Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Суд адхіліў скаргу «Справядлівага сьвету» да гарвыканкаму


24 чэрвеня судзьдзя Цэнтральнага суду Гомелю Сяргей Шыцікаў адхіліў скаргу абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» да гарвыканкаму з прычыны забароны першатравеньскага мітынгу. Масавую акцыю партыйцы прымяркоўвалі да сьвята працы й салідарнасьці працоўных.

Гэтым разам яны выканалі патрабаваньні гарвыканкаму, абумоўленыя рашэньнем № 299, — заключылі дамовы з гарадзкімі службамі на абслугоўваньне мітынгу. Гарвыканкам напачатку дазволіў мітынг, але праз тры дні скасаваў сваё рашэньне, забараніўшы мітынг.

Уладзімер Сякерка
Старшыня рэгіянальнай арганізацыі «Справядлівага сьвету» Ўладзімер Сякерка прасіў суд абавязаць гарвыканкам ня толькі скасаваць рашэньне пра забарону мітынгу, але й вынесьці на яго адрас прыватнае вызначэньне з-за таго, што вызначаныя ім дзеля заключэньня дамовы на абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў паліклініка № 6 і Чыгуначны РАУС насамрэч ня маюць права заключаць дамовы з заяўнікамі.

У судзе была заслухана прадстаўніца гарвыканкаму Паліна Лабанава. Яна патлумачыла, што забарона была выклікана правядзеньнем аварыйна- рамонтных прац філіялам «Гомельскія цеплавыя сеткі» РУП «Гомельэнэрга» на пляцоўцы ДК глухіх «Віпра» — адзіным месцы ў горадзе для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

У сваю чаргу трое сьведак ад «Справядлівага сьвету» патлумачылі суду, што 1 траўня працы на цеплавой трасе не вяліся, а раскапаны невялічкі ўчастак у куце пляцоўкі для масавых мерапрыемстваў быў ахоплены дашчатай агароджай і бэтоннымі блёкамі, і гэта не магло перашкодзіць мітынгу. Тым больш, што масавыя мерапрыемствы ў ДК «Віпра» не адмяняліся.

Суддзьдзя Шыцікаў палічыў прэтэнзіі «Справядлівага сьвету» да гарвыканкаму неабгрунтаванымі і адхіліў скаргу.

Сякерка: «Хаця ў нас і няма незалежнай судовай сыстэмы, але мы наважаны абскардзіць рашэньне. Пройдзем усе інстанцыі, каб мець магчымасьць звяртацца па абарону свайго права на мірныя сходы ў міжнародныя структуры. З 2005 году Гомельскі гарвыканкам не дазволіў ніводнага масавага мерапрыемства — а мітынгаў і пікетаў за гэты час замаўлялася звыш сотні».
XS
SM
MD
LG