Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чарнобыльскі паядынак: шалёны воўк супраць пэнсіянэраў


Крама ў вёсцы Савічы Брагінскага раёну

Крама ў вёсцы Савічы Брагінскага раёну

У заражанай радыяцыяй вёсцы Двор Савічы Брагінскага раёну, дзе жыве тры дзясяткі пераважна састарэлых людзей, шалёны воўк пакусаў пяцёх пэнсіянэраў — чатырох мужчын і жанчыну.

Уранку 24 чэрвеня 73-гадовы Ўладзімер выйшаў на гарод. «І толькі нахіліўся паглядзець, як завязваюцца кавуны, воўк і скочыў мне на сьпіну, зьбіў з ног», — апавёў пакалечаны пэнсіянэр. Завязаўся паядынак не на жыцьцё, а на сьмерць. Шалёны воўк рваў пэнсіянэра, а той адбіваўся, як толькі мог.

На шчасьце, падасьпела жонка Ўладзімера Валянціна. Яна акурат несла трохлітровы слоік з кампотам. Гэтым слоікам жанчына і трэснула шалёнаму зьверу ў сьпіну. Воўк перакінуўся на Валянціну. Яна ўпала, моцна выцялася, але, абараняючыся, схапіла ваўка за сківіцу. Пальцы крывавелі, а яна трымала.

І тут ужо на дапамогу жонцы зь віламі прыклыпаў Уладзімер — увесь акрываўлены, з параненым тварам, вухам, рукамі й сьпіной.

Шэры нападнік адступіў, але пасьпеў яшчэ пакусаць трох мужчын і з паўдзясятка мясцовых сабак.

Вяскоўцы сталі шукаць паратунку — у раённым шпіталі й Чамярыскім сельскім савеце. Прыехаў старшыня сельсавету Адам Царанок, які адначасова й паляўнічы, і застрэліў шэрага разбойніка. У ваўка выявілі вірус шаленства.

«Хуткая дапамога» яшчэ да экспэртызы забрала пакусаных вяскоўцаў у шпіталь, дзе ім апрацавалі раны й пачалі курс прышчэпак супраць шаленства. Пэнсіянэра Ўладзімера нават пакінулі на суткі ў шпіталі, каб зашыць шматлікія рваныя раны. Цяпер і ён дома, лекуецца таблеткамі.

Спадарыня Валінціна жаліцца, што ўжо трэція суткі ня ходзіць на гарод. Там паднялася кукуруза, і ёй боязна, каб няшчасьце не паўтарылася. У прылеглым да вёскі Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку разьвялося багата звяроў, і шаленства сярод іх ня рэдкасьць.

Па начах гароды вяскоўцаў псуюць дзікі, а шалёныя ваўкі й лісы нападаюць на нешматлікіх жыхароў чарнобыльскіх вёсак нават днём.

Узімку чатыры гады таму шалёная ваўчыца пакусала жанчыну-самасёла з суседняй вёскі Савічы, а пасьля прыбегла да крамы ў Двор Савічы й пакусала мужчыну-інваліда, але асабліва моцна — кабету ў гадах Юлю Муляр. Іх лячылі. Мужчына жыве й зараз, а баба Юля праз колькі месяцаў памерла — ці то ад укусаў ці то ад пярэпалаху.

Аўталаўка ў вёсцы Двор Савічы.
XS
SM
MD
LG