Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Білі брутальна, па нагах, па руках, разьбілі камэру


Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч

Паводле паведамленьняў удзельнікаў акцыі ў інтэрнэце, сярод затрыманых і зьбітых – 19 журналістаў, у тым ліку карэспандэнт “Свабоды” Алег Грузьдзіловіч. У пачатку дзявятай гадзіны вечара мы дазваніліся да Алега ў міліцэйскі аўтобус, дзе ён знаходзіўся пасьля затрыманьня.

Абламейка: Алег, як з вамі абыходзіліся падчас затрыманьня, дзе вы цяпер знаходзіцеся?

Грузьдзіловіч: Зараз знаходжуся ў аўтобусе, большасьць міліцыянтаў адсюль выйшла на ўсякія заданьні -- мяркуючы зь перамоваў па рацыі, кідаюцца то ў адно месца, то ў другое, то на плошчу Свабоды, то куды ў іншае месца. Некага яны затрымліваюць, прыводзяць сюды, але калі затрымліваюць, то вельмі брутальна. Білі па нагах, па руках, вось я бяз тапка зараз. Павялі, кінулі на падлогу, білі, зьбівалі, лаяліся матам.

Абламейка: Такім чынам, ніхто не зьвяртаў увагу на тое, што вы -- журналіст, вас проста зьбілі падчас затрыманьня?

Грузьдзіловіч: Так, зьбілі, я крычаў. Кіраваў гэтым усім сам палкоўнік Яўсееў. Толькі што мне ў вакно перадалі тапак мой: знайшлі тапак, які пры затрыманьні зьнік. Сам палкоўнік Яўсееў выбіў у мяне камэру, зламаў мікрафон і загадаў двум міліцыянтам мяне зацягнуць. Я адмовіўся ісьці. Тады мяне проста чацьвёра ўзялі за рукі, за ногі і панесьлі ў аўтобус. Я быў першы, фактычна, затрыманы. Тое што, “я журналіст” крычаў, і крычаў “Дапамажыце”, ніяк ня дзейнічала, не спыняла іх.

Абламейка: Якія ў вас пашкоджаньні, як вы сябе адчуваеце?

Грузьдзіловіч: Ну, пашкоджаньняў вялікіх няма. Ужо зараз я сябе нармальна адчуваю, але на падлозе давялося паляжаць, пад ботамі міліцэйскімі давялося пабыць. Тут у нас ужо карэспандэнт БелаПАН затрыманы, яшчэ чатыры чалавекі. Двух зь іх калі заводзілі, проста вялі, зьбіваючы, у аўтобус, а потым ужо ў самім аўтобусе -- больш-менш нармальна. Спачатку нам не дазвалялі сесьці на лаўкі, трымалі ў праходзе, зараз ужо дазволілі сесьці нармальна. У прынцыпе, тут ужо ідзе размова паміж затрыманымі і міліцыянтамі. Ідзе размова, калі гэта ўсё скончыцца і колькі трэба, каб выйшла людзей, каб гэта ўсё закончылася. Самі міліцыянты кажуць: “Вось калі, як у 91-ым годзе, выйдзе сто тысяч рабацяг, тады гэта закончыцца, а пакуль мы мусім таксама выконваць загады”.

Абламейка: Як вы ацэньваеце агулам тое, што адбылося на плошчы? Колькі было людзей? Як паводзілі сябе ўлады, гарадзкое кіраўніцтва?

Грузьдзіловіч: Мяркуючы па тым, што адбылося пазьней, пасьля майго затрыманьня, і тое, што я ўбачыў, як яно адбылося, я зараз зрабіў выснову, што міліцыя атрымала загад брутальна спыніць такога кшталту мірныя акцыі, каб запужаць людзей, бо напярэдадні, калі мы ўзгадаем, быў загад Куляшову. Яму Лукашэнка сказаў, што “яшчэ раз дазволіш такую акцыю і, пэўна, апынесься без пагонаў”, таму ён проста аддаў загад сваім падначаленым ня стрымлівацца ні ў чым. І яны так дзейнічалі. Тое, як мяне затрымалі, якраз пра гэта сьведчыць. Я стаяў каля гэтага плоціка жалезнага і проста здымаў. Падышоў адзін міліцыянт, сказаў, каб я адышоў, не замінаў людзям. Я наадварот сказаў, што я стаяў не на дарозе людзей, калі я адыду, то якраз буду замінаць. І ў гэты момант ён мяне адпіхнуў, і тут падбег палкоўнік Яўсееў, і пачалася вось гэта бойка. Забралі, зламалі камэру, і мяне павялі. То бок яны адразу былі нацэленыя на тое, каб пры найменшай пагрозе, што здымаюць, яны людзей забіраюць, журналістаў. Такі быў, відаць, загад: лавіць людзей, каб не было ніякай карцінкі. Першае патрабаваньне тым, хто затрыманы, каго прыводзяць у аўтобус, гэта сьцерці з тэлефонаў усё, што было запісана: відэа, фота, -- усё сьцерці. Вось мне зараз ужо загадваюць спыніць размову. Я мушу спыніць зараз размову, таму што...

А палове на дзясятую вечара Алег Грузьдзіловіч быў вызвалены зь міліцыі.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

Гутарка з Алегам Грузьдзіловічас, 22 чэрвеня 2011 году

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG