Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Угодкі Беразьвецкай трагедыі


Кветкі – у памяць пра бязьвінных ахвяраў

Кветкі – у памяць пра бязьвінных ахвяраў

70 гадоў таму, 26 чэрвеня 1941 году каля вёскі Мікалаева пад Вулай службоўцы НКВД расстралялі калёну вязьняў Глыбоцкай турмы “Беразьвечча”. Дэмакратычныя актывісты Віцебшчыны наведалі месца загубы бязьвінных людзей і добраўпарадкавалі мэмарыял, усталяваны тут пры дапамозе польскіх грамадзкіх і рэлігійных арганізацыяў.

Валянціна Гракун
Да віцебскіх актывістаў далучыліся менскія прыхільнікі БХД, якія адмыслова прыехалі ў гэтыя мясьціны, каб памаліцца за супакой душы кожнага расстралянага вязьня – па розных зьвестках, на ўзьлеску каля вёскі Макалаева загінулі ад 800 да дзьвюх тысяч чалавек.

Валянціна Гракун зь Бешанковічаў і Яўген Самсонаў з Глыбокага кожны паасобку дасьледавалі акалічнасьці гэтай трагедыі – апытвалі сьведкаў-вяскоўцаў, запісвалі іхныя аповеды. Вынікамі сваіх досьледаў яны падзяліліся з прысутнымі.

У зьняволеньні ў Беразьвецкай турме былі жыхары Глыбоччыны, Мёршчыны, Браслаўшчыны, Пастаўшчыны, палонныя жаўнеры Войска Польскага, сьвятары, моладзь, якая ўдзельнічала ў розных арганізацыях — палітычных, грамадзкіх, рэлігійных. Нехта трапіў за краты праз даносы або па падазрэньні ў неляяльнасьці да савецкіх уладаў. Згодна з архіўнымі дакумэнтамі, у пачатку вайны было прынятае рашэньне эвакуяваць усіх вязьняў з заходніх рэгіёнаў углыб СССР. У калёне, якая выйшла з Глыбокага 24 чэрвеня 1941 году, большасьць складалі нават не асуджаныя, а толькі тыя, хто знаходзіўся пад сьледзтвам. Двое сутак людзей гналі па сьпёцы бязь ежы і пітва, пакідаючы на дарозе трупы – тых, хто зьнямогся і адставаў, расстрэльвалі на месцы або заколвалі штыхамі.

Гаворыць Яўген Самсонаў

Каля Вулы калёна трапіла пад фашыстоўскі авіяналёт, а потым была расcтраляная турэмным канвоем, які вырашыў не працягваць этап, а вярнуцца ў Глыбокае. Хаваць забітых было загадана мясцовым вяскоўцам…

Добраўпарадкаваньне мэмарыялу

Начальнік турмы “Беразьвечча” Прыёмышаў, які ўзначальваў канвой, пасьля заяўляў, што асабіста расстраляў каля 600 чалавек. Сакратар ЦК КП(б) Панцеляймон Панамарэнка, які вывучаў матэрыялы справы пра расстрэл беразьвецкіх вязьняў, прызнаў дзеяньні кіраўніка канвою слушнымі.

У 1990 годзе віцебскія актывісты руху “Мартыралёг Беларусі” ўсталявалі на гэтым жалобным месцы крыж. Пазьней пры дапамозе польскіх грамадзкіх і рэлігійных арганізацыяў быў узьведзены мэмарыял – сымбалічная камэра з чорнымі кратамі, брукаванка і доўгая бэтонная пліта ўздоўж яе, якая сымбалізуе страшны шлях вязьняў, і высокі крыж.

Мэмарыял ў памяць вязьняў турмы “Беразьвечча”
Мэмарыялам апякуецца мясцовы сельсавет і грамадзкія актывісты з Польшчы – менавіта родныя загінулых з Варшавы ў 1951 годзе першымі запатрабавалі, каб урад СССР ініцыяваў расьсьледаваньне Беразьвецкай трагедыі. Але яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў страшную праўду хавалі ад грамадзкасьці.

Актывісты, якія прыехалі ў Мікалаева зь Віцебску, Воршы, Глыбокага, Паставаў, Бешанковічаў, пасадзілі кветкі, усклалі вянкі, запалілі сьвечкі і памаліліся за ахвяраў Беразьвецкай трагедыі.

Хвіліна маўчаньня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG