Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі вас затрымалі падчас народных гуляньняў


Заўтра, 29 чэрвеня, у розных гарадах Беларусі ізноў адбудуцца гуляньні. Як і ў мінулы раз хутчэй за ўсё скончацца яны затрыманьнямі. Што рабіць у тым выпадку, калі вас затрымалі і прад’явілі абвінавачваньні? «Наша Ніва» са спасылкай на сайт gomel-experts.org друкуе парады юрыста Леаніда Судаленкі га гэты конт.

Затрыманьне


Важна памятаць, што супрацоўнікі міліцыі надзеленыя правам затрымаць і даставіць у аддзяленьне міліцыі на тэрмін да 3-х гадзін практычна любога не ўпадабанага імі грамадзяніна. На тэрмін звыш 3-х гадзін, але ня больш чым на 72 гадзіны (трое сутак) могуць быць затрыманыя грамадзяне, падазраваныя ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, за якое ў якасьці спагнаньня прадугледжаны адміністрацыйны арышт (напрыклад, артыкул за «хуліганку»).

Як правіла, спачатку затрымліваюць для высьвятленьня асобы (наяўнасьць пры сабе пашпарта пажаданая, але не зьяўляецца гарантыяй ў такіх выпадках). Ужо потым, у залежнасьці ад сытуацыі альбо адпускаюць, альбо складаюць адміністрацыйны пратакол.

Варта памятаць, што супрацоўнікі міліцыі самастойна ў дачыненьні да затрыманага ніякага рашэньня не прымаюць, усё залежыць ад каманды, якая паступіць ім з «Цэнтра», які пакуль дае каманды на папаўненьне бюджэту штрафамі, у тым ліку і паводле артыкула за «хуліганку» (выпадак гомельца Руслана Усьціменкі — паводле артыкула 17.1 дробнае хуліганства, за які можна атрымаць максымальна 15 сутак арышту, ён атрымаў 20 базавых велічынь штрафу, паводле артыкула 23.4 -- непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню супрацоўніка міліцыі ён атрымаў 2 базавыя, хоць максымальная санкцыя – да 1750000 рублёў).

Пры затрыманьні раю нічога супрацоўнікам міліцыі не даказваць, яны «сьляпыя» выканаўцы. Важна быць ахайна апранутым, мець пры сабе пашпарт асобы, ну і, вядома, пажадана нават піва не ўжываць перад акцыяй. У любым выпадку лёс затрыманага вызначыць «Цэнтар». Суд тут таксама значэньня ня мае, таму раю не марнавацца на адвакатаў. Адпусьцяць праз тры гадзіны без складаньня пратаколу, значыць пашанцавала, складуць пратакол — пашанцавала менш.

Аб затрыманьні фiзычнай асобы супрацоўнікі міліцыі абавязаны скласьці пратакол адміністрацыйнага затрыманьня, у якім паказваюцца дата і месца яго складаньня, пасада, прозьвішча, імя і імя па бацьку службовай асобы, якая склала пратакол, зьвесткі пра асобу затрыманага, падставы, месца і час яго фактычнага затрыманьня. Копія пратаколу ўручаецца затрыманаму на яго просьбу.

Калі пасьля дастаўленьня ў аддзяленьне міліцыі вас вырашылі абшукаць, раю не супраціўляцца, міліцыя мае права на асабісты ператрус у прысутнасьці двух панятых. У сувязі з гэтым раю на акцыі нічога ня браць з сабой лішняга.

Мабільны тэлефон супрацоўнікі міліцыі забіраць ня маюць права, роўным чынам як і забараняць званкі, за выключэньнем выпадкаў зьмяшчэньня ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Раю не злоўжываць тэлефоннымі званкамі ў аддзяленьні міліцыі, а зрабіць пару важных званкоў, паведаміўшы аб затрыманьні сваім блізкім.

Прад’яўленьне абвінавачаньня


Калі супраць Вас пачалі складаць адміністрацыйны пратакол аб зьдзяйсьненьні правапарушэньня, няхай нават з самым абсурдным абвінавачаньнем, раю не панікаваць, усё роўна сытуацыю ня зьменіш.

Важна памятаць, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні павінен зьмяшчаць дату і месца яго складаньня, пасаду, прозьвішча, імя і імя па бацьку асобы, якая склала пратакол; зьвесткі аб асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс; час, месца і абставіны зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага правапарушэньня з указаньнем на артыкул кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які прадугледжвае адказнасьць за дадзенае правапарушэньне; прозьвішчы, імёны і імёны па бацьку, адрасы пацярпелых і сьведкаў, калі яны маюцца; адзнаку аб тым, што асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, растлумачаны яе правы і абавязкі.

Пасьля складаньня пратаколу раю яго ўважліва прачытаць і абавязкова падпісаць. Адмова ад подпісу ў знак нязгоды з выстаўленымі абвінавачаньнямі можа толькі пагоршыць ваша прававое становішча, паколькі супрацоўнік міліцыі проста зробіць адмысловую адзнаку аб адмове. Разам з тым, у выпадку адсутнасьці вашага подпісу на пратаколе супрацоўнікі міліцыі могуць яго перапісваць неабмежаваную колькасьць разоў, не даючы пасьля вам шанцу выкарыстоўваць іх памылкі на сваю карысьць. Наяўнасьць вашага подпісу на пратаколе пазбаўляе іх такой магчымасьці.

Важна перад сваім подпісам у пратаколе зрабіць сваё пісьмовае тлумачэньне адносна прад’яўленых абвінавачаньняў і потым запатрабаваць копію пратаколу.

Суд


На разглядзе адміністрацыйнай справы ў судзе падрабязна спыняцца ня варта. Мне ўспамінаецца выпадак, калі на суд аднаго з грамадзкіх актывістаў, які абвінавачваўся ў дробным хуліганстве зьявілася каля дваццаці яго калегаў. Пакуль мы праходзілі пашпартную працэдуру на пасту міліцыі і потым падняліся на другі паверх, мой калега атрымаў ужо сем сутак адміністрацыйнага арышту. Суд доўжыўся ня больш за тры хвіліны.

Аб адсутнасьці сэнсу запрашаць адваката на суд я ўжо сказаў. Сьведкі з вашага боку пажаданыя, але вялікага значэньня ня маюць. Супраць вас у судзе будуць хлусіць (ілжэсьведчыць) супрацоўнікі міліцыі, распавядаючы суду як вы гучна лаяліся матам, размахвалі рукамі, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі.

Супраць абвінавачаньняў у дробным хуліганстве праваабарончая супольнасьць Беларусі яшчэ ня выпрацавала спосабаў абароны, за выключэньнем некаторых выпадкаў, пра якія я скажу ніжэй. Бывалі выпадкі, калі супраць хлусьлівых паказаньняў двух супрацоўнікаў міліцыі мы прыводзілі ў суд па пяць і больш сваіх сьведак. Суд ацэньваў гэтыя паказаньні крытычна, быццам бы яны накіраваныя на пазьбяганьне магчымай адміністрацыйнай адказнасьці.

Тут узьнікае тонкі юрыдычны момант. Сам факт «хуліганкі» эфэктыўна абскардзіць не атрымаецца ні ў вышэйшых судах, ні ў пракуратуры. А вось падаць скаргу на адсутнасьць справядлівага судовага разбору кампэтэнтным, незалежным і непрадузятым судом цалкам можна. У такім выпадку, для тых, хто не спыняецца і жадае ў будучыні атрымаць маральную перамогу, зьяўляецца магчымасьць падачы скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека пасьля вычарпаньня ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны.

Пасьля абвяшчэньня пастановы трэба абавязкова ўзяць у судзьдзі яе засьведчаную судом копію.

Абскарджаньне судовай пастановы


Пастанову суду аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці можна абскардзіць у абласным судзе на працягу дзесяці сутак з моманту яе вынясеньня. Таксама скаргу хоць і не эфэктыўна, але магчыма падаваць праз органы пракуратуры.

Скарга на пастанову суду адрасуецца ў абласны суд, але падаецца ў суд, якi вынес пастанову, які пасьля атрыманьня скаргі накіроўвае яе разам з адміністрацыйнай справай у вышэйшы суд. Пры падачы скаргі неабходна выплаціць на рахунак райфінаддзела дзяржаўную пошліну, памер якой залежыць ад памеру прысуджанага штрафу. Калі штраф менш за 350 000 рублёў, дзяржпошліна складзе 17 500 рублёў, ад 350 000 рублёў да 3 500 000 рублёў — дзяржпошліна складае 70 000 рублёў.

Пасьля разгляду скаргі ў абласным судзе, куды, як правіла, заяўнік запрашаецца позвай, скаргу яшчэ можна падаваць на працягу паўгода на імя старшыні абласнога суду, а таксама старшыні Вярхоўнага суду, рашэньні якога зьяўляюцца канчатковымі і абскарджаньню на тэрыторыі краіны не падлягаюць.

Вышэй я сказаў пра магчымасьць падачы скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека – на адсутнасьць справядлівага судовага разбору кампэтэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Гэты мэханізм зьяўляецца досыць складаным у частцы даказваньня і яго трэба пачынаць ужо ў судзе першай інстанцыі, што без спэцыяльных ведаў не пад сілу шараговаму чалавеку. Скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека ў Беларусі ўмеюць рыхтаваць як праваабарончыя арганізацыі, так і асобныя праваабаронцы. Аднак гэта ўжо іншая тэма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG