Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхары дому на Ўруцкай – супраць будаўнікоў і вайскоўцаў



8 гадзінаў раніцы. Алена, жыхарка дому № 4 па менскай вуліцы Уруцкай, пакінула малое дзіця на прыгляд суседкі, каб паказаць карэспандэнту "Свабоды" месцы штодзённага дзяжурства. Да Алены ў двары далучаецца пэнсіянэрка Марыя Змачынская. Разам тлумачаць, якая бяда прымушае жыхароў дому столькі дзён трымаць абарону. Бароняцца людзі не ад рабаўнікоў ці хуліганаў, але ад будаўнікоў ды вайскоўцаў брыгады спэцназу № 3214, якія хочуць пракласьці празь іх двор скразны праезд да вуліцы Астрашыцкай.

«Вось тут нам хочуць пракласьці дарогу. А мы тут сядзім з калыскамі, дзеці тут гуляюць. А яны хочуць тут каб усе езьдзілі».

«Пяці мэтраў да дарогі ня будзе. І будоўля не агароджаная».

Праезд патрэбны для шматкватэрнага дому, які вось-вось здадуць камісіі. А якая камісія разьбярэцца з патрабаваньнямі жыхароў 4-га дому па Ўруцкай ды іх прапановамі? Будаўнікі пра іншыя маршруты кажуць, што гэта значна даражэй. Вайскоўцы катэгарычна супраць варыянту з праездам празь іх тэрыторыю. У скрайнім становішчы аказаліся, як звычайна, простыя людзі. Прычым жыхары 4-га дому кажуць, што кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька ведае пра іх праблему. Між тым днямі гарадзкія службы пазначылі пад знос дрэвы, якія людзі высаджвалі і даглядалі шмат гадоў, а будаўнікі пад аховай спэцназаўцаў пачалі ламаць плот, які аддзяляе двор ад вайсковай частцы. Калі б людзі ня выйшлі па сыгнале на абарону, будаўнічыя машыны ўжо б езьдзілі па клюмбах, дзе гуляюць дзеці. Вэтэран вайны Іван Ягораў адмыслова для такіх момантаў выходзіць з дому, надзеўшы ўзнагароды.

«Я выйшаў дзеля дзяцей. Яны глядзяць на пасады начальнікаў, а інтарэсы дзяцей ім ня важныя».

Майстар, які вядзе будоўлю дарогі, патлумачыў сваю пазыцыю проста: «Я будаўнік, мне кажуць — я і раблю. Гэта мае грошы. Не здымайце тут». Не ўдалося сустрэцца з камандзірам брыгады. Ён толькі прыслаў салдатаў, каб адагналі далей карэспандэнта, а сам на размову не зьявіўся. Змаганьне за двор 4-га дому Ўруцкай вуліцы працягваецца.


Павялічыць мапу

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG