Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Сотнік: Купля-продаж «Беларуськалія», нягледзячы на абвяржэньні, адбудзецца


Расейскі фінансавы аналітык Андрэй Сотнік

Расейскі фінансавы аналітык Андрэй Сотнік

Сытуацыя вакол "Беларуськалія", чые падаткі складаюць ільвіную долю паступленьняў у бюджэт Беларусі, становіцца ўсё больш заблытанай.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Расею ў жаданьні захапіць непрыватызаваную дзяржаўную ўласнасьць Беларусі. Сьледам за гэтым зьявілася інфармацыя аб тым, што ўладальнік "Уралкалія" Сулейман Керымаў мае намер купіць "Беларуськалій". Не прайшло і месяца, як інфармацыя аб плянах Керымава была аспрэчаная. Новы паварот сюжэту: Ашчадны банк Расеі нібыта гатовы прафінансаваць набыцьцё "Беларуськалія" структурамі Керымава. І ўсьлед за гэтым - чарговае абвяржэньне. Што адбываецца вакол аднаго з найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў? На гэты і іншыя пытаньні адказаў расейскі фінансавы аналітык Андрэй Сотнік:

Сулейман Керымаў
- Для пачатку я бы прыгадаў, што Сулейман Керымаў па паведамленьнях СМІ зьяўляецца саўладальнікам "Уралкалія" з 2010-га году. А некалькі год таму "Уралкалій" і "Беларуськалій" стварылі сумесную кампанію, якая павінна была займацца збытам прадукцыі, - гаворка пра ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК). Але на самай справе экспарт угнаеньняў зь Беларусі арганізаваны куды складаней. Зрэшты, тое ж самае можна сказаць пра расейскі экспарт.

грошы, якія тэарэтычна мог бы атрымаць беларускі бюджэт у выпадку продажу "Беларуськалія" пры такіх схемах экспарту наўрад ці дойдуць да гэтага адрасата

БКК зьяўляецца толькі інструмэнтам перапродажу тавару афшорным пасярэднікам. Пры гэтым няма ніякіх доказаў таго, што і беларускія, і расейскія заводы заключаюць кантракты з канчатковымі спажыўцамі ўгнаеньняў наўпрост. Эканамічная сутнасьць рабаўніцкай для расейскага таваравытворцы схемы такая: афшорныя пасярэднікі першымі забіраюць за мяжой большую частку заробленай выручкі і беларускіх, і расейскіх прадпрыемстваў. І, як і ва ўсім астатнім постсавецкім бізнэсе, такіх замежных пасярэднікаў – вельмі шмат. Гэтыя замежныя пасярэднікі, як правіла абсалютна невядомыя ані ў Расеі, ані ў Беларусі, зьяўляюцца з эканамічнага пункту гледжаньня больш значнымі для бізнэсу, чым самі нацыянальныя таваравытворцы і ўсякага роду афіцыйныя трэйдары, накшталт БКК. Праілюструем гэта толькі на адным прыкладзе.


"Беларуськалій"



Галоўныя экспартныя аб'ёмы беларускіх калійных угнаеньняў ідуць праз тэрмінал порта Вентспілс. Сярод пасярэднікаў - латвійская Kalija parks. Менавіта зь ёй, а не з ББК, "Беларуськалій" падпісвае кантракты на пастаўку ўгнаеньняў.

Паводле інфармацыі з Латвіі, Kalija parks усяго толькі складовая частка так званай "групы Вентспілскіх прадпрыемстваў". Усёй гэтай групай праваахоўныя органы Латвіі займаюцца звыш дзесяці гадоў.

Больш глыбокі аналіз паказвае, што бэнэфіцыяры гэтай "групы Вентсьпілскіх прадпрыемстваў" (менавіта тут варта шукаць рэальных уладальнікаў значнай часткі валютнай выручкі "Беларуськалія", старанна схаванай ад беларускага падаткаплатніка) хаваюцца за шматлікімі швайцарскімі і брытанскімі афшорамі. Ёсьць сярод іх і такія структуры, якія кіруюцца з Лёндану грамадзянамі Беларусі з харвацкімі пашпартамі. Ёсьць і былыя грамадзяне Расеі-Беларусі, якія атрымалі грамадзянства ў балтыйскіх краінах.

Гэтыя акалічнасьці дазваляюць паглядзець на сытуацыю, якая склалася вакол продажу пакета "Беларуськалія" сёньня, больш цьвяроза. Мяркую, што купля-продаж прадпрыемства, нягледзячы на шматлікія абвяржэньні, усё ж адбудзецца. Але гэты пакет у чарговы раз будзе прададзены невядома каму.

не выключаю, што сярод рэальных пакупнікоў апынуцца і беларускія высокапастаўленыя грамадзяне, якія даўно вядуць бізнэс у Эўропе, зьвязаны з экспартам расейскай нафты на шэраг нямецкіх нафтаперапрацоўчых заводаў

Ці будзе мець да гэтага дачыненьне Керымаў? Падобна на тое, што так, але, хутчэй за ўсё, як намінальны трымальнік, што выдаецца за бэнэфіцыяра. Гэта маё меркаваньне зьвязанае з тым, што структура ўласнасьці кампаній, якія маюць адносіны да Керымава, - напрыклад, "Нафта-Масква" - вельмі непразрыстая. А таму не выключаю, што сярод рэальных пакупнікоў апынуцца і беларускія высокапастаўленыя грамадзяне, якія даўно вядуць бізнэс у Эўропе, зьвязаны з экспартам расейскай нафты на шэраг нямецкіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Паколькі менавіта яны - паводле маіх дадзеных - маюць дачыненьне да тых самых пасярэднікаў, якія цесна зьвязаныя зь "Беларуськаліем" і імкнуцца схавацца за сьпіну спадара Керымава. Так ці інакш, але грошы, якія тэарэтычна мог бы атрымаць беларускі бюджэт у выпадку продажу "Беларуськалія" пры такіх схемах экспарту наўрад ці дойдуць да гэтага адрасата.
XS
SM
MD
LG