Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол ЗША ў Літве – за беларускую і літоўскую АЭС


Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС

Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС


Пасол ЗША ў Літве Эн-Элізабэт Дэрсу на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні заявіла, што Злучаныя Штаты Амэрыкі падтрымліваюць пляны будаўніцтва АЭС у Літве і Беларусі. Пра гэта піша БелаПАН са спасылкай на партал delfi.ru.

Паводле яе ЗША падтрымліваюць імкненьне Літвы да энэргетычнай незалежнасьці і бясьпекі, а таксама дывэрсыфікацыю беларускай энэргетыкі, але не выказваюць меркаваньне аб пляцоўцы для плянуемай АЭС у Астраўцы.

"Я хачу ўдакладніць, што ЗША сапраўды заявілі пра АЭС у Беларусі. Мы выказваем палітычную падтрымку такім краінам, як Беларусь і Літва, а таксама любой іншай краіне, якая жадае дывэрсыфікаваць свае крыніцы энэргіі і забясьпечыць энэргетычную бясьпеку. Мы лічым, мірная атамная энэргетыка зьяўляецца часткай гэтай бясьпекі. Мы не выказвалі якія-небудзь погляды з нагоды пляцоўкі АЭС, мы толькі сказалі, што любое разьвіцьцё атамнай энэргетыкі ў мірных мэтах павінна адпавядаць міжнародным стандартам бясьпекі. Гэта асабліва важна пасьля таго, што адбылося ў Японіі ", - падкрэсьліла яна.

Дарэчы, ў чэрвеньскім апытаньні, якое правёў у Беларусі Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, базаваны ў Літве, 27.1% апытаных станоўча паставіліся да будаўніцтва ў Беларусі АЭС па расейскім праекце і за расейскі крэдыт, 16.4% не супраць будаўніцтва АЭС, але супраць таго, каб гэта быў расейскі праект, і 50.3% - супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС у прынцыпе.
XS
SM
MD
LG