Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдадзены ордэр на арышт Кадафі


Муамар Кадафі
Муамар Кадафі
Міжнародны крымінальны суд сёньня выдаў ордэр на арышт лібійскага лідэра Муамара Кадафі. Суд абвінаваціў Кадафі ў злачынствах супраць чалавечнасьці і ў загадах нападаць на цывільных асобаў пасьля таго, як у сярэдзіне лютага ў Лібіі пачалося паўстаньне.

Міжнародны крымінальны суд таксама выдаў ордэры на арышт сына Кадафі Саіфа аль-Іслама і кіраўніка выведкі Лібіі Абдулы аль-Сэнусі за забойствы і перасьлед апанэнтаў рэжыму Кадафі пасьля пачатку паўстаньня.

Рашэньне вынесла калегія з трох судзьдзяў на запыт пракурора Міжнароднага крымінальнага суду Люіса Марэна-Акампа, які зьвярнуўся ў Гааскі суд на просьбу Рады бясьпекі ААН.

Асобы, на якіх выдалі ордэры, абвяшчаюцца ў міжнародны вышук.

Тысячы людзей былі забітыя ў канфлікце, які працягваецца ўжо соты дзень, нягледзячы на паветраную кампанію НАТО па забесьпячэньні беспалётнай зоны і абароне цывільнага жыхарства ад нападаў з боку сілаў Кадафі.

Між тым у Лібіі і сёньня працягваліся баі паўстанцаў з урадавымі войскамі. Баі ідуць прыкладна за 80 км ад сталіцы краіны Трыпалі.

Паводле лібійскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва, у нядзелю сілы міжнароднай кааліцыі нанесьлі новыя ўдары па аб'ектах у Трыпалі.

У нядзелю ўрад Лібіі прапанаваў вырашыць пытаньне аб знаходжаньні Муамара Кадафі ва ўладзе на агульнанародным рэфэрэндуме.

Як перадае агенцтва Reuters, прэсавы сакратар Кадафі Муса Ібрагім прапанаваў пачаць "нацыянальны дыялёг" і правесьці выбары пад наглядам ААН і Афрыканскага Зьвязу.

"Калі лібійскі народ вырашыць, што Кадафі павінен сысьці, то ён сыдзе, – сказаў Муса Ібрагім. – Калі народ вырашыць, што ён павінен застацца, то ён застанецца ва ўладзе".

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што Кадафі, які кіруе Лібіяй з 1969 году, не зьбіраецца пакідаць краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG