Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнка: «Устаюць перад судом, а не перад фарсам»


Юлія Цімашэнка і яе абаронца Сяргей Уласенка

Юлія Цімашэнка і яе абаронца Сяргей Уласенка

У Пячэрскім раённым судзе Кіева 24 чэрвеня пачаўся працэс па адной з трох крымінальных спраў, заведзеных супраць лідэра Усеўкраінскага аб'яднаньня «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі. Ёй інкрымінуюць перавышэньне паўнамоцтваў на прэм'ерскай пасадзе пры падпісаньні доўгатэрміновых газавых кантрактаў з Расеяй.


У памяшканьне суду прыбылі тысячы прыхільнікаў былога прэм'ера. А ў зале знаходзяцца яе паплечнікі, журналісты, а таксама сваякі. На судовае пасяджэньне прыбыў і кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра.

Прыхільнікі Юліі Цімашэнкі перад будынкам суду

Юлія Цімашэнка адмовілася адказваць на пратакольныя пытаньні судзьдзі Радзівона Кірэеву, у прыватнасьці, аб месцы свайго пражываньня. Акрамя таго, на пачатку пасяджэньня Цімашэнка адмовілася ўстаць і заявіла: «Устаюць перад судом, а не перад фарсам». Пасьля яна таксама заявіла, што Пячэрскі суд - «ўстанова па абслугоўваньні палітычных замоў».




Пра тое, што ў Пячэрскім судзе пачынаецца «палітычны фарс», Цімашэнка заявіла журналістам яшчэ перад уваходам у памяшканьне суду.

«Сёньня пачынаецца сапраўдны фарс, судзілішча, якое замоўлена, арганізавана і забясьпечана Віктарам Януковічам», - сказала Цімашэнка. Паводле яе слоў, ва Украіне прыватызаваная ня толькі пракуратура, але і суды, і таму сёньняшні судовы працэс зьяўляецца «пэрсанальнай расправай» зь ёй як з галоўным апанэнтам улады.

Судзьдзя Радыён Кірэеў

Лідэрка партыі «Бацькаўшчына» і яе абаронца Сяргей Уласенка ўнесьлі хадайніцтва аб адводзе судзьдзі Радзівона Кірэева, які сёньня старшынюе ў судовым пасяджэньні Пячэрскага раённага суду Кіева на папярэднім разглядзе крымінальнай справы па газавых пагадненьнях 2009 году. Пра гэта Юлія Цімашэнка заявіла адразу пасьля таго, як пачаўся разгляд справы.

«У мяне ёсьць адвод судзьдзі. У вас няма ні вопыту, ні ведаў, каб гэтую справу разглядаць. Але вас спэцыяльна указам наўмысна месяц таму перавялі ў Пячэрскі суд для таго, каб разглядаць справы, якія зьяўляюцца палітычна замоўленымі. Я заяўляю вам адвод, бо лічу Вас марыянэткай адміністрацыі прэзыдэнта », - сказала Цімашэнка.

У сваю чаргу, Сяргей Уласенка растлумачыў, што для адводу судзьдзі ёсьць дастаткова падстаў. У прыватнасьці, ён зьвярнуў увагу на той факт, што судзьдзя Кірэеў вельмі хутка прыняў рашэньне аб прызначэньні даты папярэдняга разгляду справы. Акрамя таго, паведамленьне аб судовым паседжаньні было разаслана ў выходны дзень.



На думку абаронцы Цімашэнкі, судзьдзя таксама зьяўляецца залежным ад першага намесьніка генэральнага пракурора Ўкраіны Рэната Кузьміна, які сумяшчае гэтую пасаду з пасадай члена Вышэйшага савету юстыцыі і ад якога залежыць будучыня гэтага судзьдзі.

Аднак Пячэрскі раённы суд адмовіў у задавальненьні хадайніцтва Юліі Цімашэнкі аб адводзе судзьдзі Радзівона Кірэева. Такое рашэньне пасьля аднаўленьня судовага пасяджэньня пасьля перапынку аб'явіў сам Кірэеў.




Кіраўнік прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ва Украіне Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра адмовіўся даваць нейкія палітычныя ацэнкі судоваму працэсу, але назваў умовы, пры якіх адбываецца суд, «бесчалавечнымі».


Паводле слоў Тэйшэйры, пацьвярджэньнем гэтаму зьяўляецца і ягоны выгляд. Пасол выйшаў з будынка суда ўвесь потны.

Сяргей Уласенка заявіў, што мае намер падаць хадайніцтва аб зьмене памяшканьня, дзе адбываецца разгляд «газавага справы». «Мы папросім, каб усё ж суд, улічваючы вялікую цікавасьць у гэтай справы, знайшоў нармальнае памяшканьне, дзе маглі б, магчыма, не ўсе жадаючыя, але нармальная, мноства людзей слухаць гэтую справу», - сказаў Уласенка журналістам у перапынку судовага паседжаньня.




Экс-прэм'ер Украіны Юлія Цімашэнка адхіліла ў судзе абвінавачваньні ў тым, што яна заключыла з Расеяй нявыгадныя кантракты на пастаўкі газу. Цімашэнка запатрабавала, каб яе судзілі прысяжныя. Цімашэнка таксама патрабуе ад суду закрыць справу, якую яна называе сфабрыкаванай.

Украінская апазыцыя напярэдадні запатрабавала ад прэзыдэнта Віктара Януковіча забясьпечыць прамую тэлетрансьляцыю судовага пасяджэньня па справе Юліі Цімашэнкі. Па вылучанаму абвінавачаньню былому прэм'еру можа пагражаць пазбаўленьне волі тэрмінам ад сямі да дзесяці гадоў.

19 студзеня 2009 году Цімашэнка дамовілася ў Маскве з кіраўніком расейскага ўраду Ўладзімерам Пуціным аб тым, што базавая цана за тысячу кубамэтраў газу для Ўкраіны складзе 450 даляраў. У выніку Ўкраіна зараз купляе газ ў "Газпрома" па адным з самых высокіх коштаў у Эўропе.

Тлумачачы сутнасьць справы экс-прэм'ера дэпутатам Вярхоўнай Рады, першы намесьнік генпракурора Рынат Кузьмін заявіў, што Цімашэнка не атрымала неабходнага ўхваленьня ўраду па газавай зьдзелцы і, пагражаючы звальненьнем, прымусіла падпісаць дзесяцігадовыя кантракты тагачаснага старшыню "Нафтагаза" Алега Дубіну:

- Згодна з законам Украіны, калі падымаецца цана на газ, падымаецца кошт і на транзыт. У гэтым выпадку кошт на газ ўзьнялі да базавай - 450 даляраў за тысячу кубамэтраў, а цану на транзыт, па рашэньні Цімашэнкі, пакінулі ранейшай. Страты толькі ад гэтай апэрацыі склалі больш за 1,5 млрд. грыўняў-каля двухсот мільёнаў даляраў.

Праціўнікі былога прэм'ера падазраюць, што яна пагадзілася на кабальныя для дзяржавы ўмовы ўзамен на пагашэньне доўгу карпарацыяй "Адзіныя энэргасыстэмы Ўкраіны", якую Цімашэнка ўзначальвала ў сярэдзіне 90-х гадоў. Два тыдні таму ў Маскве пацьвердзілі, што даўно не існуючая ўкраінская карпарацыя павінна Міністэрству абароны Расеі больш чатырохсот мільёнаў даляраў. Гэта адмаўляе сама Цімашэнка, якая заявіла аб пачатку чарговай кампаніі па яе дыскрэдытацыі.

Між тым, апазыцыя перакананая, што абвінавачаньні і экс-прэм'еру, зьняволенаму былому кіраўніку МУС Юрыю Луцэнку носяць заказны палітычны характар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG