Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя дазваляе 3 ліпеня воплескі на адрас вэтэранаў і вайскоўцаў


Супрацоўнікі міліцыі ня будуць расцэньваць воплескаў ад удзельнікаў гуляньняў 3 ліпеня як парушэньне правапарадку ў тым разе, калі гэтыя воплескі будуць адрасаваныя вэтэранам, удзельнікам параду і артыстам – заявіў у панядзелак намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму – начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Ігар Яўсееў, паведамляе БелаПАН.

Яўсееў нагадаў, што згодна з пастановаю Менгарвыканкаму № 1554 любыя мерапрыемствы, не санкцыянаваныя гарадзкімі ўладамі, на Кастрычніцкім пляцы забароненыя.

На пытаньне журналістаў аб мэтодыцы распазнаваньня ў агульнай масе людзей удзельнікаў маўклівых акцыяў пратэсту начальнік упраўленьня аховы правапарадку МУС Іван Кубракоў адказаў: “Міліцыя бачыць, хто перашкаджае праходу грамадзянаў у цэнтры гораду”. “Грамадзяне ня будуць затрымлівацца 3 ліпеня, калі зь іх боку ня будзе парушэньня грамадзкага парадку”, – заявіў Кубракоў.

Ён паведаміў, што ў сувязі зь сьвяткаваньнем афіцыйнага Дня Незалежнасьці ўжо 30 чэрвеня органы ўнутраных справаў будуць пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG