Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка палітвязьня: «Судзьдзя сказала, што ўсё гэта хутка скончыцца»


Судзьдзя Людміла Грачова супакойвае сваякоў палітвязьняў аптымістычнымі прагнозамі. Касацыйную скаргу Паўла Вінаградава і яшчэ 4 вязьняў адхілілі. Пры гэтым зноў паўстала пытаньне пра псыхічнае здароўе Ўладзімера Хамічэнкі. Мікіта Ліхавід даслаў маці ліст пасьля 4-га карцэру. Андрэю Саньнікаву рыхтуюць атрад, ізаляваны ад усіх іншых атрадаў Наваполацкай калёніі.

Натальля Класкоўская, жонка палітвязьня Аляксандра Класкоўскага, атрымала дазвол на спатканьне з мужам, якога трымаюць у шклоўскай калёніі. 24 чэрвеня ў малодшага сына Класкоўскага дзень народзінаў, і маці зьбіралася ўзяць сына на сустрэчу з мужам. Дзеля гэтага на дзіця патрэбен быў адмысловы дазвол. «І раптам судзьдзя Людміла Грачова пачала адгаворваць мяне браць сына ў калёнію і ўвогуле сказала, што „гэта ўсё хутка скончыцца“, маючы на ўвазе, відаць, зьняволеньне майго мужа і ня толькі яго», — сказала «Свабодзе» Натальля Класкоўская:

«Яна кажа: дзяўчына, мая дарагая. Кажа, яны вельмі хутка ўсе будуць дома. Нашмат хутчэй, чым вы мяркуеце. Таму дзіця не вязіце туды, не ламайце яму псыхіку»,— перадае словы судзьдзі, якая судзіла Класкоўскага, ягоная жонка Натальля.

Надзея Макарэвіч, дзяўчына асуджанага судзьдзёй Грачовай Дзьмітрыя Буланава, зноў не атрымала дазволу на спатканьне зь ім у калёніі. І пры гэтым Людміла Грачова таксама выказвалася адносна вызваленьня вязьня.

Надзея Макарэвіч: «Казала, што ўсё міне, і вельмі хутка, што ня трэба мне турбавацца. І ўвогуле казала, што ня трэба мне езьдзіць у калёніі, бо там вельмі дрэнныя ўмовы».
Казала, што ўсё міне, і вельмі хутка, што ня трэба мне турбавацца.

Раней, як кажа Надзея Макарэвіч, судзьдзя Людміла Грачова раіла ёй хутчэй заключыць шлюб зь Дзьмітрыем Буланавым, калі яна жадае зь ім пабачыцца. Цяпер, паводле дзяўчыны, яна атрымала ад судзьдзі супрацьлеглыя парады.

Тым часам маці Буланава Клаўдзія сустрэлася зь ім на Валадарцы. Паводле зьвестак, Дзьмітрый Буланаў скончыў азнаямленьне з пратаколам свайго працэсу. Сваякі не выключаюць, што ўжо на будучым тыдні можа адбыцца разгляд касацыйнай скаргі Дзьмітрыя Буланава ды іншых фігурантаў справы, якую разглядала судзьдзя Грачова.

24 чэрвеня Менгарсуд адхіліў скаргі на прысуд Паўла Вінаградава, Алеся Кіркевіча, Дзьмітрыя Дразда, Андрэя Пратасені і Ўладзімера Хамічэнкі.

Судовая калегія раілася больш за гадзіну і ў выніку адхіліла ўсе касацыйныя скаргі. Прысуды пяцём асуджаным пакінутыя ў сіле.

«На судзе прысутнічалі прадстаўнікі АБСЭ, таму, магчыма, якраз з гэтай прычыны судзьдзі раіліся так доўга», — мяркуе бацька аднаго з асуджаных Юры Вінаградаў.

«Што да факту масавых беспарадкаў, імі не прызнаецца, што яны бралі ўдзел у масавых беспарадках. Кожны гатовы адказваць толькі за свае дзеяньні».

Паводле Юрыя Вінаградава, у судзе ўзьнікла пытаньне пра псыхічнае здароўе асуджанага Ўладзімера Хамічэнкі: адвакат мяркуе, што яго трэба зьмясьціць у адмысловы шпіталь.



Мікіта Ліхавід у лісьце да маці супакойвае яе пасьля чацьвёртай адседкі ў карцэры, што «там жахлівага нічога няма». Ліст, напісаны пасьля карцэру, дайшоў вельмі хутка, адзначае Алена Ліхавід:
Усіх абдымаю, усіх цалую, сумую, хутка буду.

«Заканчвае, што «ўсіх абдымаю, усіх цалую, сумую, хутка буду. І намаляваў смайлік. «Заўсёды ваш сын, унук, сябра. Жыве Беларусь!». І потым постскрыптум: «Гандзі спачатку таксама не маглі зразумець, але ён зьмяніў увесь сьвет».

Прывітаньне і падзяку ўсім за падтрымку перадаў на волю ў лісьце экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, паведаміла «Свабодзе» жонка вязьня Марына Адамовіч.

Зьвесткамі пра месца будучай адседкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава падзялілася маці аднаго з палітвязьняў. Паводле яе крыніц, для Саньнікава ў Наваполацкай калёніі рыхтуюць 16-ты атрад. Яго асаблівасьць — ізаляванасьць ад астатніх атрадаў і своеасаблівы падбор вязьняў.

Паводле зьвестак, у карантыне Наваполацкай калёніі ўжо знаходзіцца актывіст «Маладога фронту» з Гародні Алесь Кіркевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG