Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валдас Адамкус: Нельга дапамагаць легітымізацыі дыктатарскага рэжыму


Валдас Адамкус

Валдас Адамкус

Прэзыдэнт Літвы ў 1998-2009 гадах Валдас Адамкус у гутарцы з нашым карэспандэнтам Сяргеем Шупам дзеліцца развагамі наконт таго, якую палітыку Літва мусіць мець у дачыненьні да Беларусі.

СШ: Як выглядае беларус вачыма літоўца?

ВА: Як літоўцы бачаць Беларусь… Тут, хочаш ці не, трэба азірнуцца на даўнейшыя часы, на Вялікае Княства Літоўскае, і ў сувязі з гэтым, напрыклад, прыгадаць адносна нядаўнюю спрэчку пра “Пагоню” - літоўскі гэта сымбаль ці беларускі, або хто быў князь Гедымін - беларус або літовец. Гэта сьведчыць толькі пра адно: пра глыбокія гістарычныя карані суседніх народаў, пра вялікую і слаўную гісторыю. Аднак жыцьцё ідзе наперад, і шляхі нашых народаў разышліся. І калі глядзець з пэрспэктывы сёньняшняга дня, сёньняшніх літоўцаў, трэба зазначыць, што савецкі пэрыяд стварыў такое ўражаньне, што беларусы і расейцы - гэта тое самае. І можа быць таму прынамсі сёньняшнія літоўцы асабліва не перажываюць з-за таго, што Беларусь ня можа цалкам вырвацца з расейскай арбіты, і такія адносіны Беларусі і Расеі звычайны літовец успрымае як нешта натуральнае.

Але калі глядзець вачыма палітыка, то ясна, што маладое пакаленьне, якое разумее сваё гістарычнае паходжаньне і складае апазыцыю цяперашняй уладзе - жорсткай дыктатуры, якая не прызнае ніякіх правоў чалавека, і пра гэта ведае ўвесь сьвет - гэтым беларусам цяжка дамагчыся, каб у вачах сусьвету выглядаць як асобны народ з асобнай гісторыяй. Звычайны чалавек з вуліцы не адчуе розьніцы паміж расейцам і беларусам. І гэта немалая трагедыя для тых беларусаў, якія хочуць ганарыцца сваёй мінуўшчынай, якія адчуваюць, што яны не расейцы. І я баюся, што спатрэбіцца яшчэ шмат часу, каб беларусы сталі сапраўднымі гаспадарамі ў сваім доме і пазбавіліся ад гэтага славянскага комплексу залежнасьці ад Расеі, а бяз гэтага ім будзе цяжка зьмяніць стэрэатыпы, што пануюць у сьвеце. Шкада, але гэта факт. Але паглядзім, як складзецца далейшае жыцьцё.

СШ: Якая мусіла б быць палітыка Літвы ў дачыненьні да Беларусі?

ВА: Я думаю, што тут ёсьць галоўны прынцып: з дыктатурай можна змагацца толькі адкрытасьцю. Пры сёньняшняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі, мы, як краіна вольнага сьвету, ня толькі што мусім дапамагчы. Мы ня можам ізаляваць Беларусь толькі таму, што там пры ўладзе група людзей, якія навязалі ўсяму народу свой парадак. Таму я думаю, што мы ўсімі магчымымі спосабамі мусім дапамагчы разьвіваць кантакты паміж звычайнымі людзьмі, ствараць умовы для таго, каб свабоднае слова, прыклад вольнага сьвету дасягнулі звычайнага беларуса. Таму я і на міжнародным узроўні падкрэсьліваў, што Беларусь нельга ізаляваць. Але нельга выходзіць за пэўныя межы. Культурны, навуковы абмен, кантакты моладзі, нават у галіне бізнэсу, калі ў гэтым не замешаныя ўлады - вольны сьвет мусіць выкарыстаць усе гэтыя магчымасьці. Аднак такое супрацоўніцтва мусіць мець свае межы. Пры кантактах зь цяперашнім палітычным кіраўніцтвам Беларусі трэба зважаць на тое, каб не надаць ім легітымізацыі, каб у людзей, што імкнуцца да свабоды, ня склалася ўражаньне, што мы прызнаем уладу, яе паводзіны, яе палітыку, якая пярэчыць прынцыпам дэмакратыі і свабоды.

СШ: Некаторыя краіны - Польшча, Нямеччына і нават Украіна - у розны час спрабавалі быць пасярэднікам паміж Беларусьсю і Эўропай, Эўрапейскім Зьвязам. Якое месца ў гэтым кантэксьце можа займаць Літва?

ВА: Замежная палітыка Літвы павінная быць ясная і прынцыповая, трэба трымацца асноўных прынцыпаў і не патураць дыктатуры. Аднак там, дзе можна непасрэдна дапамагчы людзям, падтрымаць іх палітычныя перакананьні пры іх супрацьстаяньні цяперашняй уладзе, трэба рабіць гэта не на ўзроўні дэклярацыяў, а на практыцы, каб у жыхароў Беларусі не ўзьнікала ўражаньне, што Літва падтрымлівае іх толькі дэклярацыйна, а насамрэч спрабуе патураць уладам і шукаць магчымасьцяў супрацоўнічаць зь імі. Гэта прынцыповае пытаньне.

СШ: Якія былі вашыя дасягненьні ў дачыненьнях зь Беларусьсю падчас знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта?

ВА: За часы маіх двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў выразна акрэсьліліся пазыцыі. Прэзыдэнт Лукашэнка цудоўна ведаў маю пазыцыю, і Літва цьвёрда трымалася асноўных прынцыпаў, так што ў яго ніякіх сумневаў у нашай пазыцыі і не ўзьнікала. Ён ня выказаў ніякага жаданьня супрацоўнічаць на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў, дый я з свайго боку не рабіў да гэтага ніякіх крокаў. А ўсе іншыя магчымасьці - што да культурнага супрацоўніцтва, навуковага абмену - гэта ўсё мы стараліся падтрымліваць. Падтрымлівалі мы і пэўныя дачыненьні ў галіне бізнэсу, гандлю. Яны не былі шырокія, але наколькі яны адпавядалі неабходным патрэбам грамадзянаў, мы іх падтрымлівалі. Так што ў нас былі халодныя, карэктныя дачыненьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG