Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлевядучы Юры Пракопаў у сваёй перадачы "У цэнтры ўвагі" на першым канале Беларускага тэлебачаньня рэзка скрытыкаваў палітыку Масквы адносна Беларусі.

Паводле Пракопава, пракрамлёўскім СМІ была дадзеная каманда паказваць аб Беларусі толькі дрэннае, таму яны праігнаравалі запрашэньне прыехаць у Берасьце на адзначэньне гадавіны пачатку вайны і асьвятлялі акцыю "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" .

Паводле Ю.Пракопава, ад Расеі да гэтага часу няма тлумачэньняў, чаму Дзьмітры Мядзведзеў не прыехаў у Берасьцейскую крэпасьць.

"Прэзыдэнта Мядзьведзева чакалі, але не дачакаліся. Потым было дурное тлумачэньне як заўсёды неназванай крыніцы з Крамля, маўляў, мы чакалі беларускага прэзыдэнта ў Маскве. У такіх выпадках ужо лепш бы крыніца прамаўчала. Аддаваць даніну памяці за сотні кілямэтраў ад тых месцаў, дзе ворагу быў дадзены першы бой - гэта абсурд", - сказаў Юры Пракопаў. Ён мяркуе, што агучанае запрашэньне Лукашэнкі ў Маскву ня больш чым "падступны фальшывае пасаж".

"Зрэшты, у сьвятога манумэнта загінулым адсутнічаў ня толькі прэзыдэнт Мядзьведзеў. Няма гаспадара, няма і чэлядзі. Крамлёўскі агітпроп у асобе фэдэральных тэлеканалаў раптам забыўся і пра дату 22 чэрвеня, і пра памяць, і пра баявое братэрства, і пра вайну. Ні адзін, падкрэсьліваю, ні адзін фэдэральны канал на ўрачыстасьцях не прысутнічаў", - заявіў Ю.Пракопаў.

Са словаў тэлевядучага, неафіцыйна адзін з журналістаў канала РТР нават прагаварыўся, што ўрачыстасьці ў Берасьці Маскве нецікавыя. "Для тых, хто разумее, гэта азначала "Крэмль забараніў", - патлумачыў Ю.Пракопаў.

"У карэспандэнта першага канала ў Берасьці былі справы больш важныя. Ён хадзіў па горадзе ў пошуках маўклівай рэвалюцыі, якая вынырнула з сацыяльных сетак. Хоць па ідэі, знайсьці яе ён павінен быў лёгка, бо арганізатары на ўсе лады расхвальвалі сацыяльныя сеткі як наймагутную зброю. Абяцалі вывесьці на вуліцы тысячы і тысячы. Але найноўшыя інтэрнэт-тэхналёгіі моцна падкачалі - замест абяцаных тысяч на вуліцах апынулася пара сотняў падпітых падлеткаў. Карэспандэнтам расейскіх тэлеканалаў прыйшлося ладна папацець, каб у тэлекарцінцы гэтая нікчэмная купка глядзелася хоць колькі-небудзь значна", - пракамэнтаваў Ю.Пракопаў дзеяньні сваіх расейскіх калегаў.

"Прычына ўсяго гэтага відавочная, - сказаў Ю.Пракопаў. - Паказаць мерапрыемства ў Берасьці, значыць, паказаць прэзыдэнта Лукашэнку. Паказаць урачыстасьці ў Берасьці - гэта значыць, паказаць, што ніякай смуты ў Беларусі няма, што краіна адзіная і што любы крызіс мы пераможам, як нашы дзяды і прадзеды перамаглі фашысцкую навалач. Гэта не супадае з замовай зьверху. Для сваіх СМІ ў дачыненьні да Беларусі расейскія паліттэхнолягі і высокія чыноўнікі выпісалі адзін рэцэпт: альбо дрэнна, альбо нічога".

Мэта ў такой інфармацыйнай палітыкі расейскіх СМІ, паводле слоў тэлевядучага, досыць ясная. "Прэзыдэнт Лукашэнка не жадае задарма аддаваць усё тое, што належыць усім беларусам. Расейскія алігархі ня першы год ходзяць вакол ласых кавалкаў беларускай уласнасьці. Беларусь ня супраць інвэстыцыяў і прыватызацыі, але толькі за сапраўдную цану і толькі пад гарантыі разьвіцьця гэтых прадпрыемстваў і захаваньня ўсіх працоўных месцаў. Гэта і не падабаецца. Ёсьць пляны ўзяць за паўкошту і ёсьць відавочнае жаданьне потым разагнаць працоўныя калектывы. Але прэзыдэнт Лукашэнка не ішоў на гэта і не ідзе. Вось тут камусьці ў Маскве і здалося, што ў крызіс самы час загнаць свайго саюзьніка і братэрскі народ у кут і вырваць у яго яго ўласнасьць. Нейкім дзіўным чынам размовы аб магчымай прыватызацыі супалі з пачаткам актыўнай антыбеларускай кампаніі ў расейскіх сацыяльных сетках, на расейскіх інтэрнэт-сайтах, а галоўнае - у фэдэральных расейскіх СМІ. Нават не спрактыкаванаму ў палітыцы чалавеку кідаецца ў вочы, як сынхронна і зладжана робяцца ўсе гэтыя акцыі. Ніякай спантаннасьці - выразная рэжысура".

На думку расейскага дзелавога выданьня «Взгляд» перадача Ю.Пракопава сьведчыць пра тое, што Менск гатовы абвясьціць новую інфармацыйную вайну Маскве. Газэта, са спасылкай на думку аналітыкаў, піша, што тон перадачы па духу адпавядаў перадачам аб ненавісным Беларусі «падступным Захадзе» і мясцовай апазыцыі. Выданьне прыводзіць словы неназванай крыніцы з ураду РБ, якая пацьвярджае, што меркаваньні Ю.Пракопава – зусім не яго асабістыя. Паводле гэтай крыніцы, «Усе гэтыя «не, ужо лепш вы да нас!» - вынік ня толькі абвастрэньня адносін паміж Менскам і Масквой, але і асабістага канфлікту Аляксандра Рыгоравіча і Дзьмітрыя Анатолевіча. Безумоўна, дадалася і атмасфэра эканамічнага крызісу, ва ўмовах якога ўлады РБ разьлічвалі на тое, што Расея падставіць больш шырокае плячо. А яна выкарыстоўвае сытуацыю ў адпаведнасьці са сваімі прыватызацыйнымі апэтытамі... У такія знамянальныя даты ў гісторыі рэспублікі, як 22 чэрвеня, 9 траўня або 26 красавіка, Аляксандар Лукашэнка заўсёды знаходзіцца ў Беларусі. Зь іншага боку, ён ня раз ужо рабіў тое, што завецца дэмаршам, калі адмаўляўся ад паездак у Маскву альбо ад мерапрыемстваў у рамках СНД. Гэта вымушаны палітычны інструмэнтарый. Газавага крану ў нас няма» -- патлумачыла крыніца ва ўрадзе РБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG