Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 чэрвеня – апошні дзень аплаты электраэнэргіі


Расейская кампанія "Интер РАО ЕЭС" цалкам спыніць пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь, калі чарговы плацеж не паступіць да канца дня 27 чэрвеня.

У прэс-службе кампаніі карэспандэнту "Свабоды" паведамілі, што "калі сёньня грошы не паступяць, як казаў наш старшыня праўленьня 24 чэрвеня, то адпаведна ў ноч з аўторка на сераду будзем адключаць пастаўкі. Сёньняшні дзень стане такім маркерам. Калі беларускі бок заплаціць сёньня ўвечары, то мы гэта ўбачым толькі заўтра раніцай".

24 чэрвеня кіраўнік кампаніі Барыс Кавальчук заявіў журналістам, што "калі грошай ня будзе да канца панядзелка, пацьвярджаем, што гатовыя цалкам адключыць пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь».

23 чэрвеня падчас візыту ў Санкт-Пецярбург прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што Беларусь цалкам разьлічыцца за пастаўленую з Расеі электраэнэргію да 28 чэрвеня.

На мінулым тыдні адбыліся кансультацыі міністраў энэргетыкі, якія дамовіліся, што да 28 чэрвеня ўсе разьлікі будуць выкананыя.

"Няма аб'ектыўных прычын турбавацца, каб дамоўленасьць не адбылася, яна будзе выкананая", – сказаў Мясьніковіч.

9 чэрвеня кампанія "Интер РАО ЕЭС" абмежавала пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь у сувязі з запазычанасьцю (1,5 мільярда расейскіх рублёў), якая ўзьнікла з-за праблемы з набыцьцём валюты на беларускім рынку. Па выніках двухбаковых перамоваў быў падпісаны графік плацяжоў, згодна зь якім беларускі бок абавязаўся пагасіць запазычанасьць за расейскую электраэнэргію да 5 ліпеня.

13 чэрвеня расейская кампанія цалкам аднавіла аб'ёмы паставак электраэнэргіі ў Беларусь, а 15 чэрвеня канцэрн "Белэнэрга" ажыцьцявіў першы транш у рамках пагашэньня доўгу перад "Интер РАО ЕЭС".

17 чэрвеня кіраўнік кампаніі Кавальчук у кулюарах Пецярбурскага эканамічнага форуму заявіў, што ў выпадку пратэрміноўкі плацяжоў пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь могуць цалкам спыніцца.

21 чэрвеня кампанія "Интер РАО ЕЭС" папярэдзіла, што з 22-га часова цалкам спыняе пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь у сувязі з адсутнасьцю чарговага траншу пагашэньня доўгу. Празь некалькі гадзін ён жа паведаміў:

"Толькі што прайшлі перамовы, кансультацыі з нашымі беларускімі партнэрамі. Прынята рашэньне да 27 чэрвеня адтэрмінаваць адключэньне паставак электраэнэргіі ў Беларусь".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG