Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ праверыць банкі на выпадак пазыковага крызісу


Камітэт банкаўскага нагляду Эўразьвязу абвясьціў аб уключэньні ў патрабаваньні да правадзімых цяпер стрэс-тэстаў амаль 90 вядучых эўрапейскіх банкаў, на долю якіх прыходзіцца ў цэлым дзьве траціны банкаўскіх актываў ЭЗ, адзнак іх ўстойлівасьці ў выпадку рэзкага абвастрэньня пазыковага крызісу ў некаторых краінах Эўропы - у першую чаргу, Грэцыі.

Пазыковы крызіс у Эўропе доўжыцца ўжо паўтара гады, аднак такога роду рызыкі да гэтага часу ў стрэс-тэстах банкаў не ўлічваліся. Упершыню сэрыя стрэс-тэстаў банкаў - на вызначэньне іх ўстойлівасьці да магчымага рэзкага пагаршэньня эканамічнай кан'юнктуры - была арганізавана ў Эўразьвязе ў ліпені 2010 году. Тады тэсты не прайшлі ўсяго 7 банкаў з 91: 5 банкаў з Гішпаніі, і па адным з Нямеччыны і Грэцыі.

Сярод тых, што не прайшлі стрэс-тэсты, не было тады ніводнага банку з Ірляндыі, банкаўскую сыстэму якой, падтрыманую пасьля краху ў краіне рынку нерухомасьці ў асноўным крэдытамі Эўрапейскага цэнтральнага банку, зараз ратуюць за кошт сродкаў антыкрызіснага фонду ЭЗ.

У канцы мінулага году міністры фінансаў краінаў Эўразьвязу вырашылі, што стрэс-тэсты вядучых банкаў рэгіёну павінны праводзіцца штогод.
XS
SM
MD
LG