Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На заводзе процьма прагульшчыкаў, а звальняюць актывіста…


Адразу ў некалькіх рэгіёнах адміністрацыі прадпрыемстваў пазбаўляюць працы грамадзкіх актывістаў. Улада не даруе ім актыўны ўдзел у мінулай выбарчай кампаніі на баку апазыцыі.

Канкрэтныя прыклады выгнаньня з працы людзей, якія маюць апазыцыйныя погляды, падаюць карэспандэнты «Свабоды».

МАГІЛЁЎ


Заступіўся за працоўных — пацярпеў асабіста

Валадар Цурпанаў
У Магілёве адміністрацыя вагонабудаўнічага заводу спыняе працоўныя адносіны з актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Валадаром Цурпанавым.

Афіцыйнае папярэджаньне аб спыненьні працоўных адносінаў Валадар Цурпанаў днямі атрымаў з заводзкай адміністрацыі. Да сканчэньня кантракту, падпісанага летась на год, застаўся няпоўны месяц. Як сьцьвярджае актывіст, нараканьняў ад начальства на сваю працу зваршчыка ён ня меў. А вось прэтэнзіі да кіраўніцтва заводу ў яго былі. Гэта й сталася прычынай для непадаўжэньня кантракту, лічыць актывіст:

«На сёньня сорак зваротаў зарэгістравана ў прыёмнай кіраўніка заводу, якія тычыцца недахопаў у арганізацыі працы. Зразумела, што ім не падабаецца прысутнасьць на заводзе чалавека, які вымушае іх выконваць патрабаваньні працоўнага заканадаўства. Тым больш што я гэта раблю публічна. Паведамляю пра гэта калектыву».

З чым зьвязана непадаўжэньне кантракту з Цурпанавым, у заводзкай адміністрацыі высьветліць не ўдалося.

Карэспандэнт: «Ці можна даведацца пра прычыны звальненьня Валадара Цурпанава, ці ёсьць да яго прэтэнзіі па працы?».

«Не, нельга. Калі ў вас ёсьць пэўная патрэба ў атрыманьні такой інфармацыі, зьвяртайцеся пісьмова на імя наймальніка. Мы такой інфармацыі не даем», — паведаміла супрацоўніца адміністрацыі вагонабудаўнічага заводу.

Адмаўляюцца называць прычыны непадаўжэньня кантракту й самому Цурпанаву. Каб даведацца іх, ён зьвярнуўся ў пракуратуру:

«Як грамадзяніну мне такое права забясьпечана, і зараз адміністрацыя павінна даць мне матываваны адказ. Пры наяўнасьці вакансіяў па маёй прафэсіі і адсутнасьці парушэньняў працоўнай дысцыпліны з майго боку са мной не працягваюць кантракт, пры гэтым на заводзе процьма прагульшчыкаў, у загадах паведамлялася пра п’яніц, якіх выдалялі ў нецьвярозым стане з заводу».

Акрамя паляпшэньня ўмоў працы, Валадар Цурпанаў дамагаўся ад адміністрацыі зьмяненьня сыстэмы налічэньня заробкаў, бо, паводле актывіста, яна несправядлівая, непразрыстая й парушае правы працаўнікоў. Гэтае пытаньне стала падставай для звароту Цурпанава ў суд. Суд пастанавіў правесьці на заводзе бухгальтарскую праверку.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Беспрацоўны судзіцца з управай райвыканкаму

Грамадзкі актывіст з Турава Міхаіл Козел зьвярнуўся ў Жыткавіцкі раённы суд са скаргай на бязьдзеяньне ўправы працы, занятасьці й сацыяльнай абароны тутэйшага райвыканкаму. Прычынай стала выдаленьне спадара Козела зь ліку беспрацоўных:

«Я лічу, што мае правы парушаны супрацоўнікамі ўправы працы. Гэта выявілася ў тым, што за тры месяцы, пакуль я быў у іх на ўліку ў якасьці беспрацоўнага, мне ніякім чынам — ні па пошце, ні праз тэлефанаваньне — не прапанавалі абсалютна ніякай працы».

39-гадовы Міхаіл застаецца бяз працы ўжо працяглы час. Ён страціў яе, калі ўлады закрылі малафарматную газэту «Вольныя навiны».

У 2008 годзе Міхаіл выйшаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, бо ў невялічкім гарадку ня мог знайсьці сабе працы. Аднак рэпутацыя «бэнээфаўца» за ім замацавалася. І гэта мясцовыя кіраўнікі ўспрымаюць як табу — на працу яго не бяруць нават жывёлаводам.

«Працу знайсьці вельмі складана, бо, наколькі я разумею, дзяржаўная палітыка ў Беларусі, — гэта маё прыватнае меркаваньне, — такая, каб апазыцыянэраў на нейкую працу ў дзяржаўныя прадпрыемствы ня браць. Ідзіце ў камэрцыйныя прадпрыемствы альбо самі займайцеся нейкім прыватным прадпрымальніцтвам, плаціце падаткі, а зарабіць вам на дзяржаўных прадпрыемствах не дамо. Я лічу, што гэта наагул нейкая эканамічная вайна рэжыму да пэўнай часткі грамадзтва — найперш той, якая хоча нейкіх пераменаў».
Я лічу, што гэта наагул нейкая эканамічная вайна рэжыму да пэўнай часткі грамадзтва.

Ад адчаю ў мінулым студзені Міхаіл трымаў галадоўку, але з-за пагаршэньня здароўя вымушаны быў спыніць яе. Зьвяртаўся таксама ў пракуратуру з прычыны парушэньня свайго права на працу. Адзінага, чаго дамогся грамадзкі актывіст, дык гэта пастаноўкі на ўлік у якасьці беспрацоўнага ў раённай управе працы, занятасьці й сацыяльнай абароны Жыткавіцкага райвыканкаму.

Аднак нядаўна спадара Козела са сьпісу беспрацоўных выключылі. Прадстаўніца ўправы так патлумачыла, чаму грамадзкі актывіст пазбавіўся статусу беспрацоўнага:

«Ён не наведваў службу занятасьці цягам трох месяцаў. Мы ж не вядзем прыём па тэлефоне. Беспрацоўны абавязаны наведваць кожны месяц службу занятасьці — таго вымагае закон. Ён прыяжджае з працоўнай кніжкай, пашпартам — так належыць. Мы ж ня ведаем, можа, ён ужо кудысьці зьехаў, працуе ў іншым месцы, а ў нас адзначаецца па тэлефоне».

Міхаіл Козел, у сваю чаргу, кажа, што на паездку з Турава ў Жыткавічы ў яго няма сродкаў. Дый няма вялікага сэнсу туды езьдзіць адзначацца. Іншая справа, калі б управа прапаноўвала канкрэтнае накіраваньне.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Лепш звальняйся, а то знойдзем артыкул»

Наваполацкага актывіста Яўгена Канстанцінава змусілі напісаць заяву на звальненьне паводле ўласнага жаданьня. Ён працаваў на прадпрыемстве «Палімір», і праблемы на працы, як ён кажа, пачаліся ўжо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — ён працаваў у камандзе Андрэя Саньнікава. Цяпер спадар Канстанцінаў — адзін з актывістаў грамадзкага аб’яднаньня «Вольны рэгіён».

«Усё пачалося пасьля 19 сьнежня, але так, паціху. А цяпер ужо сказалі адкрыта: „Лепш звальняйся паводле ўласнага жаданьня, а то знойдзем артыкул“. Але маё жаданьне тут ня ўлічвалася. Можна ж стварыць у нас умовы, у якіх можна цалкам спакойна звольніць па артыкуле. Таму я вырашыў: каб праблем не было, звольнюся».

Апошні працоўны дзень у Яўгена Канстанцінава — 5 ліпеня. Заяву на звальненьне ён падаў пасьля таго, як 22 чэрвеня гарадзкі суд Наваполацку прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве: у бойцы і нецэнзурнай лаянцы. Амаль двое сутак актывіст правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня — якраз тады, калі ў горадзе праходзіла акцыя «Марш нязгодных», у якой спадар Канстанцінаў меўся браць удзел. Незадоўга перад тым, 15 чэрвеня, у Яўгена Канстанцінава правялі ператрус, на які яго забралі проста з працы.

Гостэл «Джаз» базару не патрэбен

Уладзімер Рамановіч
Праблемы з працай паўсталі і ў віцебскага прадпрымальніка Ўладзімера Рамановіча — актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

Спадар Рамановіч стварыў адзіны ў Віцебску і, пэўна, ва ўсёй Беларусі гостэл — гатэль зь мінімальнымі выгодамі для гасьцей абласнога цэнтру. Гостэл «Джаз» месьціцца на вуліцы Суворава — у гістарычным цэнтры гораду, што вельмі зручна для турыстаў.

Перад фэстывалем «Славянскі базар у Віцебску», які заплянаваны на 8–14 ліпеня, усе пакоі былі ўжо забраніраваныя. Але ў сярэдзіне чэрвеня да Ўладзімера Рамановіча зьвярнуўся юрыдычны ўладальнік памяшканьня, якое актывіст арандуе, і загадаў вызваліць памяшканьне на працягу 10 дзён.

Спадар Рамановіч запатрабаваў пісьмовага звароту — бо тэрмін арэнды скончыцца толькі ў верасьні, а паводле дамовы найму папярэджваць пра яе скасаваньне гаспадар мусіць за месяц. Такім чынам, вызваленьне арандаванага памяшканьня было адкладзена да 13 ліпеня. Аднак працаваць гостэл ня можа ўжо цяпер, бо да Ўладзімера Рамановіча чарадою пайшлі праверкі:

«Нам вынесьлі прадпісаньне на спыненьне дзейнасьці — санстанцыя прыходзіла некалькі дзён таму, і яна вынесла. Спрабаваў прыйсьці супрацоўнік МНС: ён сказаў, што хоча ў нас тут паназіраць. Я спытаў: „Што значыць „паназіраць“? Вы хочаце ў нас пажыць?“. Ён кажа, што не — што яму начальнік загадаў. Я кажу: „Тады рэгіструйцеся ў кнізе рэвізій і праверак“. Ён адмовіўся і пайшоў. Патэлефанаваў свайму начальству, быццам бы яго сюды не пусьцілі».

Прэтэнзіі, якія выказвае санстанцыя, Уладзімер Рамановіч лічыць беспадстаўнымі: яны тычыцца гатэльнага бізнэсу, а гостэл належыць да жыльлёвага фонду — гэта былая камунальная кватэра з васьмі пакояў.

Актывіст кажа, што гаспадар памяшканьня Сяргей Сьлюсар спачатку аргумэнтаваў загад на высяленьне пратэрміноўкамі арэндных выплат. Але неяк прагаварыўся, што Ўладзімеру Рамановічу трэба было менш «праяўляць актыўнасьць»: апошнім часам той быў арганізатарам шматлікіх акцый за стварэньне ў Віцебску інфраструктуры для ўладальнікаў ровараў — роварных дарожак і парковак. А перад тым, на мінулых мясцовых выбарах, балятаваўся ў дэпутаты віцебскага гарсавету.

Цяпер уладальніку грошы ўжо не патрэбныя: ён кажа, каб актывіст «высяляўся» як найхутчэй, не чакаючы прыбыткаў ад разьмяшчэньня гасьцей «Славянскага базару»:

«Я цяпер не магу прымаць кліентаў. І мне давядзецца вяртаць людзям з Украіны і Расеі грошы».
XS
SM
MD
LG