Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Зьмітра Бандарэнку паклалі на лячэньне ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Зьміцер Дашкевіч прапанаваў кіраўніцтву сьледчага ізалятару наняць перакладчыка зь беларускай мовы. Алесь Атрошчанкаў атрымаў 35 паштовак, некаторыя не прапусьціла турэмная цэнзура. Сяргей Казакоў трапіў у Бабруйскую калёнію.

На 15 ліпеня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі, асуджанага Першамайскім судом Менску на 2 гады зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка. Актуальным застаецца пытаньне здароўя вязьня. 22 чэрвеня Вольга Бандарэнка сустракалася зь лекарам ізалятара на Валадарскага, ад якога даведалася, што мужа паклалі для лячэньня ў рэспубліканскі турэмны шпіталь:

«На дадзены момант вядома, што нарэшце пачаўся рух, яго спачатку паклалі ў мэдычную частку, а потым у рэспубліканскі турэмны шпіталь. Пра гэта мне паведамілі сёньня ў ізалятары, калі я здавала лекі для Дзьмітрыя. Шпіталь, дарэчы, цяпер знаходзіцца на тэрыторыі ізалятара на Валадарскага, бо на Кальварыйскай будынак закрылі».

У лісьце дамоў Зьміцер Бандарэнка напісаў пра свае сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі Валадаркі. Зь ліста вынікае, што вязьню пэўны час прапаноўвалі перавод у калёнію да разгляду касацыйнай скаргі. Зьміцер Бандарэнка настойваў на тым, каб яго пачалі па-сапраўднаму лячыць яшчэ да пераводу ў калёнію, дзе мэдычнае абслугоўваньне вязьняў значна горшае. Паводле Вольгі Бандарэнкі, лекар з Валадаркі ў размове зь ёй прызнаў, што Зьмітру тэрмінова патрэбная апэрацыя.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, якога трымаюць у Жодзінскім СІЗА, меў размову з начальнікам калёніі па апэратыўна-рэжымнай працы, які заявіў актывісту, што ня мае права размаўляць па-беларуску. Калі Дашкевіч адказаў, што паводле Канстытуцыі гэта дзяржаўная мова, яму было заяўлена, што ён аднабакова інтэрпрэтуе Канстытуцыю і абавязаны размаўляць па-расейску. У адказ на гэта Зьміцер Дашкевіч параіў кіраўніцтву турмы наняць перакладчыка зь беларускай мовы, паведамляе сайт «Маладога фронту».

Арцёма Грыбкова, асуджанага на 4 гады зьняволеньня, дагэтуль трымаюць у ізалятары на Валадарскага. Раней зьявілася інфармацыя, што вязьня ўжо адправілі ў Бабруйскую калёнію, але гэта не пацьвердзілася. Зь ліста ягоная сяброўка Святлана Юронак даведалася, што ў турме Арцём захварэў:

«Захварэў ён там. Піша, што баліць галава, насмарк, кашаль. Сам лечыцца. Якія ёсьць таблеткі, тым і лечыцца».
Піша, што баліць галава, насмарк, кашаль. Сам лечыцца. Якія ёсьць таблеткі, тым і лечыцца.

Вязень калёніі «Віцьба-3» Алесь Атрошчанкаў паведаміў, што атрымаў некалькі дзясяткаў паштовак ад людзей, якія выказалі яму салідарнасьць. Жонка Алеся Дар’я Корсак распавяла:

«Ёсьць такі праект pashtouka.org. Там можна ў электронным выглядзе запоўніць паштоўку, якую потым надрукуюць і адправяць вязьням. І вось Саша напісаў, што ўжо 30 ці 40 паштовак атрымаў, і толькі 4 яму не перадалі, бо ў іх было нешта, як сказалі, «што зьневажае дзейны палітычны лад».

Экс-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту і фундацыі імя Адэнаўэра Ганс-Герт Пётэрынг заявіў, што будзе падтрымліваць палітвязьня Алеся Кіркевіча, асуджанага на 4 гады пазбаўленьня волі за падзеі 19 сьнежня.

22 чэрвеня былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч зрабіў тэлефонны званок з калёніі ў Шклове сваёй грамадзянскай жонцы Марыне Адамовіч. «Галоўная навіна, што ён дагэтуль у карантыне. Настрой у яго добры. Можа хаця б дыхаць сьвежым паветрам», — паведаміла «Свабодзе» Марына Адамовіч.

Асуджаны за Плошчу Сяргей Казакоў трапіў для адбыцьця пакараньня ў Бабруйскую калёнію № 2, паведаміла «Свабодзе» маці вязьня са спасылкай на паведамленьне з калёніі. Пра сына Ганна Віктараўна распавяла, што той зараз перажывае праблему асабістага характару: яго пакінула дзяўчына.

«Проста яна была зь ім мінулыя тры месяцы, і пісала, і перадачы перадавала, а потым рэзка зьнікла. А потым мне Сяргей сказаў на спатканьні, што яна бярэ шлюб», — распавяла маці Сяргея Казакова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG