Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя СМІ ня бачаць праяваў крызісу і толькі паўтараюць заявы кіраўнікоў краіны пра тое, што ёсьць часовыя цяжкасьці, якія цалкам пераадольныя. Чаму афіцыйныя мэдыі не расказваюць насельніцтву пра тое, як зь меншымі стратамі перажыць няпростыя часы?

На старонках дзяржаўных газэт можна прачытаць пра пасьпяховы выступ беларускіх баскетбалістак на Чэмпіянаце Эўропы ў Польшчы, пра наступствы ўрагану ў Аўстрыі і Нямеччыне, пра вывяржэньне чылійскага вулькану Пуйеэу, але немагчыма даведацца пра чэргі ля абменных пунктаў і намер уладаў абмежаваць продаж валюты фізычным асобам, пра згортваньне бізнэсу з-за немагчымасьці плаціць па кантрактах, пра імклівае зьбядненьне народу ў выніку беспрэцэдэнтнай дэвальвацыі і г.д.

Затое падначаленыя дзяржаве СМІ актыўна рэтрансьлююць выказваньні чыноўнікаў, якія намагаюцца суцешыць суайчыньнікаў запэўніваньнямі пра падкантрольнасьць працэсаў у эканамічнай сфэры. На цытаты разабраныя апошнія заявы прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча ў Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце эканомікі і фінансаў, які сказаў, што на валютным рынку краіны ёсьць пэўныя праблемы, але эканамічнага крызісу ў Беларусі няма. Па яго словах, у цэлым эканоміка і прадпрыемствы працуюць, экспарт вырас.

Дагэтуль цягам некалькіх дзён дзяржаўная прапаганда тыражавала аналягічныя заявы Аляксандра Лукашэнкі. Падчас прэс-канфэрэнцыі для цэнтральных і рэгіянальных СМІ кіраўнік Беларусі таксама сказаў, што ніякага крызісу ў дзяржаве няма: «У нас няма крызісу. Былі паніка і ажыятаж, якія прывялі да скупкі валюты», — ацаніў сытуацыю Лукашэнка. Дарэчы, менавіта журналістаў, але не дзяржаўных, а незалежных, улады абвінавачваюць у стварэньні ажыятажнага попыту на тавары, харчаваньне і валюту. Між тым, на думку аналітыка камунікацыйнага агенцтва «АРС Кам’юнікейшнз» Рамана Касьціцына, якраз поўная адсутнасьць інфармацыі пра тое, што адбываецца, і прывяла да цяперашніх наступстваў:
Дзяржаўны чыноўнік кругласутачна, чатыры дні стаяў і даваў камэнтары, разумееце?

«Паколькі я не фінансіст, то камэнтар канкрэтна з гэтай нагоды — што трэба рабіць, адпусьціць курс ці яго завязаць — даць не магу. Але магу казаць адносна інфармацыйнага складніка гэтай праблемы. Таму што сама па сабе гэтая фінансавая сытуацыя ў супастаўленьні зь іншымі сытуацыямі ў іншых эканоміках не зьяўляецца самай няпростай ці самай непераадольнай. Далёка ня так. Бывалі і складанейшыя сытуацыі, зь якіх вырульвалі, перш за ўсё, мэтадамі інфармацыйнага рэагаваньня. Асабіста я ў бягучай сытуацыі ў Беларусі, зьвязанай з крэдытна-фінансавым і валютным рынкам, бачу такую мадэль, як у Японіі пасьля аварыі на Фукусіме. Калі там дзяржаўны чыноўнік кругласутачна, чатыры дні стаяў і даваў камэнтары, разумееце? А калі потым проста зваліўся бязь сілаў, на яго месца выйшаў другі і працягваў даваць камэнтары. Вось менавіта такім чынам, з майго гледзішча, павінна зараз будавацца праца па пераадоленьні няпростай фінансавай сытуацыі».

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка прывітаў удзельнікаў VI міжнароднага мэдыяфоруму «Партнэрства дзеля будучыні: патрыятызм, духоўнасьць, яднаньне». Кіраўнік краіны ня першы раз за апошнія дні падкрэсьліў, што ў сучасным сьвеце «вялізная і адказная роля сродкаў масавай інфармацыі», якія ня толькі адлюстроўваюць, але і фармуюць грамадзкае меркаваньне. Лукашэнка ўдакладніў, што галоўныя прынцыпы, якімі павінны кіравацца журналісты, — праўдзівасьць і неперадузятасьць. Аднак, як кажуць незалежныя экспэрты, менавіта гэтага дзяржаўным СМІ, абмежаваным у інфармацыйным полі, і не хапае. Прыкладам, тэлеканалы даюць трыбуну толькі тым, хто ідзе ў фарватэры палітыкі дзяржавы.

Адзін са штатных выступоўцаў, эканаміст Міхаіл Кавалёў, абараняе права кіраўніцтва краіны на адміністратыўнае ўмяшаньне ў палітыку ня рынкавага, а штучнага курсаўтварэньня, а таксама ня схільны лічыць, што крэдытныя сродкі варта пускаць ў вольны доступ:

«Грошы крэдытаў у дадзенай сытуацыі аптымальна выкарыстоўваць толькі для аднаго — для стабілізацыі курсу беларускага рубля. Нескладаны разьлік паказвае, што сёньня золатавалютных рэзэрваў фактычна хапае для стопрацэнтнага пакрыцьця грашовай масы. То бок, мы можам пасьля паступленьня гэтых грошай уводзіць прынцып валютнага камітэту, які працаваў у краінах Балтыі, і вытрымліваць жалезна курс у 5000 рублёў за даляр. Але рэгулятар грашовы, Нацыянальны банк, ні ў якім выпадку не павінен сыходзіць з валютных рынкаў, ён адказвае за стабільнасьць нацыянальнай валюты і мусіць умелымі дзеяньнямі, патраціўшы ня так ужо і шмат валюты на гэтыя мэты, супакоіць рынкі, пераканаць экспартэраў, што далейшага падзеньня беларускага рубля ня будзе, і яны пачнуць тады з-за мяжы вяртаць валютную выручку, і мы зафіксуемся на ўзроўні 5000».

Паводле крыніцаў, ідэалягічная вэртыкаль распаўсюдзіла негалосную рэкамэндацыю кіраўнікам дзяржаўных мэдыяў не завастрацца на праблемах цяперашняга фінансава-эканамічнага крызісу, а адцягваць увагу чытачоў, слухачоў ды гледачоў матэрыяламі больш лёгкага зьместу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG