Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Каля месяцу працягваюцца праблемы з доступам да сайту «Хартыя 97». Як патлумачыў «Свабодзе» дырэктар сайту Фёдар Паўлючэнка, сайт атакавалі 6 чэрвеня і з тых часоў атака не спынялася.

Як паведамляе правайдэр сайту «Хартыі 97», магутнасьць атакі адносна невялікая - каля 1 гігабіту ў сэкунду, як толькі магутнасьць перавышае пэўную мяжу, правайдэр ўключае спэцыяльную абарону - таму наведвальнікі могуць зайсьці на сайт праз раз альбо сэрвэр аказваецца цалкам блякаваны.

Паводле Фёдара Паўлючэнкі, пік атакі прыйшоўся на мінулую сераду, калі ў краіне праходзіла "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".

"Сумненьняў у тым, хто арганізаваў атаку ў нас няма. Улада ў Беларусі даўно перайшла на адкрыта крымінальныя мэтады - як на вуліцы, так і ў сеціве", - лічыць дырэктар сайту.

Дырэктар сайту Фёдар Паўлючэнка дзякуе ўсім, хто адгукнуўся, прапанаваў дапамогу, проста турбаваўся. «Такая падтрымка і салідарнасьць для ўсіх нас важныя як ніколі», -- кажа ён.

Тым часам, калі сёньня зайсьці на адрас charter97.eu, карыстальнік пабачыць афіцыйны сайт Аляксандра Лукашэнкі.

22 і 23 чэрвеня на сайт «Эўрапейскага радыё для Беларусі» вялася DDoS-атака. Сайт радыё па адрасе euroradio.fm не адчыняўся, паколькі перагружаны запытамі. Аднак чытаць сайт можна па адрасу euroradio.by.

Галоўны рэдактар «Эўрарадыё» Віталь Зыблюк: «Атака пачалася 22 чэрвеня прыкладна ў 19 гадзін 15 хвілінаў. Запыты былі ў асноўным з расейскіх сэрвэраў і расейскіх кампутараў. Атака працягваецца да гэтага часу».

DDoS-атака (ад ангельскага Distributed Denial of Service — разьмеркаваная адмова ў абслугоўваньні) — адзін зь відаў атакі на кампутарную сыстэму. Яе мэта — давесьці сыстэму да адмовы і стварыць такія ўмовы, пры якіх карыстальнікі ня могуць атрымаць доступ да рэсурсаў, альбо ўскладніць доступ да іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG