Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат лічыць недакладным пераклад артыкулаў Пачобута з польскай на беларускую


На закрытым судовым працэсе над журналістам Андрэем Пачобутам сёньня ў Горадні выступілі ягоныя адвакаты, пасьля чаго судовыя спрэчкі скончыліся. Наступнае паседжаньне ў Ленінскім раённым судзе Горадні прызначана на 5 ліпеня, на якім журналісту дадуць апошняе слова.

Сёньня на судовым працэсе выступілі адвакаты Андрэя Пачобута. Адзін зь іх, Уладзімір Кісялевіч, патлумачыў асноўны зьмест свайго выступу як абаронцы:

Адвакат Уладзімір Кісялевіч распавядае пра судовыя спрэчкі, якія закончыліся 28 ліпеня

"Я, калі выступаў, тлумачыў суду, чаму лічу Пачобута невінаватым. І, вядома, прасіў яго апраўдаць і вызваліць у залі суду з-за кратаў".

Адвакат зьвярнуў увагу суду на парушэньні:

"Я тлумачыў суду: калі ішло сьледзтва, быў парушаны крымінальна-працэсуальны кодэкс. Гэта і пры ўзбуджэньні крымінальнай справы і пры расьсьледаваньні яе, пры прызначэньні экспэртаў: яны, па-першае, зацікаўленыя людзі, а па-другое, не былі захаваныя правы Пачобута. Ён бы мог заявіць адвод экспэртам".

Нагадаем, што экспэртамі ў крымінальнай справе Андрэя Пачобута выступілі супрацоўнікі аблвыканкаму і прафэсар дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Цікавая акалічнасьць: артыкулы журналіста, надрукаваныя ў варшаўскай "Газэце выборчай", былі перакладзеныя з польскай мовы на беларускую. Адвакат Уладзімір Кісялевіч:

"Мы лічым, і я лічу, што калі быў зроблены пераклад з польскай мовы на беларускую, ён быў недакладны. Суд не задаволіў хадайніцтва, каб выклікаць Паўлюкевіч, якая перакладала. Калі б задаволіў і яна прыйшла ў суд, мы б маглі бачыць — ці яна прафэсійна падрыхтаваная, ці мае яна адукацыю, адкуль ведае польскую мову? Гэта трэба было зрабіць. Гэта мы суду і даводзілі".

Заснавальнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін быў сёньня сярод тых, хто прыйшоў пад Ленінскі суд на вуліцы Даватара, каб выказаць падтрымку Андрэю Пачобуту.

Бацька журналіста Станіслаў Пачобут з заснавальнікам Саюзу палякаў Тадэвушам Гавіным

Гавін: "Я лічу: вельмі добра, што людзі салідарызуюцца, што неабыякава ставяцца да працэсу, які адбываецца ў нас у Горадні. Маё асабістае меркаваньне: Пачобут не павінен быў быць прыцягнуты да адказнасьці крымінальнай, паколькі як журналіст мае права на асабістую думку. Я чытаў гэтыя артыкулы. Ён практычна там нічога не напісаў, за што яго можна было б судзіць, тым больш, як запатрабаваў пракурор — тры гады зьняволеньня".

Тадэвуш Гавін, як і ўсе іншыя, ня мог трапіць на працэс над Андрэем Пачобутам.

Гавін: "І закрыты працэс — гэта ўвогуле абуральны факт. Бо мы ведаем, што нават калі судзілі кандыдатаў у прэзыдэнты, якіх улада ўвогуле прэзэнтавала як "ворагаў народу", і тое гэтыя суды былі адкрытымі. У скрайнім выпадку, калі ўжо зрабілі суд закрытым, то павінны былі дапусьціць бацькоў, жонку, дзяцей. Гэта, з майго пункту гледжаньня, проста амаральна".



Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай "Газэты выборчай". У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з "Газэты выборчай" і дзьве з інтэрнэту — зь "Беларускага партызана" і "Жывога журналу". Журналісту прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка 1) — "абраза" і 367 (частка 1) — "паклёп" у адносінах да прэзыдэнта. Пракурор прапанаваў зьняволіць Андрэя Пачобута на тры гады.
XS
SM
MD
LG