Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хэзэр Макгіл: Сьпіс беларускіх вязьняў сумленьня можа папоўніцца


Хэзэр Макгіл

Хэзэр Макгіл

Мы зьвязаліся з Хэзэр Макгіл, экспэртам Amnesty International у справах Беларусі, каб даведацца, чаму ў сьпісе беларускіх вязьняў сумленьня, які склала гэтая праваабарончая арганізацыя, колькасьць прозьвішчаў значна меншая за колькасьць чалавек, якія былі засуджаныя на турму пасьля пратэсту 19 сьнежня 2010 году.

РС: У Беларусі 32 асобы былі засуджаныя на турэмныя тэрміны ў сувязі з пасьлявыбарчым пратэстам у сьнежні. Amnesty International называе прозьвішчы толькі 12 чалавек з гэтай групы як вязьняў сумленьня. Ці вы маглі б гэта пракамэнтаваць?

Макгіл: Так. Каб назваць кагосьці вязьнем сумленьня, нам трэба спачатку дакладна ўведаць, што гэтыя асобы рабілі падчас дэманстрацыі 19 сьнежня. Нам трэба ўпэўніцца, што гэтыя асобы не зрабілі ніякага крымінальнага правапарушэньня, што яны не чынілі гвалту ў нейкі спосаб або не заклікалі да гвалту. Гэта патрабуе ад нас вельмі строгай праверкі, што гэтыя людзі там рабілі, таму што абставіны былі складаныя. Быў вялікі натоўп, пад 30 тысяч чалавек, і была малая група на чале гэтага натоўпу, якая пачала ўрывацца ў Дом ураду. Некаторыя людзі кажуць, што гэтая малая група складалася з правакатараў. Ці гэта праўда, ці не, мы ня можам сьцьвярджаць упэўнена, але шмат хто з дэманстрантаў пацягнуўся за гэтай групай і далучыўся да яе. Так што нам трэба спачатку ўпэўніцца, што людзі, якіх мы аб’яўляем вязьнямі сумленьня, не зрабілі ніякага правапарушэньня.

РС: У сваім прэс-рэлізе вы кажаце, што пакуль што ў вашым сьпісе вязьняў сумленьня 12 чалавек. Ці гэта значыць, што вы працягваеце расьсьледаваньне і што гэты сьпіс можа папоўніцца?

Макгіл: Калі мы атрымаем больш інфармацыі пра іншых, якіх няма ў нашым сьпісе, дык гэты сьпіс можа пабольшыцца. Мы просім людзей прысылаць нам інфармацыю, мы яе правяраем і толькі тады дадаем новыя прозьвішчы ў сьпіс.

РС: Ці вы маглі б растлумачыць нам розьніцу ў тэрмінах «вязень сумленьня» і «палітзьняволены»?

Макгіл: Для нас вязень сумленьня -- гэта нехта, каго засудзілі за выказваньне сваіх меркаваньняў ці то пра палітыку, ці то пра свой сацыяльны статус або этнічнае паходжаньне, і хто не дапусьціўся ніякага гвалту. Мы патрабуем, каб такія асобы былі неадкладна і безумоўна вызваленыя.

РС: Каб атрымаць статус вязьня сумленьня, трэба сядзець у турме? Асобы, якія атрымалі турэмныя прысуды з адтэрміноўкай, не кваліфікуюцца ў гэтую катэгорыю?

Макгіл: Не. Мы, зразумела, просім скасаваць іх прысуды. Але на такія асобы насамрэч не накладзеныя сур’ёзныя абмежаваньні. Тых, хто быў пад хатнім арыштам, мы лічылі вязьнямі сумленьня, таму што яны не маглі пакінуць свайго дому і зь імі былі афіцэры КГБ, якія іх пільнавалі. Так што гэта была безумоўна форма зьняволеньня. Асобы, якія атрымалі турэмныя прысуды з адтэрміноўкай, ня могуць пакінуць Менску, але на іх не накладзена ніякіх іншых значных абмежаваньняў.
XS
SM
MD
LG