Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: «Людзей зьбівалі ні за што…»


Больш за 460 чалавек былі затрыманыя ў розных гарадах Беларусі падчас акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». У Менску ў міліцэйскія пастарункі трапілі больш за 220 чалавек, некаторых моцна зьбілі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Таксама былі затрыманыя журналісты, якія асьвятлялі акцыю. Паводле розных ацэнак, у акцыі 22 чэрвеня ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Чаму ўлады так адрэагавалі на акцыю маўчаньня? Якія вынікі яна мела?

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі адзначае, што акцыя была мірнай. Масавыя затрыманьні ён называе грубым парушэньнем беларускага заканадаўства.

«Назваць людзей, якія выходзяць на вуліцу і проста ходзяць, проста стаяць і проста пляскаюць у ладкі, дэманстрантамі ці людзьмі, якія парушаюць грамадзкі парадак, не атрымліваецца. Нават па гэтым драконаўскім беларускім заканадаўстве аб сходах і мітынгах. Улады проста пераступілі празь беларускія законы, празь міжнародныя пагадненьні ў галіне правоў і свабодаў чалавека і гвалтам вырашылі спыніць акцыю. Мабыць, яны напалоханыя тым, што з кожным разам размах гэтых мірных пратэстаў становіцца ўсё большым і павялічваецца геаграфія. Улады разгубленыя ў гэтай сытуацыі, і адзіны адказ, які яны знаходзяць, — гэта прымяненьне грубай фізычнай сілы. Шмат людзей было зьбіта. Вось гэта і ёсьць крымінальнае злачынства, калі людзей зьбіваюць ні за што, проста так».
Вось гэта і ёсьць крымінальнае злачынства, калі людзей зьбіваюць ні за што, проста так.

Паводле юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, улады, затрымліваючы журналістаў, якіх прымушалі сьцерці відэазапісы, спрабавалі не дапусьціць асьвятленьня ў мэдыях дзеяньняў міліцыі:

«Артыкул 34 закону аб СМІ дае права журналістам знаходзіцца на месцы грамадзка значных падзеяў. А перашкоды журналісцкай дзейнасьці — гэта адміністратыўнае правапарушэньне, а ў шэрагу выпадкаў нават расцэньваецца як крымінальнае злачынства. Сёньня закон парушаюць менавіта тыя асобы, якія тэарэтычна павінны стаяць на яго ахове».

Сярод удзельнікаў маўклівай акцыі фактычна не было вядомых палітыкаў, апроч экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Спадар Някляеў адзначае, што гэта абсалютна новы фармат пратэсту для Беларусі і найперш для ўладаў. Але ўлады абралі стратэгію, якая ўпісваецца ў агульныя паводзіны рэжыму.

«Вынікае, што Лукашэнка не зьбіраецца рабіць рэформаў ні палітычных, ні эканамічных. Ён не зьбіраецца рэфармаваць краіну і не зьбіраецца мяняць сутнасьць сваёй улады, а значыць, не зьбіраецца мяняць самога жыцьця людзей. Ён пастанавіў, што рэформы прывядуць да страты ўлады, а ўтрымаць яе можна толькі празь сілавы варыянт. Вось ён яго нам учора і прадэманстраваў».

Спадар Някляеў адзначае, што такі «несупраціўны супраціў», без транспарантаў і лёзунгаў, мае сэнс. Магчыма, палітыкам у гэта і ня трэба ўмешвацца. Спадар Някляеў адзначае, што ніхто нават не адбіваў тых людзей, якіх забіралі міліцыянты, як гэта звычайна здараецца на Плошчы:

«А тут стаяць, і чым міліцыянты гэта энэргічней робяць, тым большыя аплядысмэнты, тупат большы: мы вас возьмем вось так, нічога з вамі ня робячы, мы тут вас пакладзем і згонім вас з гэтай зямлі».

Сустаршыня аргкамітэту «Народнага сходу» Віктар Івашкевіч мяркуе, што трэба скіраваць працу на тое, каб да гэтых пратэстаў далучыліся і тыя, хто не чытае інтэрнэт.

«У дадзенай сытуацыі, калі ініцыятары кажуць пазбавіцца апазыцыйнай сымболікі і просяць палітыкаў ня лезьці зараз і не ўзначальваць, то трэба слухацца гэтых прапаноў. А ня проста лезьці туды папіярыцца, што я тут таксама вось стаю. Пасьля 3 ліпеня застанецца ўсяго тры месяцы да „Народнага сходу“, і я думаю, што ўсе гэтыя плыні злучацца. І вось на „Народным сходзе“ ўжо будуць падымацца арганізатарамі і лёзунгі, і сьцягі, і патрабаваньні. І там патрэбныя будуць выказваньні апазыцыйных лідэраў па ацэнцы сытуацыі і фармуляваньне патрабаваньняў да ўлады».
Гэтыя акцыі вельмі патрэбныя, бо яны награваюць грамадзкі пратэставы настрой.

Масавыя затрыманьні, паводле спадара Івашкевіча, — гэта спроба ўладаў застрашыць удзельнікаў пратэсту. Але гэта прыводзіць толькі да азлабленьня людзей.

«Гэтыя акцыі вельмі патрэбныя, бо яны награваюць грамадзкі пратэставы настрой. І яны даюць прышчэпку ад страху людзям, якія раней ня ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах. Дае практыку супрацьстаяньня з уладай, якая гатовая душыць усё, што дыхае. У гэтым сэнсе, як мабілізацыйная кампанія, яна вельмі карысная».

У прэсавай службе менскай міліцыі пакуль не пракамэнтавалі ўчорашнія падзеі, не падалі ніякай інфармацыі пра тое, колькі людзей, у тым ліку і журналістаў, было затрымана 22 чэрвеня, за што іх затрымлівалі.

Старшыня Беларускага славянскага камітэту, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян лічыць, што арганізатары "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" павінны былі падаць заяўку на яе правядзеньне. Бо калі зьбіраецца больш за тры чалавекі — гэта ўжо акцыя.

Сяргей Касьцян

"Я лічу, што калі на малацэ апячэсься, то на халодную ваду падзьмеш. Гэта вельмі правільна. Я, напрыклад, браў удзел у Брэсцкай крэпасьці ў акцыі "Памяць". Ішлі туды людзі. А гэта было дзьве гадзіны ночы. Маладыя мужчыны несьлі на плячах туды ў крэпасьць сваіх сынкоў, дачушак. І вядома, што бясьпека ў такіх выпадках павінна захоўвацца. Лепей перагнуць, каб тады было найлепш выпрамляць. Таму ўсё было зроблена правільна для таго, каб ня здарылася тое, што было на станцыі мэтро "Кастрычніцкая". Усё было зроблена правільна. А калі нейкія маладыя людзі зьбіраліся там, дзе не прадугледжана, і калі б нешта зь імі здарылася, то хто б за гэта адказаў? Вядома, што галава дзяржавы і органы бясьпекі. Таму зьбірацца ўсе павінны былі там, дзе гэта трэба".

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі Ўладзімер Здановіч так выказаўся адносна ўчорашняй акцыі:

Ўладзімер Здановіч

"Я лічу, што гэта надзвычай дурная акцыя. Любое парушэньне дысцыпліны і парадку ў нашым грамадзтве павінна карацца па ўсіх правілах закону".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG