Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У што можа трансфармавацца крызіс даверу да ўлады?


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, зарэгістраваны ў Літве, правёў у чэрвені чарговае агульнанацыянальнае дасьледаваньне беларускай грамадзкай думкі. Ці можна канстатаваць падзеньне даверу грамадзтва да ўлады? Ці фармуецца антылукашэнкаўская большасьць? Ці дасьпела насельніцтва да публічнага пратэсту?


Удзельнікі: прафэсар сацыялёгіі Алег Манаеў і галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін.

Вадзім Гігін
Алег Манаеў
Валер Карбалевіч


Падзеньне даверу грамадзтва да ўлады


Валер Карбалевіч: «Гэтага апытаньня зь нецярплівасьцю чакалі палітыкі і экспэрты. Як паўплываў эканамічны крызіс на грамадзкую думку? Ці перарос эканамічны крызіс у сацыяльны? Упершыню за шмат гадоў колькасьць тых, хто давярае прэзыдэнту (54%) перавысіла колькасьць тых, хто не давярае (36%). За Лукашэнку гатовыя цяпер галасаваць толькі 29%. Больш за ўсё мяне ўразіў той факт, што толькі 29% вераць у афіцыйную вэрсію наконт тэракту ў менскім мэтро. Ці можна казаць пра падзеньне даверу грамадзтва да ўлады?».

Алег Манаеў: «Думаю, можна. Іншая справа, з чым параўноўваць. Ёсьць краіны, дзе такі ўзровень даверу, які цяпер зафіксаваны ў Беларусі, лічыцца нармальным. А вось калі параўноўваць з тым узроўнем даверу, які быў да выбараў, то ён моцна ўпаў. Маецца на ўвазе давер да дзяржаўных інстытутаў (прэзыдэнт, урад, Нацыянальны сход), асобы прэзыдэнта, ацэнка пэрспэктываў разьвіцьця краіны».

Вадзім Гігін: «У нас ёсьць розныя інстытуцыі, якія займаюцца сацыялягічнымі апытаньнямі: Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта, лябараторыя Ротмана, аналітычны цэнтар „Экаом“, Інстытут сацыялёгіі. Усе яны даюць абсалютна розныя лічбы.

Але адносная тэндэнцыя відавочная. Пагаршэньне эканамічных умоваў жыцьця не магло не адбіцца на настроях грамадзтва. Сапраўды, адбываецца працэс падзеньня даверу да дзяржаўных інстытуцый.

Іншая справа, наколькі ўстойлівая гэтая тэндэнцыя? Ці гэтая зьява часовая? Усё будзе залежаць ад таго, наколькі ўстойлівай будзе эканамічная сытуацыя ў краіне. Бо перапады даверу той жа сп. Манаеў фіксаваў і раней. Але нічога сур’ёзнага ў сацыяльна-палітычным пляне не адбылося пасьля гэтага».

Ці фармуецца антылукашэнкаўская большасьць?


Карбалевіч: «Некаторыя мэдыі і экспэрты зрабілі выснову, што ў краіне складаецца антылукашэнкаўская большасьць. Ці згодныя вы з такой інтэрпрэтацыяй?»

Манаеў: «Не, я з гэтым абсалютна ня згодзен. Падзеньне даверу да ўлады яшчэ не азначае, што людзі накопліваюць адмоўныя эмоцыі на адрас кіраўніка дзяржавы і гатовыя ў зьвязку з гэтым нешта рабіць».
Падзеньне даверу да ўлады яшчэ не азначае, што людзі накопліваюць адмоўныя эмоцыі на адрас кіраўніка дзяржавы і гатовыя ў зьвязку з гэтым нешта рабіць.

Карбалевіч: «Але ж упершыню за многія гады колькасьць тых, хто давярае прэзыдэнту (36%), перавысіла колькасьць тых, хто не давярае (54%). І гэта ня сьведчыць пра стварэньне антылукашэнкаўскай большасьці?».

Манаеў: «Так. Але за 17-гадовы тэрмін кіраваньня Лукашэнкі нямала было такіх выпадкаў. Вясной 2002 году ўзровень даверу да Лукашэнкі ўпаў да 30%, а ў 2003 годзе — да 26%. Гэта быў мінімум. І ўсё рассмоктвалася. Я не кажу, што і цяпер так будзе».

Гігін: «Антылукашэнкаўская большасьць — гэта не паліталягічнае, а палітычнае ці прапагандысцкае клішэ. У Лукашэнкі ёсьць свой нуклеарны, ядзерны электарат, які яго ўстойліва падтрымлівае. Ён складае 30–40% ці трохі больш. І да яго далучаюцца, у залежнасьці ад сацыяльна-эканамічнай, палітычнай, вонкавай сытуацыі іншыя сацыяльныя слаі. І гэты цьвёрды электарат Лукашэнкі большы, чым ня толькі ў кожнага апанэнта, але нават ва ўсіх палітыкаў, разам узятых».

Ці расьце давер да апазыцыі?


Карбалевіч: «Падзеньне даверу да ўлады не прывяло да росту даверу да апазыцыі і яе палітыкі. Ці так гэта? Калі так, то чаму?».

Манаеў: «У апазыцыі да ўлады сябе лічаць 25%. Год таму гэтая лічба была 16%. Але калі параўнаць з тым, што прэзыдэнту не давяраюць 55%, то гэта несувымерныя лічбы.

Якія прычыны? НІСЭПІ задаваў пытаньне, чаму многія людзі давяраюць Лукашэнку. Самая вялікую опцыю атрымаў адказ: ня бачым нікога іншага, на каго можна спадзявацца — 47%.

Няма крышталя, вакол якога можна аб’яднацца. Пад гэтым я разумею ня толькі канкрэтнага лідэра, але і структуру, арганізацыю, партыю ці праграму».

Гігін: «Некалькі прычын таго, чаму людзі не пераходзяць на бок апазыцыі. Па-першае, у апазыцыі няма харызматычных палітыкаў, якія маглі б на роўных змагацца з Лукашэнкам. Па-другое, няма ідэалёгіі, якая б была папулярная для грамадзтва. Па-трэцяе, мэтодыка дзеяньняў апазыцыі. Гэта нейкі экстрым, вулічныя акцыі».

Ці грамадзтва дасьпела да пратэсту?


Карбалевіч: «Ці азначае крызіс даверу да ўлады, што грамадзтва дасьпела да пратэсту? Ці гатовыя людзі да нейкіх дзеяньняў? Або незадаволенасьць у нішто не ператвараецца?».

Манаеў: «Надзея на ўладу ў грамадзтве падае. НІСЭПД задаваў пытаньне: калі вашыя правы парушаюцца, куды вы ў першую чаргу зьвяртаецеся па дапамогу? На першым месцы (амаль 30%) была опцыя: няма сэнсу абараняцца, дзяржава ўсё роўна выйграе.

Маюць досьвед удзелу ў акцыях пратэсту каля 6%. А гатовыя ўдзельнічаць — 16%. У страйках гатовыя ўдзельнічаць 14%, у галадоўках — каля 7%. Калі лічыць у суме, то гэта каля 20% гатовых удзельнічаць у акцыях пратэсту».

Карбалевіч: «Сп. Гігін, вось вы сказалі, што апазыцыя прапануе нейкія экстрэмальныя сродкі барацьбы: вулічныя акцыі пратэсту. Але ў сёньняшніх беларускіх умовах іншых легальных сродкаў выказваньня сваіх патрабаваньняў да ўлады не існуе».

Гігін:
Няхай апазыцыя канвэртуе пратэстны настрой у галасы выбаршчыкаў.
«Лічбы НІСЭПД прыкладна супадаюць з дасьледаваньнямі Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта. Там лічба 6% людзей, якія гатовыя да ўдзелу ў акцыях пратэсту. Гэта абсалютная меншасьць насельніцтва.

Не пагаджуся, што няма поля для публічнай палітыкі. Я быў сьведкам шматлікіх выпадкаў, калі прадстаўнікі, лідэры апазыцыі адмаўляліся ад выступу ў дзяржаўных мэдыях. Гэта сьвядомы выбар дэструктыўнай дзейнасьці. Рыхтуйцеся да парлямэнцкіх выбараў. Няхай апазыцыя канвэртуе пратэстны настрой у галасы выбаршчыкаў».

Карбалевіч: «Ці правільна я вас зразумеў, сп. Гігін, што лідэры, прадстаўнікі апазыцыі могуць надрукаваць свой артыкул у вашым часопісе?».

Гігін: «Канечне. Але пасьля рэдактуры. Мы рэдагуем усіх, нават кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG