Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Freedom House»: Дэмакратыя ў «пераходных краінах» ідзе на спад


“Freedom House”, амэрыканская недзяржаўная арганізацыя, якая падтрымлівае разьвіцьцё дэмакратыі і правоў чалавека ў сьвеце, апублікавала штогадовы даклад пра стан дэмакратычных свабодаў у “пераходных дзяржавах” сьвету (“Nations in Transit 2011”).

“Freedom House” ацэньвае дэмакратычныя свабоды ў дадзенай краіне паводле шкалы ад 1 (найвышэйшая ступень разьвіцьця) да 7 (найніжэйшая). Выніковая ацэнка зьяўляецца кансэнсусам паміж экспэртамі “Freedom House”, акадэмічнымі дарадцамі гэтай арганізацыі і аўтарамі адмысловых палітычных дакладаў па паасобных краінах. Даклад па Беларусі напісалі Віталь Сіліцкі і Аляксей Пікулік.

Агульная ацэнка стану дэмакратычных свабодаў у Беларусі -- 6,57. Гэта горай, чым у папярэднім годзе (6,50).

Беларусь традыцыйна апынаецца на самым нізе ў ацэнцы сямі парамэтраў дэмакратычнага разьвіцьця, да якіх належаць: выбарчы працэс (7,00 у 2011/6,75 у 2010), грамадзянская супольнасьць (6,00/6,00), незалежнасьць сродкаў масавай інфармацыі (6,75/6,50), дэмакратычнасьць кіраваньня дзяржавай (6,75/6,75), мясцовае самакіраваньне (6,75/6,75), незалежнасьць судовай улады (6,75/6,75), узровень карупцыі (6,00/6,00).

“Мы адзначылі паступовае зьмяншэньне падкантрольнасьці ўлады і ўзроўню дэмакратыі ва ўсіх былых рэспубліках Савецкага Саюзу, за выняткам балтыйскіх краінаў. Гэта таксама азначае, што кіраўніцтва ў пераважнай большасьці гэтых аўтарытарных краінаў ня толькі ня робіць ніякай значнай ратацыі ва ўладзе, але і не выступае зь ніякімі ініцыятывамі наконт рэформаў” -- сказаў нашаму радыё Крыстафэр Уокер, дырэктар дасьледаваньняў “Freedom House”.

Агулам у сьпісе “Freedom House” -- 29 дзяржаваў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы ды колішніх рэспублік Савецкага Саюзу.

Для параўнаньня, агульная ацэнка дэмакратычных свабодаў у некаторых іншых постсавецкіх краінах, уключаных у досьлед “Freedom House”: Украіна (4,61), Грузія (4,86), Малдова (4,96), Туркмэністан (6,93).
XS
SM
MD
LG