Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ патрабуе ад Куляшова пакараць тых, хто вінаваты ў парушэньні правоў журналістаў


Грамадзкае аб’яднаньне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" патрабуе неадкладна правесьці службовы разбор з прычыны масавага парушэньня прафэсійных правоў журналістаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў падчас мірнай акцыі 22 чэрвеня, высьветліць тых, хто вінаваты ў парушэньні правоў журналістаў, і прыцягнуць іх да адказнасьці.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловым лісьце БАЖ да міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова "з нагоды гвалтоўных перашкодаў прафэсійнай дзейнасьці беларускіх журналістаў 22 чэрвеня".

У лісьце адзначаецца, што падначаленыя міністра "не зьвяртаюць увагі ні на прафэсійны статус журналістаў, ні на нормы беларускага заканадаўства" і "дэманстратыўна ігнаруюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь".

Журналісцкая арганізацыя таксама патрабуе ад Куляшова і яго ведамства выбачыцца перад пацярпелымі журналістамі. Патлумачыць супрацоўнікам органаў унутраных спраў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, згодна зь якім журналіст мае права "прысутнічаць у раёнах збройных канфліктаў альбо надзвычайных сытуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадзка важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю". І давесьці да службовых асобаў і іншых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, што "журналісты падчас масавых акцыяў, як і супрацоўнікі міліцыі, выконваюць свае прафэсійныя абавязкі".
XS
SM
MD
LG