміновага страйку.

Таксама 28 чэрвеня ў дэпартамэнце папярэдніх расьсьледаваньняў дапыталі Сяргея Серабро — рэдактара незалежнага сайту «Народныя Навіны Віцебску» і стваральніка віцебскага «Вольнага форуму вольнага гораду», дзе быў разьмешчаны заклік распачаць страйк. Пытаньні да Сяргея Серабро тычыліся тэхнічных падрабязнасьцяў працы форуму, а таксама, ці мадэруюцца допісы наведнікаў, і ці пэўны спадар Серабро, што заклік распачаць страйк 3 ліпеня разьмясьціў менавіта Сяргей Рыжоў.

Сяргею Серабро патлумачылі, што па факце закліку да страйку праз інтэрнэт віцебскі дэпартамэнт папярэдніх расьсьледаваньняў праводзіць сьледчую праверку. Сяргея Рыжова выклікалі на гутарку таксама — ён мусіць зьявіцца да сьледчых 29 чэрвеня а 10 раніцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG