Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На наступную акцыю прыйду з сябрамі»


У сераду, 22 чэрвеня, у розных рэгіёнах краіны падчас маўклівых акцыяў пратэсту былі затрыманыя каля 300 чалавек. У прыватнасьці, 18 — у Берасьці, 25 — у Слуцку, 15 — у Жодзіне, а таксама ў Маладзечне, Ваўкавыску, Горадні, Пінску, Смалявічах, Віцебску, Рэчыцы — усяго ў больш як 30 абласных гарадах і райцэнтрах.

Як абыходзіліся ўлады з затрыманымі? Як рэагавалі людзі на тое, што адбылося? Гэта высьвятлялі сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

CАЛІГОРСК


Затрыманыя на акцыі скардзяцца ў пракуратуру

4-я па ліку сустрэча жыхароў Салігорску на акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» скончылася ўчора затрыманьнямі 15 чалавек. Як мяркуе тутэйшая грамадзкая актывістка Ларыса Насановіч, мясцовыя міліцыянты сачылі за найбольш вядомымі сябрамі апазыцыі і затрымлівалі іх прэвэнтыўна:

«Мяне затрымалі ў 18:45 і не на плошчы, а каля будынка Салігорскага райвыканкаму. Прыпыніўся міліцэйскі „бобік“, выбеглі два міліцыянты і сталі мяне цягнуць у сваю машыну. Зразумела было, што яны канкрэтна мяне пільнавалі. І адразу адабралі мабільны тэлефон, каб не магла паведаміць нават родным пра затрыманьне».

Суразмоўца ўдакладняе, што 22 чэрвеня ў Салігорску міліцыянты затрымалі агулам 15 чалавек:

Насановіч: «Віктара Малочку затрымалі ў 18:30 на ганку крамы. Ён разам з жонкай і малым сваім дзіцем накіроўваўся менавіта ў краму. Дзіця было ў калясцы. Падбеглі міліцыянты, закруцілі рукі за сьпіну Віктару й адвезьлі яго ў Салігорскі РАУС».

Прыкладна такім жа чынам міліцыянты затрымлівалі грамадзкіх актывістаў Сьвятлану і Ўладзімера Шылаў, Паўла Батуева, маладафронтаўца Андруся Тычыну, а таксама праваабаронцу Леаніда Мархотку. Іх трымалі ў пастарунку дзьве гадзіны. Кожнага міліцыянты прымусілі даваць пісьмовыя тлумачэньні.

Сёньня, як сьведчыць Ларыса Насановіч, практычна кожны з затрыманых напісаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў у мясцовую пракуратуру.

Насановіч: «Ну, калі цябе хапаюць зь дзіцем на руках, а дзіця грудное яшчэ, яму ўсяго восем месяцаў, дый з жонкай, то міжволі мужчына будзе бараніць сваю сям’ю. Інакш жа проста нельга.

Я таксама абураная. Нічога ж не парушала. Не абмежаваная ў сваіх правах, не падазроная ў ніякай крымінальнай справе… Зь якой прычыны раптоўна спыняюць на вуліцы, марнуюць мой час і нават тэлефон адбіраюць, каб нікому не паведаміла?!».

Горадня


Новая тэндэнцыя: на акцыі прыходзяць п’яныя правакатары

Пасьля сацыяльнай акцыі на Гарадзеншчыне ўсіх затрыманых адпусьцілі ў той самы дзень.

Гэтым разам у Горадні ў сацыяльнай акцыі на Савецкай плошчы бралі ўдзел каля 500 чалавек. Улады сьпехам зладзілі на плошчы канцэрт мясцовай капэлы, сябры БРСМу хадзілі з чырвона-зялёнымі сьцягамі.

Міліцыянты затрымалі 12 чалавек, пры тым, што мінулым разам — болей за 30. Ізноў апытвалі, бралі адбіткі пальцаў, праводзілі прафіляктычныя размовы і ўрэшце адпускалі. Адзін з удзельнікаў акцыі адзначае новую тэндэнцыю: сярод затрыманых былі людзі ў нецьвярозым стане.
Складалася ўражаньне, што спэцыяльна затрымлівалі тых, хто быў нападпітку, каб потым казаць, што на плошчах зьбіраюцца людзі ў нецьвярозым стане

Спадар: «І неяк дзіўна яны сябе паводзілі ў пастарунку, бо да іх нават ніхто не чапляўся, іх потым таксама адпусьцілі з усімі. Складалася ўражаньне, што гэта маглі быць правакатары, ці спэцыяльна затрымлівалі тых, хто быў нападпітку, каб потым казаць, што на плошчах зьбіраюцца людзі ў нецьвярозым стане».

Ліда


У Лідзе ўдзел у акцыі бралі звыш 70 чалавек. Адзін з затрыманых адмовіўся аддаваць міліцыянтам мабільны тэлефон. Яго пабілі, была нават кроў. Але потым адпусьцілі з пастарунку разам з усімі, не складаючы пратаколу.

Адзін з удзельнікаў акцыі кажа, што тыя, хто прыйшоў на плошчу ўпершыню, былі вельмі зьдзіўленыя паводзінамі міліцыі.

Спадар: «Большасьць людзей не разумелі, чаму яны ня маюць права выйсьці на плошчу і проста стаяць. Было зьдзіўленьне і шок, калі іх пачалі цягнуць у міліцыю…».

Бярозаўка


У невялічкай Бярозаўцы Лідзкага раёну ў акцыі ўзялі ўдзел больш за 30 чалавек, 19 зь іх былі затрыманыя. Цікава, што некаторых вялі ў пастарунак пешшу, бо не хапіла месца ў машыне. Працэдура ў пастарунку была стандартная: апыталі, зьнялі адбіткі пальцаў, правялі прафіляктычную гутарку і адпусьцілі.

Я запытаўся ў аднаго з удзельнікаў — ці не спалохаліся маладыя людзі затрыманьня?

Спадар: «Напачатку быў заўважны такі эфэкт, але пазьней усе ўпэўнена адказвалі, ніхто асабліва не баяўся, а дзяўчаты дык наагул баявыя былі, сьмяяліся і жартавалі над міліцыянтамі».

Слонім і Наваградак


У Слоніме на цэнтральнай плошчы сабралася больш за 50 чалавек. Міліцыянты падагналі машыны і аўтобус, правяралі дакумэнты, але нікога не затрымлівалі. У Наваградку таксама абышлося без затрыманьняў.

ВІЦЕБск


Да наступнай серады ў рэгіёны вернуцца студэнты

Учора ў Віцебску на акцыю «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» сабралася больш за 200 чалавек. Плошча Перамогі па пэрымэтры была ачэплена міліцыянтамі, якія не прапускалі мінакоў — тлумачылі, што там адбываецца рэпэтыцыя імпрэзаў да Дня горада.

Наведнікі незалежнага сайту «Народныя навіны Віцебску» паведамілі, што яшчэ да пачатку акцыі каля плошчы стаяў аўтобус, куды міліцыянты заводзілі затрыманых для праверкі дакумэнтаў. Але зьвестак пра тое, каб кагосьці з затрыманых завезьлі ў пастарунак, няма.

Затое вядома, што некаторых моладзевых актывістаў затрымлівалі прэвэнтыўна. Гаворыць кіраўнік віцебскай «Моладзі БНФ», адзін з ініцыятараў стварэньня суполкі грамадзкіх арганізацыяў «Вольны шлях» Аляксандар Кузьняцоў, які так і ня трапіў на плошчу:

«Выйшаў з дома, прайшоў за суседні. Падыходзяць два спэцназаўцы, у форме, назваліся і кажуць: „Аляксандар Сяргеевіч? Вы падобны да злачынцы, які скраў сумку. Пойдзем у машыну, разьбярэмся“. Толькі я за тэлефон, а мне забараняюць: „Пачакайце, пакуль вы падазраваны, вы нікому тэлефанаваць ня можаце“. Размаўляюць ветліва і сьмяюцца».

У міліцэйскай машыне спадару Кузьняцову давялося правесьці дзьве гадзіны, пакуль міліцыянты «разьбіраліся», што рабіць з «падазраваным». Дайшло нават да шчырых размоваў з супрацоўнікамі міліцыі:
Міліцыянт: «Ды зьбярыце вы болей людзей, і мы з вамі таксама ў ладкі папляскаем»..

«Кажа адзін, што, я, маўляў, самы небясьпечны ў моладзевым асяродку Віцебску, і таму загадана не пускаць мяне на плошчу, каб там не было ніякіх правакацыяў. Кажу: «Дык у мяне ж пры сабе нават няма нічога!». А другі кажа: «Ды зьбярыце вы болей людзей, і мы з вамі таксама ў ладкі папляскаем!».

Акцыя ў Віцебску скончылася супольнымі аплядысмэнтамі больш як дзьвюх соцень удзельнікаў. Гэтаксама як і ў райцэнтры Мёры, дзе «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» прайшла ўпершыню і на Плошчы загінулых барацьбітоў сабраліся ўсяго тры чалавекі. Распавядае Кастусь Шыталь, які зьбіраў зьвесткі для незалежнага сайту westki.info:

Мёры і Глыбокае


«Упершыню была акцыя ў Мёрах, прыйшлі тры чалавекі, міліцыянты таксама падрыхтаваліся: падагналі мікрааўтобус-„аўтазак“. У Глыбокім акцыю на плошчы пільнавалі двое міліцыянтаў, у тым ліку адзін з кіраўнікоў Глыбоцкага РАУС. Акцыя была на цэнтральнай плошчы, гэта былы рынкавы пляц, цяпер побач месьціцца райвыканкам. Было ўсяго 8 удзельнікаў».

11 чалавек упершыню сабраліся на акцыю ў райцэнтры Гарадок. Згодна з інфармацыяй у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», у наступную сераду ў рэгіёнах чакаецца больш удзельнікаў: на вакацыі масава прыедуць студэнты.

БАРЫСАЎ


«Прыйду на наступную акцыю сам і сяброў прывяду»

Сёньня актывіст АГП Міхаіл Васільеў удакладніў для «Свабоды», што акцыя, арганізаваная ў межах суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», скончылася найвялікшымі сярод іншых рэгіянальных гарадоў затрыманьнямі — пад гвалт міліцыі трапілі 40 чалавек:

«Пасьля складаньня пратаколаў усіх затрыманых учора адпусьцілі. Але, акрамя складаньня пратаколаў, людзям яшчэ давалі падпісваць паперку пра тое, што яны ня будуць удзельнічаць у масавых мерапрыемствах. Хто не праходзіў дактыляскапію, у тых адкатвалі пальчыкі, таксама гэтых людзей фатаграфавалі. Таму будзем падаваць скаргу ў пракуратуру.

Падпісваць дадатковыя паперкі — гэта парушэньне. Таму што існуе Закон аб масавых мерапрыемствах. Але ж учора ў Барысаве была затрымана маці разам са сваім трохгадовым дзіцем. Гэта — грубае парушэньне».

Па словах суразмоўцы, парушэньні законных правоў грамадзянаў крыўдзяць нават тых, хто ня лічыць сябе апазыцыянэрам. Міхаіл Васільеў кажа пра рост салідарнасьці з удзельнікамі акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Меркаваньне нашага суразмоўцы:

«Я ведаю людзей, якія выходзілі ў мінулую сераду — яны ня лічаць сябе апазыцыянэрамі. Але зараз адзін зь іх заявіў мне: «За тое, што мяне груба затрымалі і пакрыўдзілі, я прыйду на наступную акцыю асабіста й сваіх сяброў прывяду».


На Гомельшчыне акцыя «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» прайшла ў пяці буйнейшых гарадах — Гомелі, Жлобіне, Сьветлагорску, Мазыры, Калінкавічах. Міліцыя па-рознаму ставілася да прагулкі моладзі й дарослых.

Мазыр


У Мазыры а 19-й гадзіне на плошчы Леніна сабралася каля сотні мінакоў, пераважна маладога ўзросту. Яны нічога не рабілі, стаялі купкамі, размаўлялі, фатаграфаваліся на мабільныя тэлефоны. Мясцовыя міліцыянты надзвычай нэрвова рэагавалі на прагулку гараджанаў. Уся плошча была ачэплена міліцыянтамі і супрацоўнікамі спэцслужбаў — нават з боку ракі Прыпяць.

Прамэнад у Мазыры.
Апавядае адзін з удзельнікаў прамэнаду:

«Прыйшоў нейкі лейтэнант і пытаецца: «Што вы тут робіце?». Кажу: «Што, ня бачыце — размаўляем». «А чаму вы размаўляеце?». Адказваю: «Добрае пытаньне. Можа, сказаць яшчэ, пра што?» І тут намесьнік начальніка міліцыі падбягае: «Вы ня маеце права тут стаяць! Ці затрымаць вас за непадпарадкаваньне?». Кажу: «А зь якой такой радасьці?» — «Тут замініравана — адыдзіце адсюль!».

Людзі адыходзілі на 15–20 мэтраў, але міліцыянты не сунімаліся. Урэшце сталі пад рукі забіраць маладзёнаў і старэйшых — каго ў аўтазак, а каго ў міліцэйскія «Жыгулі». Агулам затрымалі 21 чалавека.

Затрымалі й мясцовага праваабаронцу Ўладзімера Целепуна, які завітаў на плошчу пры канцы акцыі:

«Міліцыя ў разгубленасьці. Яна, мусіць, хацела правесьці выхаваўчую гутарку. У маладых узялі адбіткі пальцаў, пашпартныя зьвесткі і па чарзе адпускалі. Калі мяне прывезьлі, міліцэйскія начальнікі казалі маладым: «Вось ён атрымлівае гранты, ён вас падбухторвае». Тыя адказвалі, што мяне ня ведаюць. Я іх таксама ня ведаю, бо ня ўдзельнічаю. Я наагул спазьніўся, у мяне й сьведка ёсьць — старшы лейтэнант КДБ з Мазырскага аддзелу Васіль Прыходзька. У мяне спыталі: ці буду здаваць адбіткі пальцаў? Я кажу: «Калі прымусова будзеце браць — бярыце, а добраахвотна я не жадаю».

Затрымліваюць Уладзімера Целепуна і Рыгора Крывіцкага.

У пастарунку спадар Целяпун зрабіў заўвагу міліцыянтам, што ў затрыманых рабілі выманьне асабістых рэчаў — барсэтак, фотаапаратаў, пакетаў, сумак — без панятых і складаньня пратаколаў. Праваабаронцу хутка выправілі за дзьверы.

Гомель


У Гомелі перад акцыяй мясцовыя ўлады закрылі плошчы Леніна й Паўстаньня. Быў забаронены праход і праезд. Плошча Паўстаньня была запоўнена пустымі аўтобусамі. А вакол плошчы Леніна стаялі жалезныя турнікеты, міліцыя й спэцназаўцы Акурат тут у папярэднія серады й зьбіраліся мінакі на маўклівую акцыю «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі».

Гэтым разам на цэнтральную плошчу вывелі дзьве роты супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, розную пажарную тэхніку. Адбывалася нешта накшталт трэніроўкі па страявой хадзьбе, вітаньні камандзіраў.

Мінакі, што сабраліся на акцыю — а было іх некалькі сотняў — зьдзіўляліся: чаму МНС, а не вайсковыя падразьдзяленьні? Усе-ткі дата незвычайная: 22 чэрвеня 70 гадоў таму пачалася вайна:

«Якаясьці паказуха ладзіцца, штучна прыдуманае мерапрыемства нібыта да 22 чэрвеня, пачатку вайны. Чамусьці МНС сюды прыгналі. Чаму ня армію, не міліцыю? Спэцыяльна, штучна арганізаванае мерапрыемства».

Гаворыць малады чалавек, спадар Зьміцер: «Я мяркую, што гэта зроблена адмыслова. Бачачы, як перакрыта плошча Паўстаньня аўтобусамі, проста забіта аўтобусамі, як перакрыта гэтая плошча — гэта проста зроблена, каб людзі не зьбіраліся».

Тым часам сквэр Кірылы Тураўскага, што прымыкае да плошчы Леніна, напаўняўся ўсё новымі і новымі людзьмі. І ня толькі маладымі. Людзі час ад часу дружнымі воплескамі суправаджалі вялую трэніроўку падразьдзяленьняў выратавальнікаў.
Людзям цікава стаяць: і міліцыі багата, і гледачы з усіх бакоў.

Грамадзкі актывіст спадар Юры так пракамэнтаваў забаўную сытуацыю:

«Людзі ўсё адно сабраліся — ці там, ці тут, якая розьніца. Нічога ім не перашкодзілі. Наадварот, людзям цікавей стаяць. І міліцыі багата, і гледачоў з усіх бакоў. Людзям сумна жыць без імпрэз. Калі справа вясёлая — людзі пагаджаюцца заўсёды. А калі вясёлая ды яшчэ бяз рызыкі — удвая цікавей. Людзі зьбіраюцца, надвор’е добрае. Адначасова гэта й выказваньне сваёй пазыцыі, паралельна гэта адбываецца. Такое „фэ“ рэжыму».

Воклічамі й воплескамі сустрэлі ўдзельнікі імпрэзы выхад зь перакрытай міліцыяй плошчы ў сквэр маладых юнакоў і дзяўчат бээрэсэмаўскага выгляду з афіцыйнымі сьцягамі. Выглядала гэта досыць пацешна. Тыя выстраіліся ў сквэры ля стэндаў з ваеннымі фатаздымкамі й адзінокім мужчынам сярэдняга веку, адзетым у форму лейтэнанта часоў вайны. Але паўгадзіны ўжо мінула, вясёлая акцыя скончылася — і ў сквэры засталіся пераважна спэцназаўцы ды сёй-той зь мінакоў. На плошчы ж у гэты час па-ранейшаму вяла тупалі выратавальнікі.


Сьветлагорск, Жлобін, Калінкавічы


Прагулка маўклівых адбылася 22 чэрвеня ў Сьветлагорску, Жлобіне, дзе на плошчу выйшла да паўсотні чалавек. І толькі ў Калінкавічах на маўклівую акцыю выйшаў адзін чалавек. Міліцыя яго затрымала дзеля гутаркі, але прозьвішча не паведаміла.

БЕРАСЬЦЕ


Калі прэзыдэнт вітаў вэтэранаў, моладзь супрацьстаяла міліцыі

Учора ў Берасьці Аляксандар Лукашэнка кіраваў урачыстасьцю ў крэпасьці, а ў цэнтры гораду людзі ладзілі дэмакратычную акцыю. Калі прэзыдэнт вітаў вэтэранаў, актыўная моладзь супрацьстаяла міліцыянтам дружнымі воплескамі. Аднак 18 чалавек былі затрыманыя. У іх перапісалі пашпартныя дадзеныя і ўзялі адбіткі пальцаў, таксама іх сфатаграфавалі. Не судзілі пакуль нікога. Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін мае сваю ацэнку гэтай лагоднасьці ўладаў:

«Нягледзячы на тыя перашкоды, што чынілі ўлады ў сувязі з урачыстымі мерапрыемствамі з нагоды пачатку вайны, яны, аднак, не сарвалі нам гэтае мерапрыемства, акцыя атрымалася шматлюдная. Як мне ўяўляецца, на сёньня кіраўніцтва Беларусі ў асобе Аляксандра Лукашэнкі адчувае сябе вельмі няўпэўнена. І менавіта таму ён не знаходзіцца стала ў сваёй рэзыдэнцыі ў Менску, а, як гаворыцца, шастае ў рэгіёнах. І мяркуецца, што ён будзе зьяжджаць зь Менску часьцей… Чаму? Думайце самі».

Па дадзеных праваабарончага цэнтру "Вясна", у сераду 22 чэрвеня ў розных рэгіёнах былі затрыманыя 227 чалавек. Практычна ва ўсіх іх бралі адбіткі пальцаў, кожнага сфатаграфавалі. Да судоў справа не дайшла. Вось некаторыя прозьвічшы затрыманых

  • Шульжыцкі Уладзімер, Маладэчна;
  • Малярчук Уладзімер, Вілейка
  • Наркевіч Алесь, Вілейка
  • Кулеш Міхась, Вілейка
  • Чарапан Аляксей, Вілейка
  • Салавей Сяргей, Жодзіна,
  • Равінская Вікторыя, Жодзіна,
  • Шурхай Зміцер, Берасьце
  • Мішкоў Ігар, Берасьце
  • Вакуленка Сяргей, Берасце
  • Ільін Міхаіл, Берасцеь
  • Банцар Ігар, Гародня,
  • Бузук Яўген, Гародня,
  • Саенка Аляксандар, Гародня,
  • Фралоў Андрэй, Гародня,
  • Кавальчук Аляксандар, Мазыр,
  • Трафімык Сяргей, Бярозаўка,
  • Насановіч Ларыса, Салігорск,
  • Шыла Уладзімер, Салігорск,
  • Шыла Святлана, Салігорск,
  • Батуеў Павал, Салігорск,
  • Мархотка Леанід, Салігорск,
  • Тычына Андрусь, Салігорск,
  • Мацкевіч Алег, Барысаў,
  • Панямонаў Андрэй, Бярозаўка
  • Карпенка Сяргей, Ліда, моцна збіты
  • Саблеў Яўген, Смалявічы,
  • Драгун Ягор, Смалявічы
  • Краўчэня Алесь, Баранавічы
  • Шчыракова Ларыса, Гомель
  • Целяпун Уладзімер, Мазыр
  • Сяргей Павел, Маладэчна,
  • Лагвіновіч Ян, Маладэчна,
  • Бадзін Аляксандр, Маладэчна,
  • Мураўёў Глеб, Маладэчна,
  • Атрахімовіч Мікалай, Маладэчна,
  • Чурылін Сяргей, Маладэчна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG