Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Так, той самы, які гадамі быў галоўным рупарам рэжыму, адзін зь ягоных слупоў, старшыня Белтэлерадыёкампаніі, сэнатар і іншае, і іншае.

Яшчэ пасьля сьнежаньскіх выбараў ў тэлеперадачы на расейскім тэлеканале ён бравіраваў сваім цынізмам, брудна і зьняважліва выказваючыся пра ўдзельнікаў маніфэстацыі 19 сьнежня. Тады вядучы перадачы Павал Селін спытаў яго, ці не давядзецца і спадару Зімоўскаму праз кароткі час, як і многім іншым апальным чыноўнікам, атабарыцца ў Расеі.

Як у ваду глядзеў. Не прайшло і паўгода – Зімоўскага з пасады зьнялі, прычым зьнялі, гледзячы па ўсім, зьняважліва, ён жыве і працуе ў Піцеры (як Скарына:) ), ну і завёў сабе сайт, дзе, як той казаў, адцягваецца па поўнай. Стылістыка пазнавальная, якой сп-р Зімоўскі вызначаўся і на БТ у гады праграмы «Рэзананс», і ў сваім блогу ў «Беларускіх навінах», які вёў апошнія гады. Але зараз ужо без эфэмізмаў, а мацярком. «У мяне не кампрамат, а мат» -- кажа былы «ахраніцельны» журналіст.

Брыдка? Ну так. Але таленавіта, а галоўнае эфэктыўна. У «Беларускіх навінах», рэсурсе зусім не афіцыёзным, блогі Зімоўскага былі самымі папулярнымі.

Эвалюцыя Аляксандра Зімоўскага – магчымы сцэнар пераменаў у Беларусі. Зьменіцца расклад, прамахнецца Акела, і тысячы айчынных пратэяў імгненна памяняюць маскі на іншыя

Я тут нават не пра крутыя павароты лёсу былога галоўнага тэлекілера краіны, а пра тыпаж. Дарэчы, і ў цяперашніх сьцёбных пастах Зімоўскага, напрыклад, у зьедлівым камэнтары, як варта было б інфармацыйна ўпакоўваць крызіс, праглядаецца, што ён не зьмяніўся і зусім не пачаў барацьбу з рэжымам, часткай якога быў, не на жыцьцё, а на сьмерць. Не, і тое было гульня, і зараз гульня. Прапануюць што-небудзь цікавае, смачнае, вернецца, ізноў апране маску «ахраніцеля». Ну а не – дык і далей будзе насіць маску сьцёбнага разбуральніка.

Так, разбуральніка, можа нават насуперак сваёй волі. Бо шмат для каго, ў тым ліку і з намэнклятуры, менавіта Зімоўскі, як і было сказана, гадамі быў тварам ідэалёгіі і прапаганды. І калі ўжо ён зьдзекуецца над тым, чаму служыў, то відаць і сапраўды падгніла нешта ў дацкім каралеўстве.

А які ён без набору масак, які насамрэч? Мяркую, што наш герой шчыра б парагатаў над такім пытаньнем. Ды ніякі. І ўсялякі, любы. Славалюбства, цынізм, талент – гэта сваё, ўласнае, а ўсё астатняе – толькі маскі. Як старажытнагрэцкі бог Пратэй, які мог прымаць любыя формы.

Эвалюцыя Аляксандра Зімоўскага – магчымы сцэнар пераменаў у Беларусі. Зьменіцца расклад, прамахнецца Акела, і тысячы айчынных пратэяў імгненна памяняюць маскі на іншыя. І на крыўду таго Акелы, на горкія словы пра здраду адкажуць ці хвосткім сьцёбам у стылі Зімоўскага, ці шчырым зьдзіўленьнем – а ў чым справа, ў чым праблема, раней такі быў час, а зараз іншы, жыцьцё. Tempora mutantur et nos mutamur in illis(мяняюцца часы і мы мяняемся разам зь імі), як казалі старажытныя рымляне.

І ня згубяцца гэтыя пратэі і ў новым жыцьці. Калі не стануць, дакладней, не застануцца яго гаспадарамі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG