Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пачынаюць вывад войскаў з Аўганістану


Інтэрвію Барака Абамы карэспандэнту «Голасу Амэрыкі» Андрэ дэ Нэшнэра
Інтэрвію Барака Абамы карэспандэнту «Голасу Амэрыкі» Андрэ дэ Нэшнэра
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвясьціў, што траціна амэрыканскіх войскаў будзе выведзеная з Аўганістану на працягу бліжэйшых 18 месяцаў. Ён таксама заявіў, што Вашынгтон і яго саюзьнікі па НАТА ў значнай меры выканалі свае мэты, перамогшы «Аль-Кайду» і спыніўшы наступ талібаў. У інтэрвію карэспандэнту «Голасу Амэрыкі» Андрэ дэ Нэшнэра прэзыдэнт ЗША адказаў на пытаньні пра вывад войскаў з Аўганістану, пэрспэктывах прымірэньня і гэтай краіне і ролі Пакістану ў рэгіёне.

Голас Амэрыкі: Вы толькі што абвясьцілі скарачэньне колькасьці войскаў ЗША ў Аўганістане. Як аўганскі народ успрымае гэтае рашэньне?

Абама: У 2009 годзе я абвясьціў, што мы пашлём дадатковых 30 тысяч салдат, і наша мэта была вельмі канкрэтнай: мы зьбіраліся зьбіць наступальны імпэт талібаў, якія бралі пад кантроль усё новыя рэгіёны Аўганістану.

Мы казалі, што скарыстаем час, каб пераканацца, што аўганскія сілы бясьпекі дастаткова падрыхтаваныя, каб даць бясьпеку сваёй краіне. За гэты час былі падрыхтаваныя дадатковыя 100 тысяч аўганскіх салдатаў, такія гарады, як Кандагар і Гільмэнд, былі вызваленыя з-пад кантролю талібаў.

Калі мы выведзем 10 тысяч салдат да канца гэтага году і яшчэ 23 тысячы да канца наступнага лета, то мы вернемся да таго ўзроўню вайсковай прысутнасьці, які быў у 2009 годзе. Потым мы працягнем вывад войскаў, па меры таго, як будзе ўмацоўвацца аўганскае войска, і зьбіраемся завяршыць гэты вывад да 2014 году. Мы спадзяемся, што і пасьля гэтага мы будзем падтрымліваць шчыльныя сувязі з аўганскім народам і аўганскім урадам. Мы спадзяемся, што будзем рэалізоўваць там эканамічныя праграмы і праграмы разьвіцьця.

Голас Амэрыкі: Як Вы прымалі гэтае рашэньне, на падставе якіх чыньнікаў?

Абама: Гэта былі кансультацыі з генэралам Дэвідам Пэтрэўсам (камандуючым сіламі ЗША ў Аўганістане), з камандзірамі на месцах, з аўганскім урадам. Ключавое пытаньне палягала ў тым, каб знайсьці балянс: каб аўганскі народ зразумеў, што мы хочам сувэрэннага Аўганістану, бясьпечнага Аўганістану – і чым больш самі аўганцы будуць несьці адказнасьць за гэта, тым лепш будзе для ўсіх – і ў той жа час мы не зьбіраемся сысьці адтуль так хутка, каб пакінуць аўганцаў сам-насам зь іх праблемамі.

Мы хочам пераканаць аўганцаў у тым, што мы працягваем быць добрымі партнэрамі ў гарантаваньні іх бясьпекі, але мы таксама хочам паслаць ім сыгнал: «Урэшце гэта ваша краіна, і вы будзеце несьці за яе адказнасьць".

Голас Амэрыкі: А Вы ня думаеце, што частка аўганскага грамадзтва ўспрыме Вашае рашэньне як уцёкі?

Абама: Я так ня думаю. Мы кажам аб вывадзе 10 тысячаў салдатаў да канца гэтага году, пра яшчэ 23 тысячы – да канца наступнага лета, але 68 тысячаў амэрыканскіх салдатаў застануцца там, у дадатак да войскаў іншых партнэраў па кааліцыі. Так што там застанецца істотная вайсковая прысутнасьць, але мы пасылаем сыгнал, што аўганцы паступова павінны прымаюць на сябе ўсё больш адказнасьці.

Голас Амэрыкі: Безумоўна, калі кажуць пра Аўганістан, кажуць і пра Пакістан. Цяпер, калі мы пачынаем вывад войскаў з Аўганістану, цэнтар увагі зараз ссоўваецца ў бок Пакістану?

Абама: Я думаю, што акцэнт ссунуўся на Пакістан два гады таму. Экстрэмісцкія элемэнты ўзялі пад кантроль памежны раён і давалі прытулак «Аль-Кайдзе», адкуль яна рыхтавала напады на Аўганістан. Такім чынам, мы імкнуліся ўмацаваць супрацоўніцтва з Пакістанам. Сытуацыя была няпростай, але ў цэлым Пакістан супрацоўнічае з намі ў нашых разьведных намаганьнях дзеля збору інфармацыі, у нашых ўдарах па пэўных мэтах на тэрыторыі Пакістану. Мы лічым, што ні адна краіна не пацярпела ад тэрарыстычных нападаў больш, чым Пакістан. Такім чынам, гэта цалкам у іх уласных інтарэсах. Мы думаем, што Пакістан мае законную ролю як частка працэсу прымірэньня. Пакістан ня толькі нясе адказнасьць, але і мае глыбокую зацікаўленасьць у барацьбе з тэрарыстычнымі элемэнтамі, якія ўсё яшчэ дзейнічаюць на іх тэрыторыі.

Голас Амэрыкі: Але як Вы плянуеце «рамантаваць» нядаўняе пагаршэньне адносінаў паміж Ісламабадам і Вашынгтонам?

Абама: Відавочна, што апэрацыя па ліквідацыі Ўсамы бін Лядэна стварыла дадатковую напружанасьць, але я заўсёды даваў Пакістану вельмі ясна зразумець, што калі мы яго знойдзем, мы яго зьнішчым. Мы лічым, што калі Пакістан прызнае пагрозу яго сувэрэнітэту, якая сыходзіць ад экстрэмістаў на яго тэрыторыі, то няма ніякіх прычын, чаму мы ня можам працаваць сумесна, каб пераканацца, што ЗША, Пакістан і Аўганістан маюць агульныя інтарэсы ў сфэры бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG